Чаму многія людзі сталага веку скептычна ставяцца да каштоўнасьцяў дэмакратычнага грамадзтва? Чаму пра савецкае мінулае шмат хто зь сёньняшніх пэнсіянэраў згадвае як пра самы шчасьлівы кавалак свайго жыцьця? Адказ на гэтыя пытаньні — у лістах-споведзях многіх нашых слухачоў. Адзін з такіх лістоў даслаў нам днямі Ўладзімер Стрэчань з Украіны, з гораду Чарнаўцы. Слухач піша:
“Зь вялікай увагай ужо некалькі гадоў безь перапынку слухаю вашы перадачы. Пад іх уплывам адчуваю сябе так, нібы зноў апынуўся сярод сваіх, беларусаў. Сам я беларус, нарадзіўся ў вёсцы Паланечка Берасьцейскай вобласьці. Жыў на радзіме да сканчэньня дзесяцігодкі, а потым — куды партыя загадвала. Ужо 25 год жыву ва Ўкраіне, але родную мову і сваю Беларусь не забываю. Пад уплывам вашых перадачаў задумаўся: калі я на працягу свайго жыцьця быў найбольш свабодным? Як ні круці, але выходзіць — было гэта за часы Савецкага Саюзу. Я быў свабодны ў тым, што мог выбраць сабе прафэсію, мог бясплатна навучацца ў любой ВНУ, мог выбраць працу з высокай зарплатай, мог купляць ежу па вельмі нізкіх цэнах. Больш складана было выехаць за мяжу. Але, калі меў грошы, то і гэтага можна было дабіцца. (Сам езьдзіў, ведаю.)
Увогуле, я зразумеў, што сапраўдную свабоду маюць краіны Заходняй Эўропы. А што цяпер маюць такія, як я, у так званай “свабоднай” Украіне ад прэзыдэнта Кучмы? Толькі кучу клопатаў. Ён усталяваў так званы “спажывецкі кошык” — 365 грыўняў на чалавека. А самая вялікая пэнсія пасьля апошніх падвышэньняў — 200 грыўняў. Пры цяперашніх нястрымных цэнах на гэтыя грошы тыдні два працягнеш, а потым выходзь на вуліцу ды станавіся з працягнутай рукой. Так што цяпер я свабодны: магу ехаць, куды хачу, есьці, што захачу, апранацца хоць ад Кардэна... Але за што? Дзе ўзяць грошы?”
Дыскутаваць з вамі, спадар Стрэчань, адначасова і проста, і складана. Якой была тая свабода савецкага ўзору, аб якой вы пішаце? Вы згадваеце пра даступную вышэйшую адукацыю? А я нагадаю пра тысячы зламаных лёсаў, калі студэнтаў выкідвалі з інстытутаў з так званым “воўчым білетам” толькі за тое, што яны цішком чыталі Салжаніцына альбо пісалі лісты ў абарону палітвязьняў. Вы пішаце пра магчымасьць уладкавацца на высокааплатную працу? А мільёны былых савецкіх калгасьнікаў памятаюць дахрушчоўскі час, калі ім за цяжкую працу не плацілі ні капейкі, і пры гэтым не давалі пашпартоў, каб не маглі зьехаць зь вёскі (па сутнасьці гэта быў прыгон савецкага кшталту). Вы нагадваеце пра вельмі таннае харчаваньне? А я нагадаю пра парожнія харчовыя крамы, карткі на цукар і масла, чэргі па каўбасу, у якіх гадзінамі прастойвалі сотні людзей. У Расеі, каб купіць вараную каўбасу, людзі з Калугі, Тулы, Смаленску ехалі за сотні кілямэтраў у Маскву — тыя “электрычкі” так і называлі — “каўбасныя”.
Што да паездак за мяжу, то нават калі вам за некалькі месяцаў удавалася сабраць дзясяткі даведак, характарыстык і рэзалюцыяў, то на заключным этапе пільны райкамаўскі сакратар мог палічыць нямэтазгоднай вашую паездку ў Баўгарыю на той, напрыклад, падставе, што ваш бацька жыў на акупаванай тэрыторыі альбо вы былі недастаткова актыўным на камсамольскім сходзе, дзе абмяркоўвалі кнігу Леаніда Ільіча “Малая Зямля”.
Але пры ўсім гэтым, спадар Стрэчань, нельга не разумець вас і не спачуваць вам і мільёнам іншых пэнсіянэраў на постсавецкай прасторы. Эпоха пераменаў супала з часам, калі вам выпала адыходзіць ад актыўнага жыцьця, калі позна нешта мяняць. Новы час адкрывае шмат магчымасьцяў для маладых і дужых, і гэта зусім нармальна, што ўзрастае асабістая адказнасьць чалавека, што ён самастойна можа зарабіць сабе на годнае жыцьцё. Ненармальна тое, што абдзеленымі й пакрыўджанымі засталіся сталыя людзі, увесь разьлік якіх — на жабрацкія дзяржаўныя пэнсіі. Ці трэба зьдзіўляцца, што пра савецкае мінулае яны ў такіх умовах згадваюць як пра найлепшы пэрыяд свайго жыцьця.
Кароткі Ліст ад Рамана Зіноўева зь Лёзна. Слухач піша:
“Думаю, наўрад ці знойдзецца ў Беларусі высокапастаўлены чыноўнік, які адважыцца самастойна прыняць рашэньне аб адмове ад нацыянальнай валюты і ўвядзеньні расейскага рубля. Гэта ж дзяржаўная здрада. Беларускія дэпутаты ня дурні, каб пайменна прагаласаваць па гэтым пытаньні — яны разумеюць, што іх потым па судах зацягаюць. Указу прэзыдэнта на гэты конт таксама няма. Так што ў выпадку чаго за ўсё давядзецца адказваць Пятру Пракаповічу. Калі ў Беларусі зьменіцца прэзыдэнт, за гэта будуць судзіць як за цяжкое злачынства”.
У сёньняшняй Беларусі, спадар Зіноўеў, ёсьць толькі адзін высокапастаўлены чыноўнік, ад якога залежыць вырашэньне такіх прынцыповых для дзяржавы пытаньняў як лёс нацыянальнай валюты. Ніхто іншы, апроч Аляксандра Лукашэнкі, у беларускай дзяржаве такіх рашэньняў не прымае і прыняць ня можа. Адпаведна, і адказнасьць будзе несьці выключна ён. Зь іншага боку, калі меркаваць па апошніх выказваньнях Аляксандра Лукашэнкі, незалежнасьцю Беларусі ён больш гандляваць не зьбіраецца, і ўвогуле, лічыць цяпер прапановы наконт далучэньня да Расеі недапушчальнымі. Хоць у другой палове 1990-х гадоў, калі заканчвалася эпоха Ельцына, Аляксандар Лукашэнка абяцаў расейцам ісьці ў аб’яднаньні настолькі далёка, наколькі гатовы да гэтага маскоўскі Крэмль.
Алесь Станкевіч з Горадні ў сваім лісьце разважае пра тое, ці здольная нядаўняя прэзыдэнцкая дырэктыва супрацьстаяць масаваму п’янству. Слухач піша:
“П’юць цяпер у Беларусі столькі, што не параўнаць нават з брэжнеўскімі застойна-запойнымі часамі. Мы ўжо ў некалькі разоў пераўзышлі той небясьпечны ўзровень, за якім пачынаецца выміраньне народу. Але ў дырэктыве Лукашэнкі гэтай катастрафічнай зьяве чамусьці нададзена вельмі мала ўвагі. Патрэбныя не агульныя словы пра дысцыпліну і парадак, а тэрміновы дэкрэт (які б меў сілу закону) аб барацьбе з п’янствам і самагонаварэньнем. Можна ўзяць нямала добрага і з колішняй гарбачоўскай пастановы на гэтую тэму. Яна прынесла станоўчы вынік, хоць былі тады і перагібы ( вынішчэньне вінаграднікаў). Канечне, гэта мае і недахопы — скарачаюцца даходы бюджэту ад продажу алькаголю.
А як у нас змагаюцца з тытунём? Ды ніяк. Цыгарэты ў Беларусі значна таньнейшыя, чым у суседніх краінах. Хоць даўно неабходна падняць на іх кошты. Словам, патрэбны жорсткі дэкрэт, а не мяккая дырэктыва”.
На добры лад, спадар Станкевіч, дык дзяржава павінна жыць паводле адпаведным чынам распрацаваных і прынятых законаў, а не пасьпешных і сумнеўных дырэктыў і дэкрэтаў, прынятых аднаасобна. Што ўласна да праблемы п’янства, якая, сапраўды, набыла вялізныя маштабы. Улада не наважваецца ні падвысіць цэны на алькаголь, ні забараніць выпуск алькагольных сурагатаў, ні абмежаваць продаж сьпіртнога. Аляксандар Лукашэнка, відавочна, непакоіцца, што гэта істотна зьнізіць ягоны рэйтынг (аналёгіі з колішняй гарбачоўскай пастановай тут самыя непасрэдныя). Ды і страты для бюджэту будуць сур’ёзныя.
Камэнтуючы сваю дырэктыву, прэзыдэнт казаў пра тое, што аматары выпіць павінны будуць разьлічвацца за сваю згубную звычку працоўнымі месцамі. Але беспрацоўны п’яніца для грамадзтва — зусім ня меншая праблема, чым п’яніца на працоўным месцы.
На заканчэньне ліст ад Алеся Пазьняка зь мястэчка Сянно Віцебскай вобласьці. Слухач піша:
“Зламаўся мой стары прымач. Адслужыў сваё: у маладосьці яго слухаў яшчэ мой бацька. Паехаў я ў Віцебск па новы. Зайшоў ва ўнівэрмаг, у аддзел тэхнікі й электронікі. Бачу: ёсьць некалькі відаў прымачоў менскага заводу “Гарызонт”. Запытаўся ў прадаўшчыцы пра кошт і магчымасьці кожнага.
— А навошта вам, што зьбіраецеся слухаць? — пытаецца.
— Як што? “Свабоду”, нямецкія станцыі, — разгубіўся я.
— Нашыя прыёмнікі патрэбных вам хваляў ня ловяць. Бырыце лепш правадное радыё.
— Чаму? — зьдзівіўся я.
— У прэзыдэнта спытайце, — буркнула жанчына.
З кароткай размовы я здагадаўся, што, напэўна, паступае загад не прадаваць прымачоў, якія ловяць заходнія станцыі. Такім чынам, з аднаго боку, абмяжоўваецца доступ народу да інфармацыі. А з другога, гэта эканамічны ўдар па рабочых заводу “Гарызонт”. Паважаныя беларусы, паспрабуйце спытаць і вы ў крамах свайго гораду пра магчымасьці радыёпрымачоў. Адказ, думаю, будзе такі ж, як і ў маім выпадку”, — напісаў Алесь Пазьняк зь мястэчка Сянно Віцебскай вобласьці.
У нас, спадар Пазьняк, няма інфармацыі пра нейкі адмысловы загад наконт утойваньня прыймачоў альбо інфармацыі наконт іхных магчымасьцяў. Магчыма, у вашым выпадку мела месца непаразуменьне альбо трапілася недасьведчаная прадаўшчыца. У кожным разе, калі на паліцах у краме сапраўды былі кароткахвалевыя прымачы, вы сам, папрасіўшы інструкцыю, маглі б спраўдзіць, ці ёсьць там патрэбны вам дыяпазон хваляў.
А ўвогуле, апошнім часам вытворчасьць кароткахвалевых прымачоў беларускай і расейскай вытворчасьці рэзка скарацілася, а на некаторых заводах увогуле спынілася. На саміх прадпрыемствах тлумачаць гэта зьніжэньнем попыту з прычыны даволі высокіх коштаў пры ня надта высокай якасьці. Кошт прымача айчыннай вытворчасьці амаль зраўняўся з коштам значна больш якасных аналягаў вядомых заходніх фірмаў.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сьцяпан Зух са Смаргоні, Мікалай Слуцкі і Аксана Новікава зь Менску, Васіль Самусевіч зь вёскі Вішнявец Стаўпцоўскага раёну, Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.