Паводле зьвестак Фэдэрацыі, у апошнія тыдні ва ўсіх абласьцях і на ўсіх узроўнях прадстаўнікі выканаўчай улады актывізавалі стварэньне альтэрнатыўных прафсаюзных структураў. Як паведаміў сёньня нашаму радыё намесьнік старшыні Фэдэрацыі Яўген Бурак, улады кіруюцца стратэгічным плянам:
(Бурак: ) “Першае і галоўнае — гэта разбурыць Фэдэрацыю прафсаюзаў. Гэта надзвычай важна для тых людзей, якія сёньня разбураюць прафсаюзы Беларусі. Таму што менавіта Фэдэрацыя прафсаюзаў сёньня мае інфармацыю, яна выпрацоўвае прафсаюзную палітыку. Наступны этап — ліквідацыя галіновых прафсаюзаў. У многіх галіновых прафсаюзаў сёньня існуюць праблемы. Напрыклад, на паседжаньне прэзыдыюму прафсаюзу авіяработнікаў раптам прыходзяць кіраўнікі Дзяржаўнага камітэту па авіяцыі і патрабуюць, каб прэзыдыюм прыняў тэрміновае рашэньне аб выхадзе з Фэдэрацыі ўсяго галіновага прафсаюзу”.
Паводле словаў спадара Бурака, вельмі актыўна ўлады разбураюць галіновыя прафсаюзы будаўнікоў, аўтасельгасмашу. Сёньня, напрыклад, тэрмінова мусіў накіравацца ў Гомель лідэр аўтасельгасмашаўцаў Аляксандар Бухвостаў, бо “дырэктарскі” прафсаюз пачала ствараць адміністрацыя “Гомсельмашу”. Але найбольшую актыўнасьць улады разгарнулі дзеля разбурэньня галіновага прафсаюзу настаўнікаў.
Вось што паведаміла намесьніца старшыні рэспубліканскага камітэту Алена Морава:
(Морава: ) “Сёньня ўсім кажуць: “Вам грошы плацяць на месцы? На месцы. Вашы ўмовы працы залежаць ад мясцовага кіраўніцтва? Ад мясцовага кіраўніцтва. Вось мы тут і будзем ствараць сваю тэрытарыяльную самастойную арганізацыю”. Такім чынам, усё робіцца з парушэньнем і рэспубліканскага заканадаўства, і тых статутаў, якім яны падпарадкоўваліся, калі былі ў нашым прафсаюзе. Мы гэта зьвязваем з тым, што ў сёньняшняй сацыяльна-эканамічнай сытуацыі настаўнікаў чакае вельмі цяжкі пачатак новага навучальнага году. Самае балючае — пераход на пяцідзёнку, які зьвязаны са скарачэньнем навучальных плянаў. Гэта прывядзе да тысячных скарачэньняў у пэдагагічных калектывах”.
Паводле зьвестак прафсаюзу адукацыі, з 1 верасьня ў Беларусі будуць скарочаныя каля 8 тысяч настаўнікаў.