На 19-ю гадзіну менскага часу заплянаваная пасадка ў аэрапорце “Менск-2” самалёту “Белавія” з Багдаду. У пятніцу генэральны дырэктар “Белавія” Анатоль Гусараў заявіў агэнцыі “Інтэрфакс”, што гэты самалёт выляцеў у Багдад за тымі грамадзянамі Беларусі, якія застаюцца ў Іраку.
Паводле спадара Гусарава, гэты чартэрны рэйс зафрахтаваны Таварыствам беларуска-ірацкае дружбы. Аднак амбасада Іраку ў Менску заявіла, што гэтым самалётам у Багдад лёталі бізнэсоўцы.
Сьпісаў гэтых таямнічых дзелавых людзей, якім спатрэбілася тэрмінова рабіць бізнэс у Іраку напярэдадні мажлівае вайны, “Белавія” не называе. Няма такіх сьпісаў і ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі, якое дачыненьня да гэтага чартэрнага рэйсу ня мае.
Новапрызначаны прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных кажа, што два беларускія дыпляматы па-ранейшаму застануцца ў Багдадзе:
(Савіных: ) “Яны ня будуць адлятаць. Яны будуць там на месцы, тым больш што мы лічым, што магчымасьць мірнага ўрэгуляваньня існуе”.
З Багдаду ў Менск грамадзяне Беларусі маглі вярнуцца іншым шляхам — праз Маскву на самалётах расейскага міністэрства надзвычайных сытуацыяў. У нядзелю адбыўся апошні, чацьверты адмысловы рэйс зь Іраку. Усяго расейцы вывезьлі зь Іраку 567 чалавек, зь іх каля 50 — грамадзяне Беларусі. Плянавалася, што такіх рэйсаў будзе пяць, аднак гэтулькі ахвотнікаў у Багдадзе не назьбіралася, таму панядзелкавы палёт Масква скасавала.