Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКОЛА МАРКЕВІЧ: “НАД НАМІ ЗЬДЗЕКУЮЦЦА”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня закончыўся тэрмін падачы скаргаў на рашэньне суду аб абмежаваньні свабоды для двух журналістаў. З боку Міколы Маркевіча яна пададзеная раней, а з боку Паўла Мажэйкі – сёньня. У скаргах — просьба да калегіі абласнога суду перагледзець рашэньне аб пакараньні, і замяніць яго апраўдаўчым прысудам.

Журналісты спадзяваліся сёньня трапіць на прыём у амэрыканскай амбасадзе з нагоды ўгодкаў Дэклярацыі аб незалежнасьці. Гаворыць Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Адразу пасьля вынясеньня прысуду прадстаўнік амэрыканскай амбасады Ян Тэрнэр уручыў нам запрашэньні на сьвяткаваньне гадавіны незалежнасьці Злучаных Штатаў Амэрыкі. І мы даслалі факсам просьбу да судзьдзі Клімавай, каб яна нас адпусьціла. Сёньня зранку я зайшоў, яна сказала: калі ласка — едзьце”.

Аднак дазвол судзьдзі Тацяны Клімавай ня быў адназначным. Павал Мажэйка працягвае:

(Мажэйка: ) “На маё пытаньне: калі нас раптам затрымаюць на дарозе міліцыянты, ці магу я спаслацца на яе вусны дазвол? Яна сказала: не, у такім выпадку я адмоўлюся ад сваіх словаў”.

Мікола Маркевіч лічыць неапраўданым і абразьлівым тое, што адносна іх працягвае дзейнічаць забарона свабоднага выезду з гораду.

(Маркевіч: ) “Над намі зьдзекуюцца. Нас проста ставяць у становішча нявольнікаў, якіх прывязалі ланцугом. Безпадстаўна абсалютна, беззаконна. І пазбавілі аднаго з асноўных правоў — права на свабоднае перасоўваньне ў межах сваёй краіны”.

Сёньня ў Ленінскім судзе паведамілі, што дагэтуль не гатовыя пратаколы працэсу супраць журналістаў. Але ім неабходна пазнаёміцца з гэтымі дакумэнтамі, каб удакладніць зьмест сваіх скаргаў у калегію абласнога суду.

Калі пасьля яе перагляду прысуд застанецца правамоцным, журналісты вымушаныя будуць стаць на ўлік у спэцкамэндатуры. Неафіцыйна гаворыцца, што гэта можа быць спэцкамэндатура ў Шчучынскім раёне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG