Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМІР ПУЦІН АДРЭАГАВАЎ НА ВЫКАЗВАНЬНІ ЛУКАШЭНКІ НАКОНТ ПЕРАХОДУ НА РАСЕЙСКІЯ РУБЛІ ДЫ АДНАЎЛЕНЬНЯ МЫТНАЙ МЯЖЫ


Юры Сьвірко, Менск

У Крамлі са зьдзіўленьнем даведаліся пра заявы Аляксандра Лукашэнкі ў Воршы, дзе ён параіў тамтэйшым жыхарам “свае рублі беларускія трымаць у кішэні”. Спадар Лукашэнка паведаміў, што тыдзень таму прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прапанаваў яму падпісаць пагадненьне пра выкарыстаньне расейскага рубля як платнага сродку на тэрыторыі Беларусі, але ён, Лукашэнка, пабойваецца, што Беларусь пасьля гэтага стане другаснай, падпарадкаванай дзяржавай.

Гэтыя заявы прагучалі ў Воршы ў сераду, а ўжо ў чацьвер Крэмль распаўсюдзіў інфармацыю пра пасланьне спадара Пуціна Аляксандру Лукашэнку з гэтай жа нагоды.

Паводле кіраўніцы прэсавай службы прэзыдэнта Расеі Натальлі Цімаковай, пасланьне сталася адказам на апошнія заявы беларускага кіраўніка. Спадарыня Цімакова ўпаўнаважыла дзяжурную па прэсавай службе Крамля паведаміць, што пасланьне Пуціна было накіраванае менавіта цяпер, а ня тыдзень таму.

(Дзяжурная: ) “Нам у прэсавую службу прынесьлі пасланьне а 3-й гадзіне. Калі яно было ў Менск накіраванае, я ня ведаю. Я толькі што размаўляла зь Цімаковай, і яна сказала, што пасланьне, мабыць, накіраванае і ўчора, але яно прайшло сёньня. То бок гэта не было тыдзень таму. Гэта не была ніякая тэлефонная размова, гэта было проста пасланьне”.

У Крамлі падкрэсьлілі, што прэзыдэнт Расеі не ўпершыню карыстаецца магчымасьцю накіроўваць пасланьні Аляксандру Лукашэнку. Падобнае пасланьне было, напрыклад, летась, пасьля лукашэнкавай рэзкай рэакцыі на словы спадара Пуціна пра “мухі й катлеты”.

У Менску гэтае пасланьне пакуль не камэнтуюць. Вось што сказала мне Натальля Пяткевіч, кіраўніца прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі:

(Пяткевіч: ) “Можа, прэзыдэнт атрымаў. Я пакуль проста нічога не камэнтую”.

Але спадарыня Пяткевіч паведаміла, што тэму пераходу на расейскія рублі Аляксандар Лукашэнка ў чацьвер абмеркаваў з кіраўніком Нацыянальнага банку Пятром Пракаповічам, які паінфармаваў яго пра маскоўскія паседжаньні 11 і 25 жніўня. Як паведамляе прэзыдэнцкая прэсавая служба, праект пагадненьня ў выкарыстаньні расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі перададзены на разгляд урадам Беларусі й Расеі, пасьля чаго будзе абмеркаваны на паседжаньні саюзнага ўраду, і толькі потым, “у выпадку ўхваленьня”, будзе прапанаваны прэзыдэнтам.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ўвядзеньне расейскага рубля ў якасьці адзінага законнага сродку плацяжу мусіць быць зьвязанае з выкананьнем іншых дамоўленасьцяў, якія, цытую, “дагэтуль ня выкананыя”. Мова йдзе пра стварэньне адзінай эканамічнай прасторы ды роўных умоваў для суб’ектаў гаспадараньня, а таксама прыняцьце Канстытуцыйнага акту саюзнае дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG