Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць, што сябры дэлегацыі адмысловай рабочай групы зацікавіліся ініцыятывамі апазыцыі.
(Лябедзька: ) “Мы зрабілі некалькі канкрэтных прапановаў. Па-першае, увосень ініцыяваць правядзеньне Венскай тэхнічнай канфэрэнцыі ў справах Беларусі з удзелам усіх міжнародных арганізацыяў, якія зацікаўленыя ў вырашэньні беларускага пытаньня, каб выпрацаваць крытэрыі ацэнкі падрыхтоўкі й правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. І гэта трэба рабіць загадзя, за год да самой выбарчай кампаніі. Другая прапанова, каб ПА АБСЭ правяла слуханьні ў пытаньні зьніклых. Такія слуханьні былі праведзеныя ў Страсбуру Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы. Зараз такая падрыхтоўка вядзецца і ў Эўрапарлямэнце. Лягічна, каб такая важкая міжнародная арганізацыя як ПА АБСЭ прыцягнула ўвагу сваіх дэпутатаў да гэтай праблемы. І трэцяя ініцыятыва — усё ж такі неабходна прыняць на сэсіі адмысловую рэзалюцыю ў справах Беларусі”.
Размове з апазыцыяй папярэднічала сустрэча Уты Цапф зь сябрамі дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргеем Скрабцом. Уладзімерам Парфяновічам, Валерыем Фраловым. Кіраўнік групы Сяргей Скрабец ацаніў размову, як цікавую і ўзаемакарысную.
(Скрабец: ) “Ута Цапф цікавілася агульным становішчам, пыталася, ці ёсьць у дэпутацкай групы “Рэспубліка” праблемы з выканаўчай уладаю. Мы паведалі ёй пра нашыя думкі й мары. На жаль, у парлямэнце на сяньняшні дзень склалася такая абстаноўка, што адных дэпутатаў улада падтрымлівае — дае ўзнагароды, пашаны, а на другіх — у гэты ж час заводзіць крымінальныя справы. Такім чынам нас спрабуюць разьяднаць. Але мы ўпэўненыя, што ўсё будзе наадварот”.
Падчас размовы з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Вадзімам Паповым спадарыня Цапф вызначыла свае асабістыя прыярытэты ў беларускіх справах. Першы зь іх — правядзеньне парлямэнцкіх выбараў увосень наступнага году згодна зь міжнароднымі стандартамі. Ута Цапф паведаміла, што выбарчую праблему яна абмяркоўвала сёньня з Уралам Латыпавым і Лідзіяй Ярмошынай. На пытаньне, ці размаўлялі яны наконт зьмяненьня Выбарчага кодэксу, спадарыня Цапф адказала так:
(Цапф: ) “Мы не абмяркоўвалі рэалізацыю канкрэтных прапановаў, мы казалі пра неабходнасьць унясеньня гэтых паправак і належнай рэалізацыі закону на месцах”.