Помнік створаны скульптарамі Сяргеем і Львом Гумілеўскімі — задуменны Максім з кніжкай, а побач на падпорнай сьценцы радкі зь ягонага верша “Зорка Вэнэра”: “Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю”.
Вядомы беларускі скульптар Алесь Шатэрнік высока ацаніў мастацкія якасьці новага надмагільнага помніка Максіму Багдановічу. Задаволеныя і ў Міністэрстве культуры, там ня лічаць, што чатыры гады ад конкурсу да ўсталяваньня помніка — зашмат. Гаворыць намесьнік міністра культуры Беларусі Валеры Гедройц:
(Гедройц: ) “Творчая справа перш за ўсё не павінна рабіцца хутка, галоўнае, каб была якасьць. А якасьць адпаведная, вось бачыце, конкурс у нас адбыўся не за адзін раз, а некалькі тураў праводзілі, шукалі найлепшы варыянт. Ну і хацелася б, калі ўжо помнік паставілі, каб ён на вякі быў, каб ужо нашыя нашчадкі не перараблялі яго”.
Валеры Гедройц паведаміў, што помнік ужо асьвечаны. Пытаньне ўрачыстага адкрыцьця пакуль ня вырашанае, яно знаходзіцца ў стадыі абмеркаваньня Міністэрствам культуры, Саюзам пісьменьнікаў і Літаратурным музэем Максіма Багдановіча, паведаміў спадар Гедройц.
Што патрэбная ўрачыстая цырымонія акрыцьця помніка, упэўнены адзін з яго аўтараў Сергей Гумілеўскі:
(Гумілеўскі: ) “Былі праблемы зь фінансаваньнем, вось чаму гэта так доўга цягнулася, амаль пяць гадоў. Ну але ўсё ж зроблены помнік, хаця цяпер праблема зрабіць такі помнік, бо ў дзяржавы на гэта сродкаў не хапае. Калі праводзіўся конкурс, асноўныя ставіліся задачы, каб не выкарыстоўваліся там каляровыя мэталы. Таму што проста крадуць гэтыя мэталы. Таму помнік быў выкананы зь сьветла-шэрага граніту, а агароджа — чыгуннае ліцьцё”.
Спадар Гумілеўскі лічыць, што помнік упісаўся ў мясцовасьць, да яго добры падыход, усё выглядае прыстойна. Дасьленік творчасьці Максіма Багдановіча Алесь Бяляцкі незадаволены пэўнай келейнасьцю пры ажыцьцяўленьня ўсяго гэтага праекту. Гэта павінна было ператварыцца ў падзею нацыянальнага маштабу, мяркуе ён:
(Бяляцкі: ) “Натуральна, што сама ідэя, якім мусіў быць помнік, якія ёсьць варыянты гэтага помніка, яна магла б быць абмеркаваная ў трошкі шырэйшым коле. Помнік паставілі дэ-факта, і з гэтага не зрабілі нейкай культурнай падзеі, хаця на самой справе гэта і ёсьць культурная падзея, бо гэта не абы-хто, гэта надзвычай важны момант для беларускай грамадзкасьці, каб рашэньне бралі на сябе ці музэй, ці нейкае канкрэтнае журы”.
Адным зь першых новы помнік Багдановічу пабачыў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, які ў той час быў на пушкінскім сьвяце ў Гурзуфе. Помнік яму спадабаўся, асбліва ў параўнаньні з ранейшым:
(Пашкевіч: ) “Пазыцыя ўрэшце і пісьменніцкай сям’і адназначная — помнік, годны надмагільны помнік павінен адкрывацца ўрачыста. Урэшце ў Ялце ёсьць харошая, годная дыяспара беларусаў, якія даглядалі магілу дагэтуль і будуць даглядаць… На сёньня праінфармаваны пра гэта і міністар культуры, і адпаведныя службоўцы ў адміністрацыі прэзыдэнта і ва ўрадзе — як годна ўганараваць памяць Максіма у Ялце”.
Алесь Пашкевіч мяркуе, што ўрачыстае адкрыцьцё помніка Максіму магчымае ўвосень альбо ў сьнежні, на дзень нараджэньня паэта.
У дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя, калі на магіле Багдановіча ўсталёўваўся ранейшы помнік, у Крым езьдзіў кіраўнік беларускага ўраду Цішка Гартны, дэлегацыя пісьменьнікаў. Цяпер той помнік-абэліск стаў гістарычнай каштоўнасьцю і перададзены ў Ялцінскі літаратурны музэй. Магілай паэта апякуецца мясцовая беларуская суполка, якая выступіла з ініцыятывай стварыць у Ялце філію Літаратурнага музэя Максіма Багдановіча. Мінкульт Беларусі абяцае падтрымку ў гэтай справе.
Аднак пакуль фармальна гэта будзе ня філія музэя, а мэмарыяльны пакой у Беларускім доме, — паведаміла супрацоўніца Літаратурнага музэя Максіма Багдановіча Сьвятлана Кіслова.
(Кіслова: ) “Гаворка пра гэты Беларускі дом ідзе ня першы год, там вельмі моцная суполка беларусаў у Крыме, яны добра працуюць, фэстывалі праводзяць, і ў іх прэмія імя Багдановіча ёсьць, газэту выпускаюць, ладзяць усякія сьвяты з нагоды дня нараджэньня і дня памяці Багдановіча. Яны малайцы. Дык вось, яны хочуць адкрыць такі Беларускі дом. І кожны раз калі наша дэлегацыя там бывае, то размова пра гэта ідзе. Але наколькі я ведаю, гэты дом яшчэ не адкрыты, і не пачалася яшчэ падрыхтоўка да гэтага. Ад нашага музэя яшчэ не патрабавалі ні прыехаць зрабіць там нейкі плян, матэрыялы, гэтага нічога яшчэ няма. Такім чынам, гэта будзе адзін такі пакой, прысьвечаны Багдановічу, прычым не аўтэнтычны, бо дом, дзе ён жыў, не захаваўся”, — сказала Сьвятлана Кіслова.
Ня выключана, што адкрыцьцё новага помніка будзе прымеркаванае да стварэньня гэтага мэмарыяльнага пакоя Максіма Багдановіча ў Ялце. Праўда, да канца ня вызначана, ці будзе гэтыя пакой у меркаваным Беларускім доме, ці ў музэі Лесі Ўкраінкі. Ідэю стварэньня музэя Багдановіча ў Ялце падтрымаў Саюз украінскіх пісьменнікаў, прыхільна да яе паставіліся ва ўрадзе Крыму.
Гаворыць супрацоўнік беларускай амбасады ва Ўкраіне Віктар Дзенісенка:
(Дзенісенка: ) “Мы плянавалі разам з адкрыцьцём помніка адкрыць і філіял музэя, прысьвечанага творчасьці Максіма Багдановіча. Міністэрства культуры Крыму вельмі зацікаўленае ў гэтым, зноў жа, была дамоўленасьць з упраўленьнем культуры гораду Ялты. Таму мы ўсё гэта рыхтуем і плянуем, што ўсё гэта будзе зроблена якраз на гадавіну сьмерці”.