Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛААЗЁРСКУ IДЗЕ ДАТЭРМIНОВАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ НА ВЫБАРАХ У ГАРСАВЕТ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Давыбары дэпутатаў гарадзкога савету ў Белаазёрску адбываюцца па дванаццацi акругах. У шасьцi зь iх, дзе вылучаныя незалежныя кандыдаты i сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi “Народная грамада”, у выбарцаў ёсьць альтэрнатыва. У астатнiх акругах у бюлетэнях для галасаваньня засталiся прозьвiшчы толькi тых кандыдатаў, што падтрымлiваюць мясцовую вэртыкаль.

Пра адметнасьцi датэрмiновага галасаваньня распавядае намесьнiк старшынi Белаазёрскага гарсавету, кiраўнiк дэпутацкай групы “Iнiцыятыва” Юрась Губарэвiч:

(Губарэвiч: ) “Сёньня ўжо чацьверты дзень датэрмiновага галасаваньня. Мы назiраем, што актыўнасьць выбарцаў ня вельмi высокая — на розных участках прагаласавала розная колькасьць выбарцаў ад 10 да 50 чалавек. На кожным участку прысутнiчаюць незалежныя назiральнiкi, аднак iх праца ўскладненая камiciямi: сябры камiciяў не заўсёды даюць неабходную iнфармацыю, спасылаючыся на Выбарчы кодэкс. А таксама вельмi прыдзiрлiва ставяцца да пасьведчаньняў назiральнiкаў. Яны правяраюць кожную коску, i калi сустракаецца нейкая недарэчнасьць, папросту выдаляюць назiральнiкаў”.

Паводле зьвестак назiральнiкаў, супрацоўнiкi мясцовага райвыканкаму i Берасьцейскага аблвыканкаму спрабуюць наўпрост паўплываць на дзеяньнi сябраў выбарчых камiсiяў. Акрамя таго, у Белаазёрску заўважана шмат аўтамабiляў, што маюць менскiя нумары.

Непасрэдна падчас датэрмiновага галасаваньня ў Белаазёрску зьявiлiся ананiмныя ўлёткi, скiраваныя супраць дэмакратычных кандыдатаў. Некаторыя з гэтых кандыдатаў лiчаць, што зьмест улётак закранае iхны гонар i годнасьць, i зьвярнулiся ў пракуратуру i КГБ. Яны патрабуюць, каб гэтыя ўстановы высьветлiлi, хто насамрэч ёсьць iнiцыятарам распаўсюду хлусьлiвай iнфармацыi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG