Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АХВЯРЫ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БІБЛІЯТЭКІ


Ганна Соўсь, Менск

Тэрыторыя вакол дома №60 па вуліцы Шаранговіча нагадвае будаўнічы кар’ер — усё раскапана, ляжаць горы жвіру, паўсюль сьляды будаўнічай тэхнікі. Падыход ёсьць толькі да чатырох пад’ездаў, менавіта сюды да 1 лістапада гвалтам перасялілі жыхароў дамоў 4-га Сьляпянскага завулку.

Заходжу ў другі пад’езд. Ліфт не працуе, на падлозе плямы крыві. Па пад’езьдзе блукае стары сабака, яго таксама перасялілі разам з гаспадарамі. Але будкі на вуліцы больш няма, вось сабака й бадзяецца па пад’ездах, блытае іх, а потым вые, калі ня можа выйсьці на вуліцу.

У кватэры пэнсіянэркі Вольгі Мікітаўны сырая бэтонная падлога. Вільготныя шпалеры адвальваюцца са сьценаў. Некалькі дзён таму ў пад’ездзе адбылася аварыя — лопнула ацяпляльная труба, і ўсё заліло.

(Вольга Мікітаўна: ) “На восьмым паверсе прарвала трубу. Так лілася вада, што было немагчыма, усе пакоі былі залітыя. На пятым, шостым паверсе можна было плаваць. Да крамы зяць пабег патэлефанаваць у міліцыю. Там сказалі, што гэта ня іхныя справы. Патэлефанавалі яшчэ кудысьці, там адказалі, што ноччу ня могуць прыехаць, таму што сьвятла не было. Так вада і цякла халодная. У мяне муж хворы ляжыць — інвалід 1-й групы. Перасялілі... Прыехалі — дзьверы, вокны не адкрываюцца. Халодна, батарэі слаба грэюць. І вады не было, і газ адключылі. Сядзелі галодныя. Нашто было гнаць нас з-за гэтай бібліятэкі? Бібліятэку ім трэба было, дык няхай бы летам рабілі. А то на зіму выгналі, як тых сабак”.

У кватэры пэнсіянэра Анатоля Станкевіча працуе вялікі вэнтылятар — яго прынесьлі будаўнікі, каб падсушыць бэтонную падлогу. У пакоях вільготна, адчуваецца спэцыфічны пах сырасьці. Анатоль Станкевіч ходзіць па кватэры ў зімовых ботах.

(Станкевіч: ) “Цяпер будуць рабіць капітальны рамонт. Я вельмі незадаволены. Затапіла ўсе кнігі, усе дываны, усё цалкам. Ня ведаю, хто за гэта будзе плаціць. Застаўся я гол як сакол”.

У трэцім пад’езьдзе людзі таксама адчулі наступствы аварыі, некалькі дзён у іх не было вады. Іна Лаеўская гаворыць, што зараз шукае магчымасьць прадаць сваю аднапакаёвую кватэру ды пераехаць у іншае месца.

(Лаеўская: ) “Дом ня здадзены. Усё недароблена, ліфт не працуе. Тэлевізар не працуе, антэна не падключаная, радыёкропка таксама не працуе. Ня ведаю, здалі дом, ці не. Нам сказалі, што здадзены. Пайшлі ў ЖЭС, там нам сказалі, што ня трэба было перасяляцца. Можа, гэтая бібліятэка і патрэбная, але ж не такая вялікая. Навошта такая ў наш час, калі заводы не працуюць, людзі заробкі своечасова не атрымліваюць. А гэтую кватэру я прадаваць буду. Ня буду тут жыць”.

Мае наступныя суразмоўцы — муж і жонка Чабатаровы. Спадарыня Чабатарова працуе на маторным заводзе эканамістам. Надоечы на гэтым прадпрыемстве дзённы заробак кожнага супрацоўніка пералічылі на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Сям’ю Чабатаровых гэты буйны праект закрануў асабіста:

(Чабатароў: ) “1 лістапада прыяжджаў Лукашэнка, дык трэба было, каб да першага мы ўсё вызвалілі. І нас рэзка пагналі. Нават рэчы нармальна не сабралі”.

(Чабатарова: ) “З праспэкту нас перасялілі на самы ўскраек гораду. Хай бы крыху бліжэй. У нас жа і з працай усё звязана, і дзеці ў тым раёне вучыліся ў школе. Ім было галоўнае — будаўніцтва бібліятэкі, а ня мы”.

У недабудаваным доме №60 па вуліцы Шаранговіча перасяленцы займаюць больш за 10 кватэраў. Як сказала мне на разьвітаньне адна з маіх суразмоўцаў Іна Лаеўская, ёй вельмі цікава будзе паглядзець, што ж за бібліятэку збудуюць на тым месцы, дзе яна пражыла амаль усё жыцьцё. Але хадзіць па кнігі туды Іна Лаеўская ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG