Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МОЖА ПАЎПЛЫВАЦЬ НА БЕЛАРУСЬ ПРЫНЯЦЬЦЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА АКТУ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ БЕЛАРУСІ І РАСЕІ?


Юры Дракахруст, Прага

Калі гэты дакумент сапраўды будзе прыняты і ягоная літара будзе дакладна выконвацца, ён абмяжуе сувэрэнныя правы Беларусі даволі істотна. Паводле праекту, у выключнай кампэтэнцыі саюзнай дзяржавы будуць знаходзіцца, прынамсі, адзіная грашова-крэдытная, валютная, мытная, цэнавая і гандлёвая палітыка. Адзначаецца, што рашэньні што да ўсіх гэтых пытаньняў будуць прымацца праз саюзныя законы, а таксама праз дэкрэты і пастановы Вышэйшага Савету. Іншымі словамі, бадай, усе аспэкты нацыянальнай эканамічнай палітыкі будуць перададзеныя саюзнаму цэнтру. Прыкладна такая ж сыстэма існавала ў Савецкім Саюзе. Пры гэтым рашэньні саюзных органаў будуць мець вышэйшую юрыдычную сілу, гэта значыць, што ў выпадку, калі яны супярэчаць нацыянальнаму заканадаўству, дзейнічаюць менавіта саюзныя рашэньні.

На гэты чыньнік, дарэчы, учора зьвярнуў увагу старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгор Васілевіч. Ён нагадаў, што паводле дзейнай Канстытытуцыі Беларусі любыя акты наддзяржаўных утварэньняў маюць меншую юрыдычную сілу, чым нацыянальныя. Адсюль сп. Васілевіч робіць выснову, что калі прымаць Канстытуцыйны акт, то давядзецца мяняць беларускую Канстытуцыю, прынамсі, раздзел пра дзяржаўную ўладу.

Праўда, аддаючы на саюзны ўзровень асноўныя атрыбуты сувэрэнітэту, Канстытуцыйны акт прадугледжвае, што беларускі бок зможа блякаваць непрымальныя для яго рашэньні. У верхняй палаце саюзнага парлямэнту абедзьве краіны будуць прадстаўленыя пароўну, а самае галоўнае, што любое рашэньне Вышэйшага Савету будзе прымацца толькі пры згодзе бакоў, а дакладней, кіраўнікоў дзяржавы. Гэта ж тычыцца і законаў: кожны прэзыдэнт мае абсалютнае вэта – калі законапраект яму не падабаецца, ён гаворыць “не”, і законапраект выкідаецца ў сьметнік.

Такім чынам, праект Канстытуцыйнага акту ня тое што пазбаўляе Беларусь сувэрэнітэту, але робіць адзіным гарантам беларускага сувэрэнітэту кіраўніка дзяржавы. Будзе ён казаць “не” на ўсе рашэньні, што ўшчымляюць беларускія інтарэсы – саюзнай дзяржавы як бы і ня існуе. Будзе ўхваляць усе прапановы расейскага боку – саюзная дзяржава робіцца проста Расеяй.

Я хачу нагадаць, што апошнім часам мы назіраем працяг жорсткіх спрэчак паміж Менскам і Масквою наконт ўвядзеньня адзінай валюты. Бакі застаюцца непахіснымі ў адстойваньні сваіх пазыцыяў, ад афіцыйных беларускіх прадстаўнікоў усё часьцей гучаць меркаваньні, што да 1 студзеня 2005 году пераход Беларусі на расейскі рубель хутчэй за ўсё не адбудзецца. Між тым, у праекце Канстытуцыйнага акту зафіксавана, што саюзная дзяржава будзе мець адзіную валюту. Праўда, з філязофскім дадаткам, што да яе ўвядзеньня на тэрыторыях Беларусі і Расеі працягваюць хаджэньне нацыянальныя валюты. Дасьціпная заўвага: пакуль нешта не мяняецца, то застаецца ранейшым.

Уявім сябе, што Канстытуцыйны акт сапраўды дзейнічае ва ўсёй ягонай сіле. Расейцы прапануюць спаганяць падаходны падатак у 13%, як у іх зараз. А сябра Вышэйшага Савету Лукашэнка гаворыць “не”. І які падатак плоцяць і беларусы, і расейцы? Выглядае, што ніякі, бо праблема невырашальная. Паводле акту, падаткі – выключная кампэтэнцыя саюзу, ніякія нацыянальныя парлямэнты вырашаць тут нічога ня маюць права. Вясёлае жыцьцё пойдзе, толькі пад 1 красавіка такія мудрыя дакумэнты і прапаноўваць.

Напачатку было сказана пра літару канстытуцыйнага акту. Але шматгадовы досьвед падказвае, што жыцьцё ідзе сваім шляхам. Захацелі беларускія улады выдаліць Барыса Нямцова – забыліся пра ўсе саюзныя пагадненьні. Хочуць расейцы ўводзіць, прыкладам, новыя стаўкі мытаў – і ўводзяць, нават не прыгадваючы, што паводле саюзных дамоваў мусяць узгадняць гэтыя справы зь беларускім бокам. Так было, так ёсьць, так і будзе, нягледзячы на ўсе акты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG