Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНА ТАКСАМА МАЕ ПРАБЛЕМЫ З ТРАНЗЫТАМ ПРАЗЬ БЕЛАРУСЬ


Уладзімер Глод, Менск

Скарыстаўшыся магчымасьцю, я спытаўся ў амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Пятра Шапавала, ці ня мае ягоная краіна перашкодаў пры перавозцы грузаў празь Беларусь. На пэўныя недарэчнасьці ў гэтай справе скардзіліся амбасадары шэрагу карінаў, акрэдытаваных у Беларусі, асабліва кіраўнік расейскай дыпляматычнай місіі Аляксандар Блахін. Амбасадар Украіны сказаў, што, на жаль, гэта тычыцца і ягонай дзяржавы.

(Шапавал: ) “Украіна таксама ня ёсьць выключэньнем. А што тычыцца транзытнасьці, дык у пэўнай ступені нашых атрымальнікаў грузаў і прадпрымальнікаў не задавальняе атрыманьне грузаў, разгляд справаў і гэтак далей”.

Беларускія ўлады яшчэ летась увялі норму, паводле якой на тэрыторыю Беларусі нельга ўвозіць больш за 10 кіляграмаў прадуктаў. Таму летась было шмат прыкладаў, калі жыхары Беларусі мусілі выкідаць кавуны, дыні ды іншую гародніну пры пярэсячэньні беларускай мяжы, каб не перавышаць нормы.

Я пацікавіўся ў амбасадара Ўкраіны, ці ня будзе ягоная краіна нейкім чынам ініцыяваць зьмяненьне гэтага правіла, паколькі для Ўкраіны выгадна, каб там куплялі як мага больш гародніны. Спадар Шапавал лічыць, што гэта перадусім беларуская справа:

(Шапавал: ) “Каму патрэбная гародніна? Вашай краіне. Вы ведаеце парадак, кожная краіна абараняе свой рынак. Тое рашэньне, якое прынятае ў вас, у Беларусі, гэта вашае права. Мы дзейнічаем у рамках праўнага поля, тых дамоваў, якія існуюць. Але ў вас, у Беларусі, пастаўленая задача — павялічыць вытворчасьць уласнай гародніны. Можа, у вас ня будзе больш патрэбы ў такой колькасьці. Мне цяжка меркаваць…”

Амбасадар Украіны ў Беларусі падцьвердзіў, што ягоная краіна гатовая прадаваць Беларусі электрычнасьць. Ён дадаў, што адпаведныя перамовы вядуцца на ўзроўні гаспадарчых суб’ектаў абедзьвюх краінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG