Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕ САДАМ?


Ганна Соусь, Прага

Для большасьці іракцаў Садам жывы й нават жывейшы за ўсіх жывых. Ён знаходзіцца ў Беларусі ці на Гаваях, альбо ў бясьпечным месцы, прапанаваным яму КГБ разам з ЦРУ. Газэта прыводзіць адзін з найбольш распаўсюджаных ірацкіх жартаў: Садам, апрануты як старая жанчына, падыходзіць да другой старой і просіць цыгарэтаў. “Канечне, сэр”, – адказвае старая, якая насамрэч ёсьць віцэ-прэзыдэнтам уцёклага Садама.

Выданьне падае шмат інтэрвію з шараговымі іракцамі, і амаль ніхто зь іх ня верыць ў сьмерць дыктатара. Амэрыканцы зь нецярплівасьцю чакалі вынікаў тэстаў на ДНК парэшткаў людзей, забітых тыдзень таму ў часе нападу амэрыканцаў на транспартны канвой ля сірыйскай мяжы. Аднак каля 20 іракцаў, зь якімі гутарыў карэспандэнт выданьня, насьміхаюцца над меркаваньнямі, што Садам Хусэйн і ягоныя сыны маглі быць у гэтым канвоі. Недавер да інфармацыі ад амэрыканскіх уладаў цяпер настолькі глыбокі, што многія кажуць, што ніякая колькасьць доказаў ня ўпэўніць іракцаў, што Садам сапраўды сышоў. Многія нават ня вераць у затрыманьне высокапастаўленага паплечніка Садама Хусэйна Абіда Хаміда Махмуда Тыкрыты . “Калі яго арыштавалі, то чаму яго не паказваюць па тэлебачаньні ў жывым эфіры?”

Амэрыканцы – майстры ствараць гісторыі, – газэта падае меркаваньне 40-гадовага іракца Джамаля Самаралі. Ён кажа, што ня будзе ўпэўнены ў сьмерці Хусэйна, нават калі сваімі рукамі пахавае яго. “Нават тады ягоны прывід застанецца сярод нас”, – гаворыць ён.

“International Herald Tribune” адзначае, што чуткі вельмі распаўсюджаныя ў Багдадзе, дзе газэты рэгулярна друкуюць на першых старонках фотаздымкі белабародых артадаксальных габрэяў і пішуць пра змовы сіяністаў з мэтаю набыць найлепшую нерухомасьць у горадзе. Аднак у выпадку з Садамам страта даверу можа пашкодзіць высілкам кіраванай ЗША кааліцыі ў адбудове краіны, – адзначае газэта й падае словы дзяржаўнага сакратара ЗША Коліна Паўэла пра тое, што вельмі важна ўпэўніць людзей, што зрынутыя лідэры ніколі не вяртаюцца.

Аднак складана ўпэўніць людзей, што чалавек, які вызначаў іхні лёс цягам 30 гадоў, можа быць памерлым. “International Herald Tribune” адзначе пэўную залежнасьць меркаваньняў людзей аб гэтым ад умоваў жыцця. Тыя, хто ў моцнай сьпёке ня маюць электрычнасьці, нэрвуюцца й злуюцца. Іракцы ж, якія маюць кандыцыянэры ці ветрагоны, больш талерантныя. Большасьць іракцаў вераць, што Садама апякуе ЦРУ. Газэта падае меркаваньне 25-гадовай Шайры Фарак, паводле якой многія маладыя іракцы ўпэўненыя, што гэта ўсё гульня, якую ўчынілі амэрыканцы разам з Садамам. “Мы нават думаем, што й не было ніякай вайны,” – гаворыць яна й дадае, што людзям яе генэрацыі складана ўявіць Садама звычаным сьмяротным. “Ён ня можа памерці, як звычайны чалавек, я думаю, што ён шчасна жыве на Гаваях”. А 27-гадовы Зіад Ібрахім уяўляе, як Садам свабодна й сьмела ідзе па Багдаду й ўхіляецца ад амэрыканцаў гэтак жа, як і ў часе бамбаваньня ірацкай сталіцы. Паводле Ібрагіма, Садам – сапраўдны ваяр, сьмелы й моцны.

Газэта прыводзіць і іншы пункт гледжаньня – Садам даўно памёр, і яго замяняе двайнік. Гэтая вэрсія стала вельмі распаўсюджаная пасьля выхаду мэмуараў аднаго з двайнікоў Хусэйна. Дзясяткі гадоў гэтыя міфы выкарыстоўваліся ў Іраку ў якасьці мэханізму кантролю. Яны сыходзілі і ад афіцыйных інфармацыйных агенцтваў, якія кантраляваў сын Садама, ды тайная паліцыя рапаўсюджвала гэткія чуткі й плёткі праз агентаў легендарнага пятага аддзелу.

Цяпер, калі ў Іраку шмат розных мэдыяў, іракцы з аднолькавым недаверам ставяцца і да амэрыканскага тэлебачаньня, якое можна глядзець праз спадарожнікавыя антэны, і да ірацкіх газэтаў. Больш давяраюць іракцы арабскім тэлеканалам Аль-Джазіра й Аль-Арабія.

32-гадовы Дыя Німніт упэўнены, што калі толькі Хусэйна жывога ці мёртвага пакажуць па тэлебачаньні ў жывым эфіры ў прысутнастьці многіх людзей, то сабатаж у Іраку скончыцца, бо людзі будуць ведаць, што лідэр захоплены. Дарэчы, газэта адзначае, што тэлебачаньне крытыкуецца іракцамі гэтак жа актыўна, як і адсутнасьць электрычнасьці. Прыводзіцца меркаваньне Адэля Тарыка Абдулы, які кажа, што паверыць у канец Хусэйна, толькі калі ўбачыць яго па тэлебачаньні. І задаецца пытаньнем: “Як я пабачу гэта без электрычнасьці?”

Але пры гэтым, паводле Абдулы, амэрыканцы павінны зразумець, што жывы Садам ці мёртвы – ня гэта ёсьць асноўнай праблемай. “Мае дзеці пьюць ваду з ракі й хварэюць”, – гаворыць ён, і дадае: “Гэтая краіна – не краіна Садама, гэта нашая краіна, і мы ня хочам сварыцца, жывы ён ці мёртвы, мы проста хочам нармальна жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG