Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РАДЗІМЕ ЯКУБА КОЛАСА НЯ МАЮЦЬ ГРОШАЙ, КАБ ГОДНА АДЗНАЧЫЦЬ 120-ГОДЗЬДЗЕ ПАЭТА


Галіна Абакунчык, Менск

Ад Менску да радзімы Якуба Коласа ўсяго 80 кілямэтраў, але трапіць туды няпроста. Да прыкладу, каб дабрацца ў Смольню, дзе ў колішняй лесьнічоўцы жыла сям'я паэта, а цяпер разьмешчаны музэй, неабходна трапіць на аўтобус Стоўпцы — Мікалаеўшчына, а ён ходзіць толькі двойчы на дзень. Паколькі дарога гэтая лясная й спадарожнага транспарту ў бок вёскі й музэю амаль няма, цягам дня гэты шлях мясцовыя жыхары пераадольваюць на роварах альбо пешшу, як, да прыкладу, карэнны жыхар Мікалаеўшчыны пэнсіянэр Уладзімер Мароз.

(Карэспандэнтка: ) "Вы з працы ідзяцё?"

(Мароз: ) "Кабана калоў у швагеркі ў Грабёнаўшчыне. А цяпер у Мікалаеўшчыну іду. Тут аўтобус ня ходзіць. Хочаш на ровары едзь, а не — дык пехатою ідзі".

(Карэспандэнтка: ) "Вы там жывяцё? "

(Мароз: ) "Так. Зь дзяцінства. І нарадзіўся ў Мікалаеўшчыне. Якуба Коласа знаю, бачыў. Я хоць і малы быў, але памятаю, як ён прыяжджаў. Тут яго лецішча было каля Белай гары”.

(Карэспандэнтка: ) "А вы тады ведалі, хто такі Якуб Колас?"

(Мароз: ) "Ну канечне. Чаму ж я ня ведаў. Паэт. Вершы ягоныя ў школе вучылі — “мой родны кут, як ты мне мілы…” — ну й гэтак далей".

Калі тутэйшы люд шануе памяць пра свайго слыннага земляка, дык пра чынавенства гэтага ня скажаш. У гэтым пераканалася экскурсавод музэю ў Смольні, пляменьніца Якуба Коласа Соф'я Міцкевіч.

(Міцкевіч: ) "Прыйшлі да мяне людзі стаўпцоўскія й кажуць, што прыйдуць на экскурсію вельмі вялікія начальнікі. А я пытаюся — ці ведаеце, што ў нас музэй платны, 160 рублёў за білет? Яны кажуць — ой, аб чым размова — і ўрываюцца адразу чалавек з 25. Пасьля экскурсіі я ім нагадала, здагадаліся, што грошы трэба плаціць. Калі я азірнулася, гляджу — пабеглі. У аўтобусе ўжо сядзяць. І гэта высокапастаўленыя чыноўнікі. Што мне рабіць? Ня ўзяла зь іх грошай. Так пабылі. Што гэта за начальства?"

Дарэчы, мясцовыя ўлады забаранілі тутэйшаму прадпрымальніку аднавіць у Мікалаеўшчыне старажытную карчму, аналягічную той, у якой некаторы час жыла сям’я Міцкевічаў. Але нават дзейны музэй у Смольні, што на маляўнічым беразе Нёмана, працуе толькі часткова. Няма грошай на экспазыцыю ў гумне й хляве, хоць для гэтага дастаткова ўнікальных экспанатаў. І нават самае простае — музэй ня мае магчымасьці напярэдадні юбілею памяняць спарахнелы плот. Так што спадарыня Соф’я просіць наведнікаў плот рукамі не чапаць і — барані Бог — не абапірацца, каб не паваліліся праслы.

(Карэспандэнтка: ) "Як тут рыхтуюцца да юбілею?"

(Міцкевіч: ) "Столькі грошай трэба было б. Тут усё трэба рамантаваць. Вы ж бачыце, што тут валіцца, тут валіцца, падапром, падаб’ём. Будзем рабіць самае неабходнае: каб гумно, хлеў быў адкрыты. Лямпачкі трэба купіць, анучы — у нас і гэтага скупа. А калі плот гэты яшчэ застанецца на год, дык нічога страшнага, бо грошай столькі не адпусьцяць".

Ня лепшае становішча і ў доме-музэі ў вёсцы Акінчыцы, дзе нарадзіўся паэт. З часу заснаваньня мэмарыялу, за невялікім выняткам, экспазыцыя тут не мянялася, будынак даўно патрабуе рамонту, а прылеглая тэрыторыя — добраўпарадкаваньня. Гаворыць экскурсаводка музэю, таксама сваячка Коласа й таксама Соф’я Міцкевіч.

(Карэспандэнтка: ) "Ці аддаецца належнае Якубу Коласу ў год ягонага юбілею?"

(Міцкеві: ) "Пакуль што яшчэ не адчуваю. Увагі асаблівай не адчуваю".

(Карэспандэнтка: ) "А грошай тут шмат трэба ўкладаць?"

(Міцкевіч: ) "Страшэнна шмат. Вы ж бачыце, што ўсё старое ў нас. І парканы, і хаткі трэба рамантаваць. Усё рамантаваць. Ну а ці хопіць таго, што выдзеляць, я ня ведаю".

Яшчэ большыя праблемы ў літаратурна-мэмарыяльнага музэю Якуба Коласа ў Менску — у яго каля 7 мільёнаў рублёў запазычанасьці за камунальныя паслугі. У выніку тут не змаглі нават аформіць падпіску на пэрыёдыку й цяпер ня могуць сабраць для архіву публікацыі, прысьвечаныя Якубу Коласу ў год юбілею. Супрацоўнікі музэю зьвярнуліся з просьбай аб дапамозе да прадпрыемстваў і арганізацыяў краны. Днямі патэлефанавалі з заводу ў Ваўкавыску й прапанавалі на рамонт філіі музэю ў Акінчыцах тону цэмэнту. Абяцалі дапамагчы сваёй прадукцыяй прадпрыемствы зь Менску й іншых гарадоў Беларусі. Дзяржава на сьвяткаваньне юбілейнай гадавіны Якуба Коласа грошай яшчэ не выдаткоўвала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG