Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СКЛАДЗЕ МІСІІ МІЖНАРОДНЫХ ІНСПЭКТАРАЎ У ІРАКУ ПРАЦАВАЎ ГАРАДЗЕНСКІ НАВУКОВЕЦ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Ігар Зьвярынскі працаваў у біялягічнай групе. Яе складалі навукоўцы з розных краінаў — ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Аргентыны, былі таксама фіны, швэды і беларусы.

(Зьвярынскі: ) “У асноўным гэта было інспэктаваньне аб’ектаў, якія маглі быць выкарыстаныя ў вытворчасьці біялягічнай зброі. Гэта, напрыклад, лябараторыі ўнівэрсытэтаў, коледжаў”.

Яны таксама інспэктавалі бровары і малочныя заводы — тыя вытворчасьці, дзе пры фэрмэнтацыі выкарыстоўваюцца мікраарганізмы.

(Зьвярынскі: ) “Вайсковыя аб’екты мы практычна не інспэктавалі, толькі цывільныя. Абсалютна нічога мы не знайшлі. Усё было згодна з дэклярацыяй ірацкага боку. Мы гэта спраўджвалі. Нас заўжды суправаджалі прадстаўнікі Іраку — гэта абавязковая ўмова, таму што мы не маглі гутарыць ці браць інтэрвію бязь іх. Паколькі можа быць фальсыфікацыя фактаў”.

Ігар Зьвярынскі гаворыць, што іракцы ставіліся дабразычліва да інспэктараў, нават да амэрыканцаў і брытанцаў, а яму як беларусу нават часам рабілі зьніжку ў краме.

Заробкі ў Іраку вельмі малыя — у сярэднім 30 даляраў. Насельніцтва жыве часта па-жабрацку. Але дзяржава выдае штомесяц бясплатныя харчы — крупы і цукар. Вельмі танныя хлеб і паліва.

Ігар Зьвярынскі гаворыць, што група інспэктараў яшчэ будзе выкарыстоўвацца:

(Зьвярынскі: ) “З чыста эканамічнага пункту гледжаньня ўтрыманьне групы каштуе ААН на год 80 мільёнаў даляраў. А колькі будзе каштаваць сьвету зараз гэтая вайна? Практычна Ірак пачаў пакрысе ўжо раззбройвацца. А што будзе зараз, цяжка сказаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG