Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ” ЗНОЎ НЯ ВЫЙШЛА


Юры Сьвірко, Менск

Матэрыялы нумару “Белорусской деловой газеты” зя пятніцу можна прачытаць толькі на яе Інтэрнэт-сайце www.bdg.by — на паперы яна не выходзіць. Усе супольныя праекты са штотыднёвікамі давялося скасаваць з прычыны негалоснай забароны друкаваць “БДГ” пад іншымі назвамі. Аднак выдавец і ўладальнік “БДГ” Пётар Марцаў кажа:

(Марцаў: ) “Цяпер рыхтуецца чарговы выхад чарговай газэты. Асноўная праблема — гэта паліграфія, паколькі ў Беларусі праблематычна надрукавацца, і распаўсюд. Вось дзьве ключавыя праблемы, якія сёньня вырашаюцца. Увогуле журналісты працуюць, нумар гатовы. Абзваніўшы каля 80 друкарняў, мы быццам бы зразумелі агульную тэндэнцыю: дзяржаўныя друкарні папярэджаныя, і пад пагрозай скасаваньня кантрактаў дырэктары друкарняў паінфармаваныя, што з выдавецтвам “Марат” нельга складаць дамову на ніводную газэту. Прыватныя друкарні, якіх нязначная колькасьць, адмаўляюцца з тае прычыны, што ім пагражаюць пазбаўленьнем ліцэнзіі альбо праверкай пасьля таго, як яны нешта надрукуюць”.

Спадару Марцаву я задаў гэткае пытаньне: ці хлусіць друкарня “Чырвоная зорка”, дзе раней друкавалася “БДГ”, што іхная друкарская машына сапсавалася?

(Марцаў: ) “Ды вядома, госпадзі! У нармальнай, вуснай размове — там жа людзі нармальныя — яны кажуць прычыну. Усё нармальна: “Народная воля”, “Салідарнасць” і яшчэ шмат якія газэты, якія там друкуюцца, друкуюцца на гэтым жа станку”.

Аднак спадар Марцаў дадаў, што ў газэту “Салідарнасць”, якая першая аддала свае старонкі пад матэрыялы прыпыненай “БДГ”, у пятніцу прыехала праверка Камітэту дзяржаўнага кантролю й Міністэрства інфармацыі.

Я патэлефанаваў галоўнаму рэдактару “Салідарнасці” Аляксандру Старыкевічу, які знаходзіўся ў Менску на зьезьдзе Беларускай асацыяцыі журналістаў, і папрасіў яго пракамэнтаваць сытуацыю.

(Старыкевіч: ) “Я цалкам упэўнены, што гэта не выпадковасьць, што гэта мэтанакіраваная акцыя, каб знайсьці нагоду для закрыцьця “Салідарнасці”.

(Карэспандэнт: ) “Чарговы нумар выйдзе — у аўторак ці ў сераду?”

(Старыкевіч: ) “Пра гэта, як кажуць, ведае адзін Госпад Бог. Тое, што акцыя салідарнасьці будзе працягнутая, гэта несумнеўна. Абсалютна лягічнае разьвіцьцё падзеяў, якое мы назіраем ужо шмат апошніх гадоў: пачынаюць біць аднаго, усе астатнія сядзяць ціха, шчасьлівыя, што гэта адбываецца ня зь імі, спадзяюцца, што іх наогул міне такі лёс. Таму самае небясьпечнае для цяперашняй улады — гэта салідарнасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG