Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮБІЛЕЙ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ: ГІСТАРЫЧНЫЯ ЎРОКІ Й ПАЛІТЫЧНЫЯ ВЫСНОВЫ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Хадыка і намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

(Валер Карбалевіч: ) “Пятнаццацігадовы юбілей Беларускага Народнага Фронту падштурхоўвае да асэнсаваньня некаторых гітстарычных урокаў сувэрэннага развіцьця Беларусі. Таму што гісторыя БНФ ёсьць у пэўным сэнсе адлюстраваньнем усёй драмы беларускай дзяржаўнасьці. Відавочная роля Фронту ва ўтварэньні незалежнай Рэспублікі Беларусь. БНФ стаў выразьнікам аб’ектыўнай гістарычнай тэндэнцыі, адказам на запатрабаваньні часу. Як бы вы ацанілі гістарычную ролю стварэньня Беларускага Народнага Фронту з вышыні сёньняшняга дня?”

(Юрась Хадыка: ) “Найперш я хацеў бы павіншаваць усіх сяброў Беларускага Народнага Фронту, ягоных прыхільнікаў, усіх беларусаў, якія выступаюць за незалежнасьць нашай краіны. Калі казаць коратка, то я бачу гістарычную ролю БНФ у тым, што ўпершыню за 70 гадоў беларусы, якія жывуць на гэтай зямлі, распачалі мэтанакіраваную і асэнсаваную дзейнасьць дзеля вяртаньня незалежнасьці Беларусі і адраджэньня яе культуры. У гэтым вельмі вялікая заслуга Беларускага Народнага Фронту”.

(Юрась Беленькі: ) “Сапраўды, трэба павіншаваць ня толькі фронтаўцаў, але і беларускі народ з гэтаю датаю. Наш кіраўнік Зянон Пазьняк даслаў вялікі артыкул з гэтай нагоды, які, дасьць Бог, будзе надрукаваны. Стварэньне БНФ было вялікай і значнай падзеяй у жыцьці беларускага народу, прычым, ня толькі за апошнія 70 гадоў, але, магчыма і за апошнія 200 гадоў. Спробы адраджэньня былі і раней. Найперш, самай значнай зь іх было ўтварэньне БНР 25 сакавіка 1918 году. І БНФ стаў пераемнікам тых традыцыяў. І тое, што апазыцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня змагла ня толькі прапанаваць грамадзтву канцэпцыю заваёвы незалежнасьці Беларусі, але і рэалізаваць яе, зьяўляецца фэнамэнальнай гістарычнай падзеяй”.

(Карбалевіч: ) “Народныя франты ўзьніклі амаль адначасова ва ўсіх былых рэспубліках СССР — амаль адначасова, у пэрыяд гарбачоўскай перабудовы. І амаль ва ўсіх новых незалежных дзяржавах, якія ўтварыліся ў выніку распаду Савецкага Саюзу, гэтыя арганізацыі выканалі сваю гістарычную місію — стварылі незалежныя дзяржавы і распаліся альбо трансфармаваліся ў іншыя структуры. У Беларусі Народны Фронт існуе і цяпер ў выглядзе дзьвюх партыяў — Партыі БНФ і КХП БНФ — бо гістарычная місія да канца ня выкананая. Няма гарантыі захаваньня сувэрэннага існваньня Беларусі, не адбылося нацыянальнага адраджэньня. Гэткая сытуацыя — вынік аб’ектыўных грамадзкіх працэсаў, яе нельга было прадухіліць? Ці тут ёсьць гістарычная віна дэмакратычных сілаў Беларусі, найперш БНФ?”

(Хадыка: ) “Дзейнасьць БНФ “Адраджэньне” не прайшла дарэмна. Сёньня нават афіцыйныя прадстаўнікі ўсё часьцей кажуць пра сувэрэнітэт нашай краіны. Як рух, мы дасягнулі вялікіх посьпехаў. Сёньня ўсе слаі нашага грамадзтва разумеюць каштоўнасьць сувэрэнітэту, неабходнасьць ягонай абароны.

Зусім іншыя посьпехі ў Партыі БНФ, як і ў Партыі КХП БНФ. Справа ў тым, што ў палітычных партыяў на першым месцы знаходзіцца барацьба за ўладу. Але калі мы паглядзім на рэйтынгі нашых партыяў, то яны, як мовіць Лукашэнка, “ніжэй калена”. Хоць мы самая вядомая партыя ў краіне, але нашыя памылкі, нашыя, часам неабдуманыя заявы, прывялі да таго, што мы лідэры па антырэйтынгу”.

(Беленькі: ) “Тут прагучала думка, што ў палітычных партыяў на першым месцы заўсёды барацьба за ўладу. Але ёсьць такія гістарычныя моманты, калі палітычныя партыі адкідаюць свае палітычныя амбіцыі, зьвязаныя з барацьбой за ўладу, і змагаюцца за сувэрэнітэт, незалежнасьць сваёй краіны. І цяпер, калі існуе рэальная пагроза ліквідацыі сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны, КХП БНФ ставіць на першае месца менавіта гэтае пытаньне.

Цяпер наконт іншага чыньніку. Калі вялікая дзяржава, імпэрыя вядзе такую мэтанакіраваную барацьбу, скіраваную на ліквідацыю нашай дзяржавы, яна будзе найперш змагацца з тымі палітычнымі сіламі, якія змагаюцца за незалежнасьць. Гэта ёсьць першая прычына таго, чаму незалежніцкія палітычныя партыі, грамадзка-палітычныя рухі, культурніцкія адраджэнцкія рухі знаходзяцца пад такім моцным ціскам. Таму, магчыма, у гэтыя сьвяточныя дні ня трэба акцэнтаваць увагі на нейкіх дробных рэчах, можа, нават памылках. Не памылка БНФ і ягонай фракцыі ў Вярхоўным Савеце, а дзеяньні іншых палітычных сілаў, якія бачылі свае мэты ў змаганьні за ўладу, а ня ў тым, каб змагацца за сувэрэнітэт краіны, прывялі да такога не зусім зайдроснага лёсу нашай краіны”.

(Карбалевіч: ) “Не магу не задаць яшчэ аднаго не юбілейнага пытаньня: раскол БНФ на дзьве часткі быў гістарычна прадвызначаны ці не? Якія чыньнікі найбольш паўплывалі на гэтую падзею: палітычныя супярэчнасьці, розныя тактычныя падыходы ці асабістыя рзыходжаньні? Ці нешта іншае?”

(Хадыка: ) “Безумоўна, як у любым складаным пытаньні, ёсьць прычыны аб’ектыўныя і суб’ектыўныя. Хачу нагадаць, што калі паўстаў Беларускі Народны Фронт, то як альтэрнатыву яму стваралі і Інтэрфронт, і Народны рух спадара Гайдукевіча. Шмат іншых спробаў было раскалоць, аслабіць БНФ. Я ўпэўнены, што ў шэрагах Беларускага Народнага Фронту было шмат правакатараў.

Але былі і суб’ектыўныя, пэрсанальныя памылкі. Далёка не заўсёды выказваньні тагачаснага лідэра адзінага тады Фронту Пазьняка прыносілі карысьць БНФ. Адмоўны ўплыў рэзкасьці, непрадуманасьці ягоных выказваньняў адбіваецца да гэтага часу ў вялікім адмоўным рэйтынгу Беларускага Народнага Фронту. БНФ ніколі не выступаў, каб на мяжы з Расеяй былі ўзведзеныя нейкія муры. БНФ не выступаў за выгнаньне расейцаў зь Беларусі, чым да сёньняшняга дня Лукашэнка палохае даверлівых слухачоў і гледачоў дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня. БНФ ніколі не выступаў (вы ня знойдзеце гэтага не ў адным дакумэнце Фронту) з патрабаваньнем забароны на прафэсіі.

Пазьней Пазьняк зьехаў за мяжу і стаў кіраваць БНФ адтуль. Гэта і стала галоўнай прычынай расколу Беларускага Народнага Фронту. Таму што нельга кіраваць жывою структураю, ня ведаючы сытуацыі на месцы. Таму прычынаю расколу было разыходжаньне ў тактыцы. Нерэальна было праводзіць палітычныя кампаніі кшталту “Грамадзянства БНР”, збору подпісаў за адстаўку Лукашэнкі ды іншыя. А Пазьняк настойваў на іх. Гэта змардавала структуры БНФ, і яны пачалі моцна скарачацца. Я хацеў бы пабачыць той момант у нашай гісторыі, калі шэрагі КХП БНФ пачнуць расьці, а не скарачацца. Таму што палітыка, якая не ўлічвае рэальнай сытуацыі ў краіне, ня можа быць карыснай ні зь якога гледзішча”.

(Беленькі: ) “Напэўна ўсё ж ня тактыка, а стратэгічная канцэпцыя сталі прычынаю расколу БНФ на дзьве партыі. Прычына расколу ў тым, што тыя асновы, якія былі закладзеныя яшчэ на ўстаноўчым зьезьдзе ў Вільні, пачалі абвяргацца. Я маю на ўвазе ідэі барацьбы з утылітарным прагматызмам, першынство нацыянальнай ідэі.

Зьвернемся да першакрыніцаў. У бюлетэні “Избиратель” за чэрвень 1999 году спадар Хадыка піша: “Нацыянальна-вызвольная ідэя, якая была стрыжнем у дзейнасьці БНФ з канца 80-х гадоў, у значнай ступені вычарпала сябе”. І далей: “Таму аптымальна было б не падзяляць Фронт, а аб’яднаць яго з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і іншымі партыямі такога кірунку”. Вось такая канцэпцыя была прапанаваная Фронту ў 1999 годзе. Было прапанавана стаць на пазыцыі прагматызму. Канечне, гэта не магло быць прынята. Нацыянальная ідэя як была, так і ёсьць стрыжнем Беларускага Народнага Фронту. Час, апошнія гады паказалі праўдзівасьць тых пазыцыяў, на якіх Фронт паўстаў у 1988 годзе. І сёньня на гэтых пазыцыях стаіць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

Мы расшыфравалі назву. Бо тыя падваліны, якія былі закладзеныя ў ідэалёгію БНФ падчас ягонага стварэньня, былі падвалінамі хрысьціянскай дэмакратыі, кансэрватыўнай ідэі. Дзякаваць Богу, што сёньня мы не адышлі ад гэтых асноўных нашых канцэптуальных момантаў. І сёньня мы змагаемся найперш не за ўладу, а за тое, каб існавала незалежная Беларусь. Я і мае калегі ўпэўненыя, што Беларусь заўжды будзе існаваць незалежнай, сувэрэннай”.

(Карбалевіч: ) “Юбілей БНФ — гэта нагода больш уважліва паглядзець ня толькі на гісторыю гэтай арганізацыі, у зьвязку з гісторыяй Беларусі, але і на сёньняшнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі, знайсьці адказы на пытаньні аб пэрспэктывах разьвіцьця краіны, аб галоўных палітычных задачах, якія сёньня стаяць перад грамадзтвам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG