Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГІ ЎСЕБЕЛАРУСКІ СХОД ІНТЭЛІГЕНЦЫІ АДБУДЗЕЦЦА 25 КРАСАВІКА


Ганна Соусь, Менск

Другі ўсебеларускі сход інтэлігенцыі адбудзецца 25 красавіка – за дзень да Чарнобыльскага шляху. Як адзначыў старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас, галоўная падзея гэтага году – гэта парлямэнцкія выбары, і ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі павінны кансалідавацца.

Уладзімер Колас зачытаў зварот да інтэлігенцыі Беларусі, у якім прапаноўваецца падчас вылучэньня кандыдатаў і падрыхтоўкі да сходу зьбіраць подпісы за зьмены ў выбарчым заканадаўстве з тым, каб кожны кандыдат змог прывесьці на сход ня менш за сто подпісаў.

(Колас: ) “Запрашаем як мага больш шырокія колы інтэлігенцыі далучыцца да выбараў дэлегатаў на наш сход, вызначыць у кожным рэгіёне тых, хто будзе прадстаўляць інтэлігенцыю таго ці іншага мястэчка, вёскі альбо пасёлка. Ад усіх нас залежыць, наколькі пачуюць слова інтэлігенцыі тыя, хто сёньня пры ўладзе. Мы запросім іх на наш сход, у якім возьмуць удзел і лідэры найбольш буйных палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў.”

Свой пункт гледжаньня на мэты правядзеньня Другога ўсебеларускага сходу беларускай інтэлігенцыі выказаў паэт Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Я супраць таго, каб інтэлігенцыю цягнуць у тую работу, якую могуць зрабіць іншыя. Даруйце, можа я не сабяру 100 подпісаў, але я здаў 2 дні таму назад у выдавецтва кнігу ўспамінаў пра Быкава. Калі яна выйдзе ў такім выглядзе, гэта будзе, паверце мне, для многіх людзей лепш, чым тысячы адозваў і пастановаў. У інтэлігенцыі ёсьць больш балючая і страшная праблема – штодзённа вынішчаецца ўсё беларускае. А калі мы хочам выступаць ад імя інтэлігенцыі, мы павінны крычаць наколькі ёсьць сілаў, што ўсё. Нам засталося мала жыць.”

Дэпутат палаты прадстаўнікоў сябра групы “Рэспубліка” Валер Фралоў прапанаваў на паседжаньні выкарыстаць досьвед Віктара Ганчара пры правядзеньні выбарчай кампаніі. Паводле Валера Фралова, трэба стварыць цэнтральную падліковую камісію, у якую войдуць прадстаўнікі усіх палітычных сілаў, і весьці свой падлік падчас галасаваньня. І калі ў выніку фальсіфікацыяў уладаў, дэмакратычныя кандыдаты ня будуць абраныя, стварыць народны парлямэнт, які будзе сапраўды легітымным, прапаноўвае дэпутат групы “Рэспубліка” Валер Фралоў.

А пісьменьньк Васіль Якавенка выказаў ідэю стварэньня клюбаў інтэлігенцыі.

(Якавенка: ) “Клюбы інтэлігенцыі – гэта будзе больш мякка і дэмакратычна. Людзі ня будуць баяцца туды ісьці, як у партыю. А задача – актывізавацца самой інтэлігенцыі, актывізаваць іншых, і тады на выбарах яны могуць прымаць удзел у камісіях і гэтак далей”.

Падчас паседжаньня намесьнік старшыні партыі БНФ Юры Хадыка прапанаваў прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі падтрымаць кааліцыю “5+“.

(Хадыка: ) “Калі вы ня хочаце ісьці ў партыю, калі гэта кампрамэтуе інтэлігенцыю – далучэньне да БНФ, АГП ці БСДП, і гэта неяк крыўдзіць інтэлігенцыю, то падтрымайце кааліцыю. Кааліцыя – гэта шанец”.

На арганізацыйным паседжаньні Рады беларускай інтэлігенцыі гэтаксама абмяркоўвалася ідэя стварэньня камітэтаў “За сумленныя выбары”, а таксама было прынятае рашэньне правесьці ў сярэдзіне красавіка круглы стол, у якім возьмуць удзел прадстаўнікі інтэлігенцыі Беларусі, Расеі і Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG