Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУЖЧЫНА І ЖАНЧЫНА: ЗЬМЕНЫ Ў СТАСУНКАХ


Сьвятлана Курс, Менск

Мужчыны і жанчыны жывуць упобачкі нязьменна, і гэтак жа нязьменна зьмяняецца гісторыя іхных дачыненьняў. Этноляг Наста Гулак, выкладніца Ўнівэрсытэту культуры, ілюструе хуткаплыннасьць зьменаў наступным агульнавядомым прыкладам:

(Гулак: ) “Яшчэ 20–30 гадоў таму дзяўчына, якая нарадзіла дзіця бяз штампу ў пашпарце, была паўсюдна асуджаная”.

Наста Гулак дасьледавала вобраз жанчыны ў фальклёрных крыніцах. Яе аповед:

(Гулак: ) “Танклявая, стройная, параўноўваецца звычайна з арабінай і лілеяй, вішанькаю ў садочку. Чорныя бровы, русыя або чорныя валасы. Рыжы колер не лічыўся прыгожым. Адданая. Чакае гадамі таго, хто зьехаў далёка. Разам з тым падарункі казачэнькі яна адмаўляе, кажа: у мяне ёсьць татачка, ён мне й купіць тое-сёе. Альбо на просьбу напаіць каня, што сымбалічна азначала “стань маёй”, гераіня адказвае: “Я каня паіць ня буду, бо я жонка не твая”.

Зьмяніліся мілосныя стасункі паміж мужчынам і жанчынам. Гэтак, нікога не зьдзіўляе тое, што чалавек прагне кахаць і быць каханым усё жыцьцё, і ў старасьці, і ў шлюбе. Яшчэ ў мінулым, 20 стагодзьдзі, гэта было ня так.

(Гулак: ) “Праяўленьні пяшчоты й замілаваньня — абдымкі, пацалункі, узяцьці за руку — у беларусаў дазваляльныя толькі для моладзі. Калі ж людзі браліся шлюбам, то іхная сфэра любоўных дчаненьняў рабілася табуяванай. Публічна выяўляць мілосьці было не прынята. Узяць хаця бы песьні ад імя замужніцы. У гэтых песьнях ёсьць успаміны пра бацькоўскі дом, пра дачыненьні са сьвякрухаю й сьвёкрам. Але не пачуеце, каб замужніца сьпявала: о, як я кахаю свайго мужа. Нормы маралі гэтага не дазвалялі”.

Усе мы памятаем беларускія казкі, якія пачыналіся так: жылі дзед і баба. І нарадзіўся у іх сыночак (ці дачушка). Калі чытаеш казкі дзецям, тыя дзівуюцца: чаму ў старых бабулі й дзядулі нараджаецца дзіця? Аказваецца, гэтым дзеду й бабе пад 40 год альбо за 40. Проста мараль тых часоў асуджала любошчы гэткіх пажылых людзей, падсьмейвалася зь іх.

(Гулак: ) “Дзед і баба. Каханьне “старых” — гэта аб’ект насьмешкі. Напрыклад: “Павёў дзед бабку й сьпіхнуў з моста ў рэчку, Ідзе дзедка і ў далонькі плешча: “Калі буду жыў-здароў, ажанюся ешча”.

Сьмяшлівых песень і папевак вельмі шмат, кожны можа іх прыгадаць. Напрыклад, пра дзедку, які лупцуе сваю палавінку: “Пабіў бабку, пашчапаў галаву і сьпінку”. Няма тае ўзвышанасьці, якой прасякнутыя песьні й баляды пра каханьне маладых няшлюбных людзей.

“Істотныя зьмены адбыліся ў людзях за 12 гадоў незалежнасьці нашай краіны. Хаця падаецца, што Беларусь гэтак і не адышла ад традыцыяў СССР, на самой справе шмат што няўлоўна, але значна зьмянілася”, — разважае Ніна Стужынская, кіраўніца Беларускай жаночай лігі, гісторык, дасьледніца беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.

(Стужынская: ) “Маю думку напісаць кнігу “Жанчыны ў праекце нацыянальнай пабудовы Беларусі”. Я дагэтуль пісала кнігі пра мужных мужчынаў, элітарных мужчынаў Беларусі. А побач зь імі было шмат жанчын, якіх мы не заўважылі й не надалі ім належнага. Развал Саюзу паспрыяў таму, што жанчына пазбавілася шмат якіх усходніх рысаў, а набыла рысы самадастатковае асобы. Мы бачым больш жанчын адукаваных, падрыхтаваных да змаганьня з рэаліямі. Я думаю, што жанчыны перасталі абслугоўваць посьпех альбо адсутнасьць посьпеху мужчын. І гэта чамусьці зьдзіўляе і ўражвае, хаця працэс нармальны. Краіна ня будзе лепшай, пакуль жанчыны не перастануць жыць у падтанцоўках і падпеўках”.

Зьмены адбыліся і ў інтымнай сфэры жыцьця кабет. Калі ранейуў сэкс-цэнтры са сваімі праблемамі зьвярталіся адно мужчыны, дык цяпер усё актыўней прыходзяць жанчыны, якія ўсьведамілі сваё права на асалоду. Гаворыць Алег Хімко, спэцыяліст Менскага сэксалягічнага цэнтру:

(Хімко: ) “Нашай службе ўжо каля 30 год. Сапраўды, апошнім часам жанчыны сталі зьвяртацца часьцей. На кансультацыйны прыём яны зьвяртаюцца два да аднаго ў адносінах да мужчынаў-наведнікаў. Гэта зьвязана з тым, што жанчыны сталі больш свабоднымі і ўсьведамілі сваё права на асалоду. Мы знаходзімся на піку сэксуальнай рэвалюцыі. І часта гаворыцца пра фэмінізацыю мужчынаў і маскулінізацыю жанчын. Праблема трансролевых паводзінаў існуе. Неабходна гаварыць аб правільным выхаваньні дзіцёнка ў сям’і, на правільных ролевых пазыцыях. Дзяўчынка хай гуляе зь лялькамі, як і заўжды гэта рабіла будучая жанчына, а хлопчык павінны зацьвярджаць сябе як мужчына — дапамагаць бацьку, гуляць у футбол, быць лідэрам”.

Я запярэчыла спадару Хімку: за апошнія гады зьявіліся жанчыны, якія хочуць пасьпяваць і кар’еры, і ў сям’і, і што самае галоўнае, у асабістым росьце й самарэалізацыі. Такія жанчыны адмаўляюцца ад пасіўнасьці й ахвярнасьці. Таму, маўляў, і жанчын трэба з маленства вучыць быць лідэркамі, упраўляцца з кампутарамі, аўтамабілямі, хатняй і вытворчай тэхнікай. Спадар Хімко адказаў:

(Хімко: ) “Такія жанчыны па вялікім рахунку няшчасныя, бо ім даводзіцца кідацца паміж мужчынскім і жаночым пачаткам у сабе, раздвойвацца. Калі жанчына пачынае паводзіць сябе ў ложку, як мужчына, то якая роля тады дастанецца мужчыну? Бо не бывае ж полавага акту, каб абодва партнэры былі зьверху. Мужчына — пачатак актыўны. Па прыродзе так і ёсьць. Хто насьмеліцца спрачацца з прыродай?”

Спадар Хімко лічыць, што жанчына пасіўная і бездапаможная ад прыроды і мае патрэбу ў апецы. Іншыя ж псыхолягі цьвердзяць што пасіўнасьць жанчыны “вывучаная”: грамадзтва прывучыла жанчыну быць бездапаможнай ва ўсім, што датычыць кіраваньня тэхнікай, дзяржавай, фінансавымі плынямі, іншымі людзьмі.

Я папрасіла Надзею Аўсіевіч, вядомую дасьледніцу гендэрных стэрэатыпаў, пракамэнтаваць сьцьверджаньне Алега Хімка:

(Аўсіевіч: ) “Мне вельмі сумна гэта чуць. Гэта нейкае зачараванае кола: “заўсёды так было”. А чаму гэта так было? Таму што гэта было зручна”.

Спадарыня Аўсіевіч лічыць, што старыя, патрыярхальныя адносіны жанчын і мужчынаў выгодныя кансэрватыўным людзям абодвух палоў і не задавальняюць людзей актыўных і сучасных. Спадарыня Надзея думае, што ў няроўнасьці жанчын і мужчынаў вінаватыя й кабеты.

(Аўсіевіч: ) “Напэўна, прасьцей быць нямоглай і вялай “коткай”, каб усю адказнасьць перакладаць на мужчынскія плечы”.

Натальля Кулінка, дасьледніца гендэрнай праблематыкі, аўтар курсу гендэрнай роўнасьці, гаворыць:

(Кулінка: ) “Я не заўважыла, як зьмяніліся жанчыны, але заўважыла, як зьмяніліся мужчыны. Сярод маладых адукаваных мужчынаў стала меней гэтак званага мужчынскага шавінізму. Яны пачынаюць разумець і прымаць жанчыну як роўнага суб’екта. Ім ужо ня сорамна гуляць з уласнымі дзецьмі, хадзіць у краму з торбачкаю, праяўляць пачуцьцё і пяшчоту да дзяцей і жонкі. Гэта робіцца мужчынскімі паводзінамі”.

Андрэй Шэўчык, 25-гадовы выкладчык сэмінараў па гендэрнай роўнасьці й пераадоленьні гендэрных стэрэатыпаў, лічыць, што людзі ў нашай краіне ўсё ж зьмяняюцца занадта марудна:

(Шэўчык: ) “У бальшыні людзі не зьмяняюцца. Бацькі выхоўваюць дзяцей так, як іх выхоўвалі. Тыя ж школы, кіно, літаратура. Адна сотая адсотка маладых людзей могуць успрыняць дзяўчыну як партнэра й сябра, а ня толькі сэкс-аб’ект. Цікава раўнацэнна размаўляць з чалавекам ня толькі свайго полу. Гэта нейкі крыху іншы сьвет. Ты можаш успрымаць інфармацыю, якую яна можа табе даць. Нейкая дзяўчына, можа, хацела бы параіцца з хлапцом, адкрыцца яму, але баіцца, што ён выкарыстае інфармацыю ў нейкіх сваіх мэтах. Калі мужчына ўспрымае жанчыну як сэкс-аб’ект (або наадварот), гэта пазбаўляе адносіны шматкалёрнасьці, тае панарамнасьці. Яе папросту няма”.

Аднак з гэтым сьцьверджаньнем згодныя ня ўсе. Адзін мянчук, наведнік мультымэдыйнай выставы, што заклікала да роўнасьці мужчынаў і жанчын, напісаў у водгуках: “Жанчыны маюць тыя ж правы, што й мужчыны. Навошта мне гэтая праўда, калі яна не мая?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG