Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Суботні дыялёг”: рэжысэр Валеры Мазынскі. 22 чэрвеня

Ірына Халіп працягвае тэму забароны на прафэсію. Госьць заўтрашняга “Суботняга дыялёга” — былы галоўны рэжысэр тэатру “Вольная сцэна” Валеры Мазынскі, які ня можа паставіць спэктакаль ні ў адным дзяржаўным тэатры.


“Здароўе”. 22 чэрвеня

Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя, праз 20 гадоў галоўнай мэдычнай праблемай ў разьвітых краінах будуць не інфаркты, рак або СНІД, але дэпрэсія. Многія лічаць яе проста натуральным станам прыгнечанасьці, але, паводле спэцыялістаў, цяжкая дэпрэсія – гэта небясьпечная хвароба. Статыстычна на дэпрэсію часьцей хварэюць старыя, самотныя людзі, больш у паўночных краінах, чым на сонечным поўдні, але ў прынцыпе яна не абмінае нікога і нідзе, незалежна нават ад дабрабыту і посьпехаў у жыцьці. Яна ня толькі адбірае ўсю прывабнасьць і асалоды жыцьця, але зьяўляецца прычынай невыносных пакутаў і 15% усіх самагубстваў.

Дэпрэсіям, а таксама некаторым практычным парадам, як захаваць добрае здароўе да старасьці, прысьвечаная нашая чарговая перадача.


“Галерэя “Свабоды”: Свабода як стыль. 22 чэрвеня

Праблема стылю ёсьць галоўнай, падставовай праблемаю ў мастацтвазанаўстве. Вызначыць, назваць, выдумаць, урэшце, свой назоў для нейкае зьявы, плыні ці школы – найвялікшы гонар і задавальненьне. Сыстэма вызначальных рысаў, што дае магчымасьць адрозьніць адныя праявы творчасьці ад іншых, то бок уласна стыль, ёсьць тэмаю гэтай перадачы... Што такое стыль у найноўшым беларускім мастацтве? Мастак Пятроў-Хруцкі, які вылучаўся сваімі пошукамі стылю – ад нэаэкспрэсіянізму да самім ім выдуманымі кірункамі новага, прыроднага бруталізму, вызначае цяпер панятак стылю гэтак: “Мой ўласны стыль – гэта адкрытасьць, гэта свабода. Таму што беларускаму мастаку не хапае гэтае свабоды, ён занадта заціснуты, занадта закамплексаваны. Стыль для мяне – гэта адкрытасьць. Адкрытасьць да камунікацыяў, да працэсаў”.


“Вольная студыя”. 23 чэрвеня

Беларуска-расейскі саюз ад самага пачатку свайго існаваньня меў невыразны статус. Сам ініцыятар яго стварэньня блытаўся ў тэрмінах і гаварыў то пра “саюзную дзяржаву”, то пра “саюз незалежных дзяржаваў”. Падобна на тое, што на шостым годзе ціхмянага існаваньня пад саюз вырашана стварыць і саюзную ідэалёгію. Прынамсі, “жорсткія літоўска-беларускія войны” ў расейскіх падручніках выклікалі рашучае пярэчаньне беларускага навуковага афіцыёзу. Адлюстравалася саюзная тэма і ў будучым беларускім гімне, які былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, надзвычайны й паўнамоцны пасол Беларусі ў Нямеччыне ў 1992–94 гадах Пётра Садоўскі схарактарызаваў як “помесь інцэсту зь нетрадыцыйнай арыентацыяй”. Гутарку зь ім Міхася Скоблы слухайце ў нядзельнай перадачы “Вольная студыя”.


“Праскі акцэнт”: Палітычны перасьлед незалежных мэдыяў у Беларусі. 23 чэрвеня

У панядзелак 24 чэрвеня чакаецца прысуд у справе журналістаў гарадзенскай газэты “Пагоня” Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, абвінавачаных у паклёпе на кіраўніка дзяржавы. Справа тычыцца зусім ня толькі гэтага рэгіянальнага выданьня, але незалежнай прэсы ў Беларусі ў цэлым. Тым болей, што падобная расправа пагражае і галоўнаму рэдактару менскай газэты “Рабочий” Віктару Івашкевічу. Разам з прэзыдэнтам Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной Віктар Івашкевіч бярэ ўдзел у гутарцы за круглым сталом у перадачы “Праскі акцэнт”. “Праскі акцэнт” на тэму палітычных пагрозаў, зь якімі сутыкнуліся сёньня беларускія мэдыі, слухайце ў нашай праграме ў нядзелю. Падрыхтаваў і вядзе перадачу Віталь Тарас.


“Літаратурны круглы стол”. 23 чэрвеня

“Літаратурныя асяродкі ў беларускіх мястэчках пры канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў сталіся эпіцэнтрамі новае хвалі нацыянальнага адраджэньня. Як адзін з самых яскравых прыкладаў — полацка-наваполацкі рэгіён, дзе маладыя творцы дамагаліся ад кампартыйных уладаў наданьня безаблічным назвам гарадзкіх вуліцаў новых імёнаў — клясыкаў беларускае літаратуры. Нястомныя хаджэньні па кватэрах бацькоў і чыноўных кабінэтах завяршыліся адкрыцьцём у інтэрнацыянальным Наваполацку ў 1988 годзе першае беларускае клясы, якая была другой пасьля сталічнае гарадзкой беларускай клясай у найноўшай гісторыі краіны.

А ў старажытным Полацку ў той самы час творчая група моладзі дамаглася адкрыцьця першага гарадзкога беларускага дзіцячага саду. І ў старым, і ў новым Полацку ў грамадзкіх месцах і на афіцыйных імпрэзах усё часьцей гучала беларуская мова. А што сёньня? Ці маюць там беларускія літаратары ўплыў на фармаваньне гарадзкого беларускага асяродзьдзя?

Пра гэта наша карэспандэнтка Валянціна Аксак гутарыць зь вядомымі літаратаркамі, якія жывуць па два бакі аднае рэчкі Заходняе Дзьвіны, якая лучыць 1140-гадовы Полацак з 45-гадовым Наваполацкам. У першай частцы праграмы гутарка на левадзьвінскім беразе — з Ірынаю Жарнасек. У другой слухайце паэтку з Полацку Леру Сом.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG