Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬНІЖКІ НА SECOND HAND – ТОЛЬКІ СЯБРАМ БРСМ


Ігар Карней, Менск

Прадстаўнікі іншых моладзевых рухаў упэўненыя, што камэрцыйнымі льготамі новыя камсамольцы імкнуцца падвысіць колькасны склад непапулярнага сярод моладзі ідэалягічнага саюзу.

Нядаўна на Случчыне са згоды мясцовай вертыкалі сябры БРСМ атрымалі шэраг ільготаў. Дастаткова паказаць гэтак званы "членскі білет", і сеанс у мясцовым кінатэатры "Беларусь" будзе каштаваць на 20% меней, чым для непартыйных наведнікаў. Зьніжка ў 10% прадугледжаная ў шэрагу вясельных салонаў. Кампутары і праграмнае забесьпячэньне паводле адмысловых пагадненьняў будуць адпускацца дзешавей на 5-10%. Уладальнікі чырвоных пасьведчаньняў з залатым цісьненьнем "БРСМ" атрымаюць істотныя зьніжкі ў манікюрных і макіяжных салонах, а таксама змогуць больш танна адрамантаваць лядоўні, пыласосы ды іншую бытавую тэхніку. Заплывы ў басэйне "Алімп" абыйдуцца для "бээрсээмаўцаў" на 20% меней, чым для іншых спартоўцаў-аматараў. Усяго ў пералік прадпрыемстваў уваходзяць каля двух дзесяткаў найменьняў: фотасалёны, майстэрні рамонту абутку і вырабу ключоў. Але асабліва прыкметная зьніжка ў адной з крамаў "Sеcond hand": увесь асартымэнт, былы ў карыстаньні, камсамольцы могуць набываць на 10% таньней, чым астатнія спажыўцы гуманітарнай дапамогі.

Рэдакцыя мясцовай незалежнай газэты "Слуцкі кур'ер" першай паведаміла чытачам пра новую армію слуцкіх ільготнікаў. Рэдактар выданьня Сяргей Станкевіч кажа: зьява тым больш нечаканая, што з астатнімі ільготнікамі ўлады змагаюцца.

(Станкевіч:) "Мы крыху раней чулі пра гэта, але не надавалі вялікага значэньня. Спачатку яны спрабавалі льготны праезд "прабіць" у гарадзкім транспарце. Але было ўсё на ўзроўні чутак. Зараз атрымліваецца, што інфармацыя дакладная".

(Карэспандэнт:) "Усё робіцца, пэўна, з дазволу мясцовай вертыкалі: ня могуць жа яны ініцыяваць такія захады самастойна?"

(Станкевіч:) "Безумоўна. Але дамаўляюцца самі. Былі прадпрымальнікі, якія заахвочвалі больш танную праяўку фотастужак, фотаздымкаў па льготных тарыфах. Можа, гэтыя прадпрымальнікі і самі сябры БРСМ, ня ведаю, што іх зьвязвае. А зараз куды больш шырокі фармат зачапілі. Можа, прычына ў тым, што кіраўнік зьмяніўся. Ранейшы ўсё рабіў больш павольна. А зараз зьявіўся новы, больш настырны, працуе на колькасьць сябраў арганізацыі".

Прадстаўнікі іншых моладзевых арганізацый, якія ня толькі ня маюць ніякіх ільготаў ад дзяржавы, а, наадварот, існуюць у стане пастаяннага прэсынгу, у эпітэтах на адрас сваіх заідэалягізаваных раўналетак не саромеюцца. Вось што гаворыць актывіст руху "Зубр" Алесь Атрошчанкаў.

(Атрошчанкаў:) "Жахліва проста, што дзяржава стварае новых нахлебнікаў. І дагэтуль, мяркую, ніхто ня меў ілюзіяў наконт гэтай арганізацыі; усе ведаюць, што туды ідуць кар'ерысты, людзі, якія імкнуцца да нейкіх льготаў. Але разам з гэтым скарачаюць ільготы пэнсыянэрам, заслужаным людзям, скасавалі лготы тым, хто мае дзяржаўныя званьні. А маладых дармаедаў засыпаюць золатам — калі казаць пра нашыя ўмовы".

Слуцкая акцыя распачатая якраз у той час, калі на ўзроўні кіраўніцтва краіны адбываецца кардынальная рэвізія ільготнікаў як зьявы. У кулюарах БРСМ кажуць: калі практыка сябе апраўдае, досьвед будзе ўкараняцца паўсюдна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG