Хваля конкурсаў на распрацоўку гербоў гарадоў распачалася ў 1995 годзе пасьля рэфэрэндуму аб зьмене гербу “Пагоня”. З тае пары ў Беларусі зьявіліся некалькі дзясяткаў новых сымбаляў месцаў. Аднак гэта ня ёсьць станоўчым фактам, — кажа навуковец Анатоль Цітоў.
(Цітоў: ) “Ёсьць элемэнтарныя законы геральдыкі, якія, на жаль, невядомыя сучасным гербамахерам. Таму й праводзяць розныя конкурсы. Зроблены нядаўна герб Менску можа адносіцца толькі да шэрагу казусаў паводле свайго мастацкага выкананьня. Добра, каб зараз перад выбарамі дзе-небудзь апублікавалі імёны дэпутатаў гарсавету, якія прынялі гэты герб, каб іх ведалі ўсе выбарцы”.
Спадар Цітоў — дасьледчык геральдычнай спадчыны і аўтар некалькіх кнігаў аб старажытных гербах Беларусі. Паводле яго, перарабляць старажытныя сымбалі недапушчальна, бо яны надзвычай многа гавораць пра гісторыю месца. Клясычным у гэтым сэнсе ёсьць герб Магілёва ад 1661 году з выяваю “Пагоні.” Гаворыць Анатоль Цітоў:
(Цітоў: ) “Менавіта наяўнасьць герба “Пагоня” падкрэсьлівае статус Магілёва як сталічнага гораду па сваіх правах, як і сталічны горад Вільня. Таму ўсе гэтыя навадзелы ня могуць выклікаць той павагі, якую выклікае герб, якому 200–300–500 гадоў”.
У сучасных межах Беларусі 90 гарадоў маюць старажытныя гербы, якія сьведчаць пра магдэбурскае права. Наваствораныя ж сымбалі навукоўцы называюць не гербамі, а мастацкімі малюнкамі з гледзішча і формы, і зьместу, бо яны ня сьведчаць пра свабоду і самастойнасьць места.