Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ МІЛІЦЫЯ ПРАВОДЗІЦЬ АДМЫСЛОВУЮ АПЭРАЦЫЮ “ПОБЫТ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

З чаго пачынаецца сямейная сварка? З грубага слова, з лаянкі, абразы, якіх тым больш, чым больш выпіта гарэлкі. Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што толькі за першыя тры месяцы году ў сямейных скандалах загінулі 33 чалавекі, 150 былі параненыя. Рост пабытовай злачыннасьці — гэта калі злачынствы адбываюцца ў сем’ях — складае ў сельскай мясцовасьці 44% за год. Буйныя гарады недалёка адсталі ад вёсак. Толькі ў Менску зафіксавана больш за тысячу кватэраў-прытонаў. У іх усе члены сям’і п’юць, а сумесныя гулянкі часта заканчваюцца бойкамі, а то і крыміналам.

Для барацьбы з гэтымі зьявамі міліцыя і праводзіць адмысловую апэрацыю “Побыт”. Участковым загадана абысьці крымінагенныя сем’і, праверыць паводзіны алькаголікаў, якія стаяць на адмысловым уліку. Жорсткія рэкамэндацыі атрымалі й супрацоўнікі раённых аддзелаў міліцыі. Ім раяць не адкладаць завядзеньня адміністрацыйных справаў на сямейных хуліганаў, пра якіх паведамілі пакрыўджаныя сваякі. Звычайна міліцыянты ў падобных выпадках чакаюць некалькі дзён, бо ў палове выпадкаў свае заявы пакрыўджаныя забіраюць. Цяпер міліцыянтам далі дазвол дзейнічаць хутка і рашуча.

Падобная апэрацыя — ужо другая ад пачатку году. Атрымліваецца, што першая не дала станоўчых вынікаў, калі яе вырашана тэрмінова паўтарыць. У міліцыі, канечне, гэтак ня лічаць. У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў мне заявілі, што першая апэрацыя “Побыт” прайшла даволі вынікова, на ўлік паставілі 18 тысяч сямейных дэбашыраў. Але зьява, зь якой мы змагаемся, — кажуць міліцыянты, — маштабная, хутка яе не пераадолець.

А што думаюць пра эфэктыўнасьць барацьбы міліцыі з пабытовай злачыннасьцю простыя жыхары беларускіх пасёлкаў? Я патэлефанаваў знаёмай — Вандзе Курловіч з пасёлку Гатава пад Менскам.

(Курловіч: ) “Цяпер міліцыянты прыяжджаюць толькі як каго заб’юць, а на бойку і не прыяжджаюць. Лічыцца, што нічога не адбылося. Дзіўлюся, што на некалькі вёсак, на некалькі шматпавярховых дамоў адзін усяго участковы. Як жа ён можа пра ўсё ведаць?”

(Карэспандэнт: ) “А вы свайго ўчастковага ведаеце, сустракаліся зь ім?”

(Курловіч: ) “Ведаю толькі, што ёсьць такі, але асабіста не сустракалася, да нас ён не даходзіў ні разу”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, цяпер дойдзе”.

(Курловіч: ) “Рэч яшчэ ў тым, што зашмат у гэтых участковых пісаніны, усялякай непатрэбнай працы. Вось і не атрымліваецца, як раней, калі ўчастковы ведаў асабіста кожнага на сваім ўчастку”.

Мая суразмоўніца лічыць крыніцай сямейных скандалаў беспрацоўе і п’янства. Паводле яе назіраньняў, раней усе ішлі на працу, а цяпер шмат людзей, асабліва моладзі, бадзяецца ў пасёлку бяз справы. “Больш стала моладзі, якая да свайго жыцьця ставіцца абыякава. П’юць і п’юць. Іх ніякая міліцыя ня спыніць”, — лічыць Ванда Курловіч з Гатава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG