1 жніўня чарговы раз падаражэў праезд у грамадзкім транспарце. Цяпер адзін квіток каштуе 150 рублёў замест 120, а льготны — 75 рублёў замест 60. У аўтобусах-экспрэсах праезд каштуе цяпер 300 рублёў. Месячны праязны на адзін від транспарту падаражэў з 5 тысяч 400 рублёў да 6 тысяч 750 рублёў.
Нагадаю, што з 1 ліпеня ў Менску быў адменены праязны на ўсе віды транспарту, цяпер замест яго дзейнічаюць асобныя праязныя на наземны транспарт і асобна на мэтро. Такім чынам, абодва праязныя цяпер каштуюць 17 тысяч 250 рублёў замест 13 тысяч 800 рублёў. Апошні раз цэны на праезд падвышаліся сёлета ў лютым — на 50%. Усяго ж з пачатку году праезд падаражэў амаль удвая.
Як ставяцца да гэтага менчукі? Якую частку іхнага сямейнага бюджэту складаюць выдаткі на транспарт? Каб высьветліць гэта, я наведала станцыю мэтро “Плошча Незалежнасьці”, што блізу вакзалу. Ля касаў стаялі вялікія чэргі — каб набыць жэтон ці праязны, людзям трэба было адстаяць ад 5 да 15 хвілінаў.
(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як Вы ставіцеся да таго, што падвысіліся кошты на праезд?”
(Малады чалавек: ) “Студэнту цяжка будзе”.
(Пэнсіянэрка: ) “Канечне, дрэнна. Я пэнсіянэрка, пэнсію не дабаўляюць, а даражэе ўсё”.
(Карэспандэнтка: ) “Якую частку Вашага бюджэту складаюць выдаткі на транспарт?”
(Пэнсіянэрка: ) “Якую частку? Сёмую. Праязны бяру за 9 тысяч”.
(Карэспандэнтка: ) “А як Вы ставіцеся да таго, што падаражэў праезд у грамадзкім транспарце?”
(Спадар: ) “Вельмі дрэнна. Раней ільготны каштаваў 60 рублёў, цяпер даражэй. Да таго ж у мэтро зойдзеш, і столькі стаіць народу. Адычыніце яшчэ дзьве –тры касы. Хай сена жне менш, а паглядзіць, як менчукі жывуць”.
(Другі спадар: ) “Транспарту патрэбны рамонт, заробкі кіроўцам трэба падвышаць. Але не настолькі — на 25%, хаця б адсоткаў 10–15”.
(Спадарыня: ) “Я абураная гэтым. Ня проста адмоўна, а абураная”.
(Карэспандэнтка: ) “Якую частку Вашага бюджэту складаюць выдаткі на транспарт?”
(Спадарыня: ) “Можа, дзясятую. Бяруць такія грошы, і трэба стаяць у чэргах. Увесь час, як падвышаюць цэны, дык адразу пачынаюцца чэргі, спыняюць продаж жэтонаў, і пачынаюцца чэргі”.
Гэтак адрэагавалі менчукі на чарговае падвышэньне цэнаў на праезд у грамадзкім транспарце. Сёньня на 25% падвысіліся цэны на праезд і ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Перадае нашая магілёўская карэспандэнтка Марыя Ўсьціновіч:
(Усьціновіч: ) “Чарговае падвышэньне выклікала ў магілёўцаў хутчэй лёгкае зьдзіўленьне, чым абурэньне. Людзі прызвычаіліся да фактычна штотыднёвага падвышэньня цэнаў на тавары і паслугі.
У сувязі з тым, што за ліпень двойчы зьмяняліся ў бок павелічэньня цэны на паліва, падвышэньне цаны квітка на праезд у гарадзкім транспарце калі не чакалася, то прагназавалася.
У бюджэце Магілёўскай вобласьці сёлета закладзена, што насельніцтва будзе аплачваць 76% выдаткаў на транспарт, астатнія 24% кампэнсуе бюджэт. За час, які прайшоў, толькі ў красавіку ўдалося дасягнуць 75% кампэнсацыі насельніцтвам, звычайна гэтая лічба вагаецца каля 60%.
Цяперашняе падвышэньне цэнаў на транспартныя паслугі, паводле папярэдніх разьлікаў, павіннае прывесьці да заплянаванага бюджэтам роўню, але не адразу, бо праязныя на жнівень прадалі па ранейшых цэнах. Да таго ж транспартныя арганізацыі сярод сваіх асноўных праблемаў называюць вялікую колькасьць розных ільготнікаў і тых, хто ня плаціць за праезд.
Дарэчы, напярэдадні гэтага падвышэньня ў сувязі зь вялікімі выдаткамі аўтобусных і тралейбусных паркаў Магілёва на рамонт старых машын усе вялікія маршруты былі падзеленыя на два альбо тры кароткія адрэзкі. Гэтая відавочная хітрасьць выклікала абурэньне магілёўцаў, але гнеўныя лісты ў газэтах на адрас транспартнікаў мелі толькі адзін адказ: маўляў, прабачце, але не хапае грошай”.
А вось значая частка віцяблянаў называе грамадзкі транспарт “пэнсіянэрскім” ды пераважна карыстаецца паслугамі маршрутнага таксі. Таму ўзьнятыя зь сёньняшняга дня кошт праезду ў гарадзкім транспарце закрануў пакуль што толькі віцебскіх пэнсіянэраў. Распавядае Браніслава Станкевіч:
(Станкевіч: ) “Сапраўды, скаргі на тое, што “праезд падаражэў на 15 рублёў” сёньня можна пачуць на транспартных прыпынках пераважна ад людзей пэнсійнага ўзросту. Большасьць працаздольных віцяблянаў, якія мусяць зь сёньняшняга дня плаціць у гарадзкім транспарце на 30 рублёў болей, апошняга падаражаньня праезду амаль не заўважыла.
Але зусім не таму, што 30 рублёў для іх, як кажуць, “ня грошы”. Проста грамадзкі транспарт у Віцебску зьява настолькі ж рэдкая, наколькі ненадзейная, і віцябляне, каб не спазьніцца на працу або не чакаць паўгадзіны на прыпынку, вымушаныя карыстацца паслугамі прыватных маршрутных таксі, дзе праезд каштуе ўсе 350 рублёў.
Дарэчы, цана праезду ў “маршрутцы” па Віцебску вельмі істотна адрозьніваецца ад цаны такой самай паслугі, скажам, у Воршы. Аршанцы да сёньняшняга дня плацілі за паездку на маршрутным таксі ненашмат болей, як у звычайным аўтобусе — усяго 150 рублёў, і гэты від транспарту амаль цалкам выцясьніў на аршанскіх вуліцах звычайныя гарадзкія аўтобусы, якіх у тамтэйшым аўтапарку засталіся цяпер лічаныя адзінкі.
Праўда, зь сёньняшняга дня адна паездка ў аршанскай “маршрутцы” каштуе ўжо 200 рублёў, тым часам як у віцебскіх “маршрутках” цэны пакуль што ранейшыя.
Але нават калі гэтыя цэны ўзьнімуцца, віцябляне, падобна, усё адно будуць карыстацца пераважна “маршруткамі”, якія, па сутнасьці, дублююць усе гарадзкія транспартныя маршруты. Бо і трамвайны, і тралейбусны, і аўтобусны віцебскія паркі даўно ўжо не папаўняюцца новымі машынамі, а старыя, выкупленыя за мяжой новымі або ўжо карыстанымі, даўно патрабуюць рамонту”.
Варта дадаць, што паводле афіцыйнай статыстыкі, заробкі рабочых і службоўцаў за першае паўгодзьдзе павялічыліся толькі на 17%, тады як цэны на праезд узрасьлі амаль удвая. Але ж гэтае падвышэньне проста неабходнае, лічыць былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў.
(Сасноў: ) “Грамадзкі транспарт стратны, таму падвышаць цэны неабходна. І трэба было гэта рабіць даўно і адразу, а ня так, як у нас. Цягнуць, цягнуць, а нічога не мяняеца. Як быў ён стратным, так і застаецца такім, і кожны раз даводзіцца нешта падвышаць. А што тычыцца заробкаў, то іх трэба зарабляць. А дзяржава не дае й перашкаджае гэтаму ўсяляк”.