Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БЕЛАРУСЫ ПА ЧЫГУНЦЫ ЕЗЬДЗЯЦЬ


Пятро Васючэнка

Беларусы раней наўчыліся будаваць чыгункі, чым езьдзіць па іх. Пра гэта сьведчыць верш расейскага паэта Мікалая Някрасава “Чыгунка”. Мелася на ўвазе першая ў Расеі чыгунка “Санкт-Пецярбург—Масква”, пабудаваная на касьцях беларускіх работнікаў, якіх у чухонскія балаты, да холаду, цынгі й сьмерці пагнаў цар Голад.

Герой твора, хлопчык Ваня, якому так прыемна ехаць уначы “под сиянием лунным”, прымроіў здань беларуса, жывога трупа, што зазірнуў у вагонную шыбу:

Губы бескровные, веки упавшие,
Язвы на тощих руках,
Вечно в воде по колено стоявшие
Ноги опухли; колтун в волосах;

Хутка, у 1862 годзе сталь чыгункі ўпершыню парэзала Беларусь. Гэта будзе чыгунка “Санкт-Пецярбург—Варшава”, беларускі адрэзак якой ад Кузьніцы да Парэчча складзе ў даўжыню 55 кілямэтраў. Беларусь апынецца на новым крыжы дарог — сталёвым.

Беларус стане пасажырам. А здань пакутнага беларуса-будаўніка таксама праскочыць у цягнік і прытоіцца недзе ля цягніковага пекла — качагаркі. Так беларус у цягніку станецца ані госьцем, ані гаспадаром.

Беларусы прызвычаяцца абслугоўваць чыгунку і жыць ля яе. Нават пісьменьнікі павыгадоўваюцца побач з чыгункай: Янка Лучына, Міхась Лынькоў, Іван Навуменка, Іван Шамякін ды іншыя. Сваіх герояў, ад Міколкі-паравоза да жартаўлівага Пісарэвіча, літаратары памесьцяць у цягнік ня дзеля камфортнае вандроўкі, а каб яны тут спрачаліся пра жыцьцё, жартавалі, пакутавалі і паміралі.

Беларусы перабраліся ў цягнікі, але па іроніі лёсу не патрапілі ў люкс або ў першую клясу.

Усё памянялася, калі вынайшлі самы дэмакратычны від чыгуначнага транспарту — электрычку. Яна злучыла горад, мястэчка і вёску, і яе пасажыр перастаў пачувацца сенам на асфальце.

У электрычцы беларус стаўся неўміручым. Памерці ў электрычцы — здрада сабе і Бацькаўшчыне. Я дзякую Богу і электрычцы, што ні мяне, ні маіх родных не задавілі ў тамбуры паміж Палонкай і Баранавічамі. Мяне не зарэзалі, не задушылі ўгарным газам, не паставілі на галаву кош з морквай, ня зьвезьлі ў Гудагай і ня зьнішчылі тэрактам, бо электрычка ўсіх беражэ.

Дзякуючы ёй я стаў культурным чалавекам. Уявіце сабе прыбіральню бяз вокнаў, без дзьвярэй. Спыняюся ля ўваходу, бо быць у ёй — усё адно што ў чыстым полі. Маю нерашучасьць заўважаюць джынсавыя паненкі, што зацята паляць ля ўваходу ў Сезам.

— Культурны,— кажа адна зь іх і дадае штосьці, што не магу тутака цытаваць.

Электрычка — незалежная, вольная і недзялімая эканамічная зона, дзе гандлююць газэтамі, марозівам, адшрубоўкамі і песьнямі.

Як тут сьпяваюць! Цыганы, чачэны, дзеці й студэнты ўнівэрсытэту культуры! Адзін пяюн дзесяць разоў выканаў “Што такое восень...” на замову сэнтымэнтальнага пасажыра, які ліў сьлёзы як бабёр і дараваў за песьню па тысёнцы. Я б утрая больш заплаціў, абы не сьпяваў.

Бывае, электрычка зьмяняецца ў Гайд-парк на колах. Тут ніхто нікога не баіцца. У палітычных дэбатах самыя актыўныя бабулькі. Яны ўжо перамаглі дзецюкоў у штурме электрычак на станцыях і ў змаганьні за месцы, бо ведаюць прыёмы, розныя там кунфу і каратэ.

Адзін філёляг прапанаваў перайменаваць электрычкі ў электаратавозы або электарацыі. Дасьціпна. Але найчасьцей электрычкі выглядаюць морквавозамі, бульбавозамі, грыбавозамі, яйкавозамі, памідоравозамі, гуркавозамі — у залежнасьці ад сэзону і стану лецішчаў.

Электрычкам наканаваная сьветлая будучыня. Электрычкамі зацікавяцца замежнікі... Ёсьць там дзівакі, якія шалёныя грошы будуць плаціць абы пабамжаваць. Яны мараць пажыць у каменным веку, дык тут ім будзе зямны рай. Спрацуе прынцып Тома Соера, які фарбаваў плот: багатыя людзі гатовыя шалёныя грошы плаціць, каб выканаць цяжкую працу, а за мізэрную аплату і пальцам не варухнуць.

Мы іх будзем электрычкамі вазіць ад Берасьця да Менску, ад Менску да Воршы, ад Воршы да Смаленску, а адтуль расейскія браты хай перапраўляюць іх да Масквы праз Гагарын. Яны такім чынам спасьцігнуць таямніцу славянскай душы, славянскага каханьня і славянскіх прыбіральняў.

Турыстычны бізнэс на электрычках — уратаваньне будучай Беларусі.

Беларусы за атрыманыя грошы ўдасканаляць чыгунку, ператвораць электрычкі ў беларусавозы, і стане гэты від транспарту народным — як у немцаў фольксвагены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG