Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ БЫКАЎ ВІНШУЕ З НОВЫМ ГОДАМ І ЖАДАЕ ЎБАЧЫЦЬ У 2003 ГОДЗЕ СВАБОДНУЮ БЕЛАРУСЬ


Гутарыў Сяргей Навумчык, Прага


(Быкаў: ) “Калі гаварыць пра дзяцінства, дык надараецца на памяці такі выпадак, калі недзе пры канцы 30-х гадоў, а, можа й у сярэдзіне, была ўпершыню дазволена елка на Новы год. Не на Каляды, канечне, а менавіта на Новы год. Я памятаю, як у школе была ўладкаваная гэтая елка, наверсе былі нейкія цацкі, якія зрабілі школьнікі, а таксама некалькі цукерак. Цукеркі пасьля вельмі кароценькай імпрэзы раздаваў настаўнік, і мне дасталася адна цукерчына з гэтай елкі. Самае сьветлае, што ўспамінаецца ад таго часу”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ўжо ня першы год на чужыне. Як сустракаюць Новы год у Фінляндыі ці Нямеччыне? Ці заўважылі вы нешта незвычайнае?”

(Быкаў: ) “Своеасаблівае, канечне, у Фінляндыі зьвязанае з Новым годам, Калядамі, натуральна, вызначаецца паўночнай спэцыфікай. Перш за ўсё, гэта вялікае ўбранства елак, асабліва ўсіх вокнаў. Ва ўсіх вокнах – рознакаляровыя выявы птушак, малюнкі, Дзед Мароз, выдатна аформленыя вітрыны, вялікая ўрачыстасьць у цэнтры гарадоў. Трэба сказаць, што на Захадзе Новы год ідзе за Калядамі, таму ўсё гэта зьліваецца ў адну вялікую радасную ўрачыстасьць, у якой шмат ад хрысьціянскага, але і нямала ад паганскага”.

(Карэспандэнт: ) “Васіль Уладзіміравіч, што б Вы пажадалі сабе і слухачам Свабоды ў Новым годзе?”

(Быкаў: ) “Ну, сабе заўсёды жадаеш самага лепшага, але што да сябе, дык гэта менш за ўсё збываецца. Слухачам Свабоды я жадаю, найболей, ад усёй душы – убачыць свабоднай Беларусь у Новым 2003 годзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG