Зь Міністэрства інфармацыі мне паведамілі, што звароты, падобныя на просьбу Леаніда Козіка, — рэч звычайная. Маўляў, часта зьвяртаюцца і пакрыўджаныя мэдыямі начальнікі, і простыя грамадзяне, але гэта не азначае, што пасьля іх просьбаў нейкую газэту закрыюць. Такое магчыма толькі праз суд, запэўніла прадстаўніца галоўнага прававога ўпраўленьня Лілія Богдан.
(Богдан:) “Ён сапраўды прыклаў газэтныя публікацыі й папрасіў даць ім прававую ацэнку. Паводле закону, у нас ёсьць месяц на разгляд гэтай заявы, прычым мы нічога ня будзем вырашаць да таго, як выслухаем другі бок. Гэта значыць рэдакцыю.
Пакуль у мяне не было часу, але ўжо на наступным тыдні мы зьвернемся да “Народнай Волі” па тлумачэньні і, магчыма, прыкладзем копію ліста Козіка. Але ў любым выпадку, газэта можа быць зачыненая толькі паводле судовага рашэньня”.
Між тым, паводле іншых крыніцаў, Леанід Козік просіць Міністэрства інфармацыі менавіта закрыць газэту. Агенцтва “БелаПАН” сьцьвярджае, што Леанід Козік сам паведаміў пра гэтую сваю просьбу журналістам і патлумачыў, што застаўся не задаволены тым, як “Народная Воля” асьвятляла нядаўні зьезд прафсаюзаў.
Варта дадаць, што тыдзень таму пагрозы на адрас “Народнай Волі” гучалі і з вуснаў кіраўніка краіны. У прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка заявіў у адказ на пытаньне пра наяўнасьць прэзыдэнцкага фонду: “Такога прэзыдэнцкага фонду няма. Калі такі фонд ёсьць, то я не прэзыдэнт. Але каля яго няма, то “Народнай Волі” ў Беларусі ня будзе”. Гэтак сказаў Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі 17 верасьня.
Дарэчы, многія апазыцыйныя беларускія газэты былі закрытыя менавіта пасьля канфліктаў з рознымі начальнікамі. Так, у свой час у выніку судовых рашэньняў спынілі выхад газэты “Навіны”, “Пагоня” і “Наша свабода”.