Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РУХНАМА” — ГІМН НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ ЦІ ДУХОЎНЫ КАНЦЛЯГЕР?


Міхась Скобла, Менск

Далёкі Туркмэністан ад нядаўняга часу стаў для беларусаў больш блізкім і зразумелым. У адным зь менскіх выдавецтваў па-беларуску выйшла кніга пажыцьцёвага туркмэнскага прэзыдэнта Сапармурата Ніязава “Рухнама”. Як паведамляла ўжо наша радыё, адносіны да гэтага выданьня з профілем Туркмэнбашы на вокладцы ў беларускім грамадзтве неадназначныя. Адныя лічаць “Рухнаму” гімнам незалежнаму Туркмэністану, другія — прыхамацьцю дыктатара. Сёньня мы паслухаем розныя думкі. Госьці сёньняшняй “Вольнай студыі” — паэт, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Валянцін Тарас і мастак Рыгор Сітніца.

(Міхась Скобла: ) “Насамперш хачу запытацца вось пра што. Скажам, заходжу я ў кнігарню, бяру ў рукі прывабную на выгляд “Рухнаму”, адгортваю першую старонку й чытаю “клятву туркмэна”: “У час, калі здраджу радзіме і Сапармурату Туркмэнбашы Вялікаму, хай спыніцца дыханьне маё”. Шчыра кажучы, чытаць далей ахвота адпадае. Дык ці варта было выдаваць падобную кнігу ў Беларусі?”

(Рыгор Сітніца: ) “Лічу, што сёньня факт выхаду любой кніжкі па-беларуску — гэта станоўчы факт. І калі б я ўбачыў вершы Мао Дзэ Дуна па-беларуску, вершы Чэ Гевары па-беларуску, мяне б гэта зацікавіла. Хоць Басаеў у параўнаньні з Чэ Геварай — гэта хлопчык з рагаткай. Мяне не бянтэжыць, што Гемінгуэй пражыў ладны кавалак жыцьця побач зь Фідэлем Кастра, што Картасар зь ім сябраваў, а Маркес да гэтай пары сябруе. Мяне цікавяць найперш іхныя тэксты”.

(Валянцін Тарас: ) “Рухнама — што гэта за твор? Мне нават жанрава хацелася вызначыць. І калі я пачаў чытаць, я адчуў, што чытаю нешта дужа знаёмае. Я ўжо чытаў нешта падобнае. “Рухнама” нагадвае і Каран, і Стары Запавет, асабліва там, дзе прыпавесьці прыводзяцца.

Гэтая кніга сканструяваная з пэўнай мэтай. Яе галоўная задача — даць туркмэнскаму грамадзтву нешта накшталт знаёмага нам “маральнага кодэксу будаўніка камунізму”. Толькі — з апірышчам на Каран, на другія сьвятыя кнігі. Сам аўтар, дарэчы, прыроўнівае яе да сьвятых. Ён кажа: “Мы ставімся да Карана з асаблівым шанаваньнем, і яго нічым замяніць нельга. Але тут я перакідваю мосьцік да “Рухнамы”.

(Скобла: ) “Такім чынам сам аўтар спрабуе сакралізаваць уласны тэкст...”

(Тарас: ) “Я ў гэтым не сумняваюся. І ён сапраўды, можа быць, абсалютна шчыра лічыць, што па волі самога Бога і самой гісторыі ён для сёньняшніх туркмэнаў — нехта накшталт Мухамада”.

(Сітніца: ) “Наша справа — чытаць і даваць ацэнкі, як і наша права — чытаць усё, што нас цікавіць. І мяне зьдзівіла тое абурэньне, якое было пасьля выхаду “Рухнамы”. Ніхто не абураецца наяўнасьцю ў беларускіх кнігарнях кнігаў “вялікага дэмакрата” Пуціна, Жырыноўскага, генэралаў Шаманава і Трошава. А мы ведаем, у якой крыві запэцканыя гэтыя генэралы, добра, што пакуль не ў беларускай. Але будзе загад — ня спыняцца й перад беларускай крывёю. Аднак жа, ніякага абурэньня кніжкамі гэтых аўтараў у беларускім друку мы не назіраем. Я сёньня зь вялікай цікавасьцю прачытаў бы тэксты Буша ды Хусэйна й даў бы ацэнкі ім абодвум”.

(Скобла: ) “Кідаецца ў вочы, што самому Туркмэнбашы падабаецца ім самім напісанае. Ён з гонарам заўважае, што “Рухнама” прызначаная ня толькі для туркмэнаў. Які духовы спажытак могуць знайсьці ў ёй іншыя народы?”

(Тарас: ) “Які духоўны спажытак? Ды тое самае, што яны знаходзяць у Каране, у Старым запавеце…”

(Скобла: ) “Падобныя параўнаньні — найвялікшы камплімэнт кнізе”.

(Тарас: ) “Рухнама” збудаваная паводле такога ж прынцыпу, і аўтар нічога ня выдумаў. Ён стварыў, спрошчана кажучы, адаптаваны, партатыўны Каран для кожнага сучаснага туркмэна. Урэшце, у гэтым не было б нічога страшнага. І тут я вярнуся да сказанага спадаром Сітніцам аб тым, чаму не абураюцца кнігамі расейскіх генэралаў, чые рукі запэцканыя крывёю.

Калі б гэтая кніга належала прыватнай асобе — навукоўцу, пісьменьніку туркмэнскаму... Але яна напісаная пажыцьцёвым прэзыдэнтам! І зусім іншы да яе падыход. Я згодны зь Сітніцам — мы маем права ўсё чытаць. Але мы ведаем, што “Рухнама” сёньня навязваецца туркмэнскаму грамадзтву, як адзіна магчымы сродак духоўнага існаваньня, гэта своеасаблівы духоўны канцлягер! Упрыгожаны такі, дзе дарожачкі пасыпаныя пясочкам, і кветачкі растуць, і далягляды нібыта нейкія сьветлыя.

Але гэта духоўны канцлягер, таму што ў кнізе асьвятляецца абсалютна ўсё, і аўтар неаднойчы кажа, што “Рухнама” — гэта “голас майго сэрца й твайго сэрца, і ўсяго Туркмэністану” й ледзь не ўсяго сьвету”.

(Скобла: ) “Калі я чытаў “Рухнаму”, дарэчы, у добрым беларускім перакладзе Анатоля Кудраўца, Леаніда Дранька-Майсюка й Анатоля Бутэвіча, мне падалося, што ўзьвялічваньне ў кнізе туркмэнскага народу часам пераходзіць усе межы. “Туркмэны — абраная Богам нацыя”, “туркмэны вынайшлі кола”.

(Тарас: ) “Мы гэта ўжо праходзілі. “Расея — радзіма сланоў”.

(Скобла: ) “...турэцкая мова — гэта сапсаваная туркмэнская” і г.д. Усе нацыі абраныя Богам, ці ня так?”

(Сітніца: ) “Туркмэнбашы ўдакладняе, што туркмэны — абраная Богам нацыя, але не вышэйшая за іншыя. Я хацеў бы ўдакладніць, чым каштоўная “Рухнама” для беларусаў. Фактычна, гэта ярка выражаная антыімпэрская, антымаскоўкая літаратура. Вось чаму маскоўскія аналітыкі выступаюць супраць гэтай кнігі. І я іх разумею.

Дарэчы, супраць гэтай кнігі выступіў на нядаўняй ідэалягічнай нарадзе й Лукашэнка. І яго я разумею. Бо ён ведае, што там напісана. Можна было б прывесьці сотні цытатаў з “Рухнамы”, пад якімі падпішацца любы беларускі патрыёт. І чым больш радыкальны гэты патрыёт, тым хутчэй ён падпішацца. Калі б мы мелі сваю такую кнігу, дзе была б так падрабязна расьпісаная беларуская гісторыя, а ў “Рухнаме” туркмэнская расьпісаная на пяць тысяч гадоў! Ну, хай ім так будзе...

Дарэчы, трэба яшчэ адзін аспэкт удакладніць. Мы — эўрапейцы, яны — мусульмане й азіяты. І іхнае ўспрыняцьце лідэра, “бацькі” адрознае ад нашага. І мы не абавязкова павінны гэтую кніжку прымяраць на сябе. Але як кодэкс нацыянальнага духу, як культ нацыянальнай гісторыі, культуры й самасьвядомасьці, “Рухнама” для нас — прыклад і ўзор”.

(Тарас: ) “Такіх маральных пропаведзяў, пра што кажа спадар Сітніца, мы ў ХХ стагодзьдзі наслухаліся. Тут можна згадаць і “Майн Кампф” — там, дарэчы, таксама і ўслаўленьне свайго народу, яго гісторыі й культуры. Можна згадаць і славуты сталінскі тост пра вялікі расейскі народ, пра яго цярплівасьць, мудрасьць і г.д. За “Рухнамой” што яшчэ стаіць? Назовы ўсіх месяцаў у Туркмэністане названыя імёнамі сваякоў Туркмэнбашы”.

(Сітніца: ) “Гэта так…”

(Тарас: ) “І калі туркмэнскі гімн, які, я падазраю, ён сам напісаў, пачынаецца: “Тварэц вялікі твой — Туркмэнбашы…” Усё гэта мы ўжо праходзілі. У чым небясьпека такой кнігі? У імкненьні даць яе ўсім туркмэнам і ня толькі туркмэнам як адзіна магчымае маральнае крэда”.

(Скобла: ) “Я б хацеў зьвярнуць увагу на закрануты спадаром Сітніцам антырасейскі аспэкт. Савецкая эпоха паводле “Рухнамы” — “гэта 74 гады смутку, тугі й нявер’я ў заўтрашні дзень”. Трэба пагадзіцца, што твор Сапармурата Ніязава сапраўды б’е па імпэрскай палітыцы Расеі ў Сярэдняй Азіі”.

(Тарас: ) “Канечне, тут вельмі выразна гучаць антысавецкія, антыімпэрскія матывы. І ў той жа час ёсьць сум па колішняй імпэрыі туркмэнаў. Да чаго кліча “Рухнама”? І яе аўтар гэта неаднаразова падкрэсьлівае на працягу ўсяго тэксту, што канчатковы вынік — вярнуцца ў залаты век туркмэнаў. А што гэта за залаты век, ён таксама тлумачыць. Гэта калі мудрыя, наймудрэйшыя ханы кіравалі туркмэнамі як адзінай сям’ёй. Цары-бацькі, тыраны-бацькі... Вось у чым справа.

І тут яшчэ адзін момант трэба закрануць. Ніязаў услаўляе туркмэнаў, пяе гімн свайму народу, размаўляючы зь ім як з малым дзіцем. Прычым, закамплексаваным дзіцем, якому трэба кожны дзень казаць: ты самы прыгожы, ты самы разумны, ты самы сьветлы, ты самы маральны. І ён пераходзіць усе межы, кажа: нам, туркмэнам, няма ў чым каяцца, ніводнаму туркмэну няма прычыны чырванець перад гісторыяй. Але ж так не бывае.

Гэта ўсё стварае і сьцьвярджае праблему непакаранага зла, быццам зло зыходзіла з аднаго боку. Хоць, прыгадайма, сам Сапармурат Ніязаў узначальваў туркмэнскую кампартыю. Я не хачу яго за гэта ганіць. Мы ўсе родам з савецкай імпэрыі, савецкую мэнтальнасьць мы зьдзіралі зь сябе, як каросту. З крывёю часам і з пакутамі. Я дакараю яго за тое, што ён ідэалізуе свой народ, як рабілі дыктатары ўсіх часоў і народаў. Каб спадабацца народу, яны яго ідэалізуюць, а потым ад яго імя гэты ж народ бэсьцяць і пачынаюць бэсьціць і суседнія народы”.

(Сітніца: ) “А ў нашай нядаўняй гісторыі што, не было ідэалізацыі? Згадайма пачатак 1990-х гадоў, як мы ідэалізавалі нашую старажытную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае, што гэта была дзяржава ад мора да мора, што ёю кіравалі мудрыя правадыры-князі, апекаваліся, як бацькі, сваім народам... Гэта нармальны рост недасьпелай нацыі, якой трэба сталець. Гэта абсалютна нармальна.

І я лічу, што пачаткі беларускай “Рухнамы”, умоўна кажучы, можна пашукаць у пачатку 1990-х гадоў у артыкулах найлепшых прадстаўнікоў беларускай палітычнай апазыцыі й творчай інтэлігенцыі. І калі мы пашукаем там адпаведныя цытаты, то й Сапармурату далёка будзе.

Я да чаго хілю? Лукашэнка сказаў, што мы эўрапейцы, і нам “Рухнама” не падыходзіць. Ён іншае меў на ўвазе. Бальшыня тэкстаў “Рухнамы” як бы прамаўляецца нашым сёньняшнім кіраўніцтвам наадварот. І ў дачыненьні да нацыянальнай мовы, і ў дачыненьні да нацыянальнай культуры, гісторыі, сымбаляў. Што ні вазьмі, любы чыньнік нацыянальнага духу, у нас сёньня ўсё асьвятляецца наадварот.

Пад усім, што прамаўляецца ў “Рухнаме” ў дачыненьні да нацыянальных сьвятыняў, я магу падпісацца пад кожным словам. Я ўсім раю чытаць гэтую кнігу й не сьпяшацца рабіць высновы. Мы эўрапейцы, і павінны ацэньваць яе са свайго гледзішча”.

(Скобла: ) “Гэта разумелі беларускія інтэлігенты яшчэ ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. Памятаеце, кнігібкі выходзілі — “Што трэба ведаць кожнаму беларусу”. “Права цара — права Бога” — напісана ў “Рухнаме”. Прысваеньне Божых паўнамоцтваў — ці гэта не паказчык сфармаванага дыктатара?”

(Тарас: ) “Туркмэнбашы сапраўды прысвойвае сабе права Бога. У “Рухнаме” прыводзіцца такая прыпавесьць. Дзяўчына размаўляе зь вялікім Агыз-ханам (а гэта яшчэ ў той час, калі ў туркмэнаў было многа багоў), і хан кажа: калі ты прызнаеш адзінага праўдзівага бога, то я з табою ажанюся й буду кіраваць тваім жыцьцём, зраблю цябе шчасьлівай. Дзяўчына адказвае: я ніколі ня бачыла адзінага бога, але калі ты так гаворыш, прамаўляеш вуснамі гэтага бога, то я пайду за цябе й буду ва ўсім падпарадкоўвацца. Вось тое галоўнае, што хоча давесьці Туркмэнбашы да кожнага туркмэна.

Што да ідэалізацыі. Досьвед ХХ стагодзьдзя, асабліва другой паловы паказаў, як гэта небясьпечна і як гэта шкодна — ідэалізаваць. За кожную ідэалізацыю рана ці позна даводзіцца расплачвацца. Людзі зь цягам часу ўсё адно даведваюцца праўду. І расчараваньні бываюць вельмі балючыя. Людзі майго пакаленьня ведаюць гэта. Быў ідэалізаваны і рамантызаваны да самай апошняй ступені вобраз бальшавіцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны. І мы, будучы юнакамі, усё гэта шчыра прымалі сваёй душою. І як потым горка было расчароўвацца! Ідэалізацыя гісторыі — гэта абавязкова, у той ці іншай ступені, яе фальсыфікацыя”.

(Сітніца: ) “Наконт абранасьці Богам. Наш Філарэт заўсёды гаворыць, што ўлада ад Бога, і ўлада яму не пярэчыць”.

(Скобла: ) “Прадмова да “Рухнамы”, дарэчы, ананімная, заканчваецца заклікам да беларускіх мастакоў слова: падарыце Беларусі кнігу, падобную на “Рухнаму”. Ці магчыма гэта й ці варта?”

(Тарас: ) “Я думаю, што нешта падобнае, прычым менавіта “ад бацькі”, можа зьявіцца і ў Беларусі. Выданьне беларускамоўнай “Рухнамы”, на маю думку, гэта падсьціланьне саломкі “беларускаму башы”, беларускаму “бацьку”.

(Сітніца: ) “Вось адбыўся ў сакавіку Сход беларускай інтэлігенцыі, дзе мы зноў цэлы дзень плакалі — ах, як нам кепска! Мы й так ведаем, як нам кепска. Я думаю, што абраная на Сходзе Рада мусіць якраз і заняцца стварэньнем Кодэксу нацыянальнага духу. Бо што сёньня? Сёньня 25 Сакавіка ў розныя дні сьвяткуем! Курам на сьмех! Там сто чалавек, там дзьвесьце зьбіраюцца! Гэта што? Вось да якога выніку мы прыйшлі.

Сёньня нам патрэбная беларуская “Рухнама”! І створыць нам яе не прэзыдэнт, мы яшчэ доўга не дачакаемся такіх прэзыдэнтаў, а найлепшыя нашы філёзафы, гісторыкі, пісьменьнікі й мастакі. Кодэкс нацыянальнага духу аб’яднае інтэлігенцыю, як адказную за лёс народу, якая потым данясе яго да кожнай беларускай сям’і. Беларускай папярэдніцай “Рухнамы” можна лічыць кнігу Ўладзімера Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, дзе паказаныя краса нацыі, дух нацыі. І мы на тую прэзыдэнцкую “рухнаму”, калі яна зьявіцца, павінны адказаць беларускай кнігай, дзе будзе ўслаўлены беларускі дух”.

(Тарас: ) “Вось тут я зь Сітніцам цалкам згодны. Калі беларускай “рухнамой” станецца “Зямля пад белымі крыламі”, то я сам буду хадзіць зь ёю, як зь Бібліяй”.

(Скобла: ) “Дзякую сваім суразмоўцам за гутарку. а падводзячы пад ёю рысу, хацеў бы нагадаць нашым слухачам, што аўтар “Рухнамы” Сапармурат Туркмэнбашы ўваходзіць у сьпіс 10 дыктатараў сьвету, складзены паводле зьвестак міжнародных праваахоўчых арганізацыяў. Там, дарэчы, ёсьць і Садам Хусэйн, і Аляксандар Лукашэнка.

Туркмэнбашы зачыніў Нацыянальную опэру, балет, забараніў у сваёй краіне цырк і ліквідаваў Акадэмію навук. А парлямэнт туркмэнскі прызначаецца прэзыдэнтам. І ўсё ж “Рухнама” знайшла свайго зацікаўленага чытача і ў Беларусі. Scripte manent — напісанае застаецца. Правадыры гэта таксама разумеюць. Правадыр бяз кнігі — трохі несапраўдны. Ці не таму ў маскоўскім выдавецтве “Советский писатель” рыхтуецца да друку кніга ляўрэата літаратурнай прэміі імя Шолахава Аляксандра Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG