Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЭЦІ ДЗЕНЬ ЗАХОЎВАЕЦЦА НАПРУЖАНАЯ СЫТУАЦЫЯ ВА ЎЗБЭКІСТАНЕ


Валер Каліноўскі, Прага

Пасьля тэрактаў у Ташкенце і Бухары ўлады Ўзбэкістану пачалі кампанію з мэтай выявіць і зьнішчыць усе тэрарыстычныя групоўкі, паведаміў прадстаўнік МЗС краіны Ільхам Закіраў. Аднак баявікі аказваюць супраціў. Сёньня раніцай адбылася перастрэлка спэцыяльных падразьдзяленьняў з баевікамі за 15 кілямэтраў ад Ташкента, каля рэзыдэнцыі ўзбэцкага прэзыдэнта Іслама Карымава.

У гэтым баі было забіта прынамсі 20 баявікоў, загінула тры паліцыянты.

У Ташкенце ў жылых кварталах чуліся выбухі ў кватэрах, дзе паліцыя рабіла затрыманьні падазроных у дачыненьні да тэрактаў. Адзін зь іх пад час пагоні падарваў сябе ў машыне.

У Ташкенце ўчыненыя беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі: узмоцненае патруляваньне вуліц, пачаліся праверкі на дарогах, абмежаваны доступ у горад, зачыненыя ўсе дзіцячыя садкі. Прэзыдэнт Карымаў стварыў адмысловую ўрадавая камісія па расьсьледаваньні апошніх падзеяў.

Агенцтва Associated Press паведамляе пра два напады на ўзбэцкую паліцыю ў нядзелю і панядзелак, пад час якіх тры супрацоўніка загінулі. Пазьней адбыліся яшчэ дзьве самагубчыя бомбавыя атакі, у выніку якіх акрамя тэрарыстак загінула тры паліцыянты і дзіця.

Пакуль ніхто не ўзяў адказнасьці за тэракты, але ўлады Ўзбэкістану ўпэўненыя, што іх арганізавалі ісламскія экстрэмісты. Пра гэта ў прыватнасьці заявіў у тэлезвароце да нацыі прэзыдэнт Іслам Карымаў:

(Карымаў: ) “Калі мы адсочым апошнія падзеі адна за адной і паспрабуем зрабіць высновы, то я павінен сказаць, што ўсе гэтыя атакі былі загадзя вельмі добра сплянаваныя і падрыхтаваныя, ва ўсіх аспэктах, менавіта за мяжой. Падтрымка экстрэмістам прыйшла ад іншаземных цэнтраў, якія маюць шмат грашовых сродкаў і магчымасьцяў”.

Карымаў абвінаваціў ісламскіх экстрэмістаў у тым, што яны дэстабілізуюць сытуацыю ў краіне, правакуюць страх і паніку сярод людзей.

Ён лічыць, што выканаўцы апошніх тэрактаў зьвязаныя з забароненай ісламскай групоўкай Hezb ut-Tahrir. Аднак прадстаўнікі гэтае арганізацыі ў Вялікай Брытаніі адмовіліся ад адказнасьці за тэракты ва Ўзбэкістане, асудзілі забойствы нявінных грамадзянаў і заявілі, што не падтрымліваюць гвалт, выступаючы за мірнае стварэньне ісламскіх дзяржаваў у Цэнтральнай Азіі.

Тэракты ва Ўзбэкістане ўжо асудзілі ЗША, Расея і Кітай. У Таджыкістане, Казахстане і Кыргызстане ўзмоцненыя захады бясьпекі на межах з Узбэкістанам.

Паводле міністра замежных справаў Узбэкістану Садыка Сафаева, апошнія тэракты мелі на мэце падарваць удзел краіны ў антытэрарыстычнай кааліцыі.

(Сафаеў: ) “Сёньня мы можам сказаць, што гэта былі спробы разбурыць міжнародную антытэрарыстычную кааліцыю, і мэты абіраюцца не выпадкова”.

Узбэкістан аказваў падтрымку кампаніі ЗША ў Аўганістане, прадстаўляў амэрыканскім вайскоўцам свае базы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG