Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР АДУКАЦЫІ ЗАЯЎЛЯЕ ПРА СТРАТЭГІЮ ПАШЫРЭНЬНЯ ДЗЬВЮХМОЎНЫХ ШКОЛ


Юры Сьвірко, Менск

Як заявіў сёньня на сустрэчы з журналістамі міністар адукацыі Пётар Брыгадзін, скарачэньне настаўніцкіх кадраў ідзе й будзе ісьці цягам наступных пяці гадоў, таму што з прычыны дэмаграфічнае сытуацыі да 2007 году будзе зьмяншацца колькасьць вучняў у школах.

Скарачаецца і колькасьць сельскіх школ, якіх сёлета закрылі 126. Дзяцей будуць вазіць на вучобу школьныя аўтобусы — іх купілі таксама каля сотні. Вядома, што сельскія школы былі перадусім беларускамоўныя. Ці значыць гэта, што беларуская мова ўсё больш выціскаецца са школы? Вось як адказаў на гэтае пытаньне міністар Брыгадзін:

(Брыгадзін: ) “Што тычыцца беларускамоўных школ — тэндэнцыі скарачэньня няма. Можа, крышачку гэта здарыцца ў сувязі са скарачэньнем малакамплектных сельскіх школ — там большасьць была беларускамоўных школ.

Сёньня такая сытуацыя: каля траціны дзяцей вучыцца ў беларускамоўных школах, дзьвюхмоўе — гэта 20% школ (расейская й беларуская мовы). Калі глядзець толькі беларускамоўнае — гэта каля траціны дзяцей вучыцца, а школ беларускамоўных — дзьве траціны. Але ж, яшчэ раз кажу, гэта невялічкія школы, гэта сельскія школы. Таму па колькасьці беларускамоўных школ вельмі многа, але ж калі ўжо глядзець на дзяцей, дык гэта не зусім”.

Вось як камэнтуе гэтыя словы Пятра Брыгадзіна намесьнік старшыні Таварыства беларускае мовы Сяргей Кручкоў:

(Кручкоў: ) “Проста спадар Брыгадзін не назваў адну вельмі важную лічбу: колькі школаў зь беларускай мовай навучаньня ў гарадзкой мясцовасьці. Іх прыкладна 42 школы, а, да прыкладу, у Менску толькі школ 250. Вось гэтую лічбу калі б ён назваў, дык было б зразумела, на якой мове вучыцца горад і якая пэрспэктыва ўвогуле ў беларускай мовы”.

Але наконт беларускай мовы ў сыстэме адукацыі міністар Брыгадзін заявіў таксама наступнае:

(Брыгадзін: ) “Наша стратэгія — безумоўна, пашырэньне беларускамоўных школ. Ня столькі школ, колькі асяродзьдзя беларускамоўнага. Нам здаецца, што стратэгія заключаецца ў пашырэньні дзьвюхмоўных школ — каб выкладалася частка прадметаў на беларускай мове, частка на расейскай мове”.

Гэтую заяву міністра адукацыі Сяргей Кручкоў з ТБМ лічыць вельмі небясьпечнай:

(Кручкоў: ) “Я баюся, што менавіта гэты экспэрымэнт можа быць перанесены на беларускія школы, і яны будуць, так бы мовіць, усе аднолькавыя. Ня будзе беларускіх і расейскіх школ — будуць сымбіёзныя новыя ўтварэньні. Вельмі цяжка ўявіць наступствы вось такіх рэчаў.

На вялікі жаль, гэта застанецца фікцыяй у расейскіх школах — усе спробы рабіць частку прадметаў па-беларуску. Але ў гэтым ёсьць пагроза, што беларускія школы (а прэсінг на іх вядзецца ўвесь час) проста будуць дапускаць да сябе расейскіх выкладчыкаў і такім чынам ужо да канца, ушчэнт разбураць рэшткі беларускамоўнай адукацыі, якая ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG