Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УГЛЯНІЦА І ЖАРНАСЕК: “ЯНЫ КАТАВАЛІ ЗАХАРАНКУ”


Сяргей Навумчык, Нарвэгія

(Жарнасек: ) “Ведаеце, у краінах кшталту Беларусі апазыцыя вымушаная бараніцца, лідэры партыяў вымушаныя хадзіць з аховай, самім ахоўваць свае мітынгі, розныя дэманстрацыі, каб пазьбегнуць розных правакацыяў з боку розных структураў.

Спадар Захаранка спрабаваў арганізаваць адпаведную службу ў самой апазыцыі. Таму, дарэчы, Лукашэнка і казаў, маўляў, змовы там... Вы ўспомніце 1999 год. У траўні былі альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. Захаранка зьнік напярэдадні гэтых выбараў, і ўсім вядома, што ён вёў перамовы зь міліцэйскімі чынамі з вобласьцяў.

Я меў пэўныя адносіны да гэтага сілавога складніку апазыцыі. Існавала дружына БНФ, была дружына Маладога Фронту і гэтак далей. Менавіта на базе гэтых дружынаў рабілася спроба стварэньня нейкага адмысловага аддзелу, які ахоўваў бы лідэраў партыі і ахоўваў бы маніфэстацыі. Усё ў межах закону, ніякіх там складоў зброі і нічога такога, пра што Лукашэнка пачаў крычаць.

Нам вядома было, што Захаранка вёў перамовы зь міліцэйскімі чынамі ў вобласьцях. І менавіта гэтага напужаўся Лукашэнка. Можаце паглядзець па прэсе: шмат міліцэйскіх чыноўнікаў былі зьнятыя са сваіх пасадаў пасьля зьнікненьня Захаранкі. Натуральна, Лукашэнка ня мог дапусьціць таго, каб складвалася нейкая трэцяя сіла. Захаранка ж заявіў пра стварэньне Саюзу афіцэраў. Ён станавіўся небясьпечным. І гэта зьявілася адной з прычынаў ягонага забойства. Менавіта забойства – рэчы трэба называць сваімі імёнамі. Ніякае гэта не зьнікненьне, а забойства”.

(Навумчык: ) “Вы валодаеце нейкай інфармацыяй, як гэта тады адбывалася?”

(Жарнасек: ) “Я валодаю інфармацыяй, але мне яе цяжка пацьвердзіць. Я магу толькі здагадвацца. З пэўных крыніцаў я ведаю пра тое, што забойства Захаранкі было абстаўленае як пакараньне. Быў атрыманы пісталет у Алкаева. Я думаю, што нават вялікі адмыслоўца-мастак Сівакоў мог напісаць адпаведны ўказ ад імя Лукашэнкі. Падпісаў яго Лукашэнка ці не, але, так бы мовіць, у мэтах бясьпекі дзяржавы пакараць сьмерцю Захаранку, які штосьці задумаў... Я думаю, што ўсё так і адбывалася. Гэта было, напэўна, гэтакае тэатралізаванае прадстаўленьне. Таму што Захаранка ведаў пісталет, зь якога забівалі, прыводзілі ў дзеяньне сьмяротнае пакараньне. Ён ня мог яго ня ведаць, і, убачыўшы гэты пісталет, мог зразумець, здагадацца, што гэта ўсё робіцца паводле загаду зьверху як сьмяротнае пакараньне”.

(Навумчык: ) “Вы маеце на ўвазе, што Захаранка мог распазнаць пісталет?”

(Жарнасек: ) “Так, менавіта, так”.

(Навумчык: ) “Па зьнешнім выглядзе?”

(Жарнасек: ) “Канешне”.

(Навумчык: ) “Як я разумею, гэта быў звычайны пісталет Макарава. Я ў свой час служыў афіцэрам у войску, два гады. І быў у мяне пісталет. Але калі пакласьці дзесяць пісталетаў, то наўрад ці я змог бы нават у тыя гады сярод іх пазнаць свой...”

(Жарнасек: ) “Справа ў тым, што там быў пісталет з адпаведным прыстасаваньнем – глушыцелем. І глушыцель быў менавіта такі, які выкарыстоўваецца там, дзеля выкананьня сьмяротных прысудаў. Гэта больш дакладна ведае Алкаеў. Гэта ягоныя, дарэчы, словы, не мае, што гэта было абстаўлена як сьмяротнае пакараньне. Я толькі, так бы мовіць, іх агучваю”.

(Навумчык: ) “Цяпер пытаньне да Генадзя Ўгляніцы. Ці можаце вы што-небудзь дадаць, пацьвердзіць гэтую вэрсыю?”

(Угляніца: ) “Вы ведаеце, падобных выпадках у нас адразу арыентуюцца ўсе структуры – КГБ, Міністэрства ўнутраных справаў, памежнікі і гэтак далей...”

(Навумчык: ) “Што значыць, арыентуюцца?”

(Угляніца: ) “Калі справа важная, то яе зыход можа мець якія-небудзь узьдзеяньні на сытуацыю ў краіне, у грамадзтве. А таму гэтай справай займаюцца многія структуры. Але пасьля зьнікненьня Захаранкі ўсё было абстаўленае так, як быццам бы чалавек зьехаў некуды сам і не зьбіраецца вярнуцца. Калі параўноваць зьнікненьне іншых вядомых палітыкаў, прыкладам, Ганчара, то яго і Красоўскага шукалі і шукалі вельмі актыўна. Калі ж зьнік Захаранка, на гэта як бы ніхто не зьвярнуў увагі. Яно прайшло міма”.

(Навумчык: ) “У чым прычына гэтага?”

(Угляніца: ) “Магчыма, людзі, якія павінны былі займацца гэтай справай, а тады гэтым павінен быў займацца спадар Сівакоў, ведалі, дзе знаходзіўся Захаранка і не захацелі падымаць шуму і прыцягваць увагу іншых структураў, прыцягваць іх да расьследаваньня гэтай справы”.

(Навумчык: ) “Вы сказалі, што Ганчара і Красоўскага шукалі... Іх шукаў КГБ?”

(Угляніца: ) “Так, іх шукаў ў тым ліку і КГБ, і шукаў вельмі актыўна. І КГБ знайшоў канцы гэтай справы. Але потым яны былі згубленыя. Згубленыя не па віне супрацоўнікаў КГБ, а таму што гэтая справа была прыпыненая паводле асабістага ўказу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі, які перадаў гэтую справу свайму падначаленаму Шэйману.

(Навумчык: ) “Мы вернемся пазьней да справы Ганчара і Красоўскага. Калі ласка, Андрэй Жарнасек”.

(Жарнасек: ) “Справа ў тым, што ў зьнікненьні Захаранкі былі сьведкі. Людзі бачылі, як яго цягнулі ў машыну. Сьведкі ёсьць. Сьведкам дастаткова паказаць фотаздымкі тых людзй, якія падазраваныя ў гэтай справе. А хто падазраецца, відаць з рапарту генэрала Лапаціка. Там ясна напісана, што было зьдзейсьненае гэта (тут ёсьць цікавы момант) Паўлючэнкам. А потым ідзе ягоная пасада.

Усе чамусьці думалі, што там яшчэ адзін чалавек прысутнічае. Паўлючэнка – камандзір першай роту СОБРу. Менавіта так гэтая фраза гучыць: “Паўлючэнка, камандзер першай роты СОБРу,” потым яшчэ тры байцы і стаіць “коска”.

Інфармацыйнае прыкрыцьцё было забясьпечанае, “наружка” і ўсё астатняе спадаром Васільчанкам. Гэтае прозьвішча ўсплыве далей, у справе Завадзкага. Менавіта Васільчанка кіруе выведкай Савета Бясьпекі. Менавіта ён можа праслухоўваць тэлефоны бяз санкцыі пракурора, “наружку” чапляць на людзей бяз санкцыі пракурора...

Дастаткова проста апытаць сьведкаў. Сьведкі былі. Яны спачатку казалі там пра нейкія абставіны, потым яны змоўклі. Хутчэй за ўсё да іх проста прыйшлі і сказалі: “Змоўкніце, а то з вамі будзе тое самае”. І хутчэй за ўсё – маё меркаваньне – менавіта Захаранка пахаваны на Паўночных могілках. Таму што ён як міністар МУСу павінен быў ведаць, дзе хаваюць тых, каму сьмяротны прысуд прыводзяць у дзеяньне”.

(Навумчык: ) “Вы думаеце менавіта для яго ўсю гэтую працэдуру прывядзеньня сьмяротнага прысуду ў дзеяньне выканалі, тую, пра якую казаў у тым ліку Алкаеў? У чым сутнасьць гэтага?”

(Жарнасек: ) “Ведаеце, Захаранка быў чалавек сьмелы, адважны. Яго немагчыма было зламіць. Зь ім можна было б усё што заўгодна рабіць, але б ён ніколі не адступіўся ад сваіх прынцыпаў. Менавіта дзеля таго, каб прынізіць ягоны гонар і годнасьць, гэта вось так і зрабілі такім чынам, паказаць, што мы цябе разглядаем як злачынцу і ставімся да цябе як да злачынцы.

З паказаньняў Алкаева вядома, што пісталет, які браў Паўлючэнка, тады як раз для Захаранкі, яны вярнулі яго праз два тыдні, ён быў заржаўлены. А пісталет, зь якога стрэлялі ў Ганчара з Красоўскім, яны аддалі чысьценкім. Яны маглі яго нават і не выкарастаць, калі глядзець па зьвестках, якія нам распавёў Мяцельскі, хутчэй за ўсё так і было, яны не выкарыстоўвалі гэты пісталет, яны проста ўзялі яго аўтаматычна і потым паклалі.

Я думаю, што яны зь ім “размаўлялі”, ці дакладней кажучы, катавалі Захаранку, каб выведаць інфармацыю наконт усіх гэтых розных справаў. Ганчара яны забілі проста, адразу, загрузілі ў машыну, завезьлі ў лес, застрэлілі і ўсё на гэтым. А Захаранку яны катавалі. Таму і пісталет аддалі ў такім стане”.

(Навумчык: ) “А зьнікненьне ці забойства Ганчара і Красоўскага, паводле вашай інфармацыі і дасьледваньняў, у чым была галоўная прычына гэтага?”

(Жарнасек: ) “Лукашэнка сказаў, што Ганчар рыхтаваў змову супраць яго, а так фактычна яно і атрымлівалася, бо Ганчар зьбіраўся пераключыць усе паўнамоцтвы Вярхоўнага савету 13-га скліканьня на сябе. Гэта па-першае. Па-другое, ён пасьпяхова правёў перамовы ў Расеі, з расейскім бокам. І хутчэй за ўсё расейцы падтрымалі ягоную ідэю”.

(Навумчык: ) “Пасьпяховую ў якім сэнсе? Бо паводле той інфармацыі, якую мы маем, вядома, што Расея не зусім ясна выступіла ў падтрымку”.

(Жарнасек: ) “Ці вы памятаеце 1999 год у Расеі? Калі да ўлады фактычна прыходзіў спадар Пуцін, калі пачалася чачэнская вайна, і туды прыйшлі новыя людзі, ад Ельцына асабіста мала што залежыла. Там ужо вырашаў усё Пуцін. І я мяркую, паводле тых пэўных зьвестак, што я маю, што Ганчар меў дамову менавіта з гэтымі людзьмі. Дарэчы, ён быў вельмі падобны да іх: ён быў малады, ён меў прагу да ўлады, зь ім можна было дамовіцца, і адпаведна былі бы ўлічаныя інтарэсы Расеі ў палітыцы Ганчара.

Гэтага Лукашэнка і спужаўся. Менавіта гэта сталася прычынай выкраданьня і забойства Ганчара. А Красоўскі патрапіў у гэтую сытуацыю проста выпадкова. Атрымалася так, што ў Лукашэнкі не было часу”.

(Навумчык: ) “Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, не было часу?”

(Жарнасек: ) “Ганчар зьнік у чацьвер, разам з Красоўскім, а ў суботу павінна была адбыцца сустрэча Вярхоўнага савета, на якой Ганчар пераключаў на сябе ўсе паўнамоцтвы. Можаце ўспомніць паперы Ганчара, якія тады зьявіліся ў друку, наконт стану Беларусі ў асяродзьдзі ўладных структураў. Там ён пісаў, што 80-90% людзей улады зацікаўленыя ў зьмене Лукашэнкі, што яна, гэтая намэнклатура, падтрымае яго [Ганчара].

Такім чынам атрымліваецца, што яны мелі літаральна два дні, нават адзін дзень, бо ў пятніцу маглі быць нейкія прэсавыя канфэрэнцыі ці арганізацыйныя мерапрыемствы, і да Ганчара проста фізычна было бы не дабрацца.

Яго выклікаў на сустрэчу генэрал Сівакоў… Ведаеце, мы абапіраемся на словы сьведкі, менавіта Мяцельскага. Ён нам распавёў, якім чынам быў захоплены Ганчар і Красоўскі. Зь ягоных словаў вынікала, што яны ад’ехалі ад бані, яны паехалі на сустрэчу, пры гэтым Красоўскі папярэдне адпусьціў свайго кіроўцу. І яны былі захоплены каля шматпавярховага будынка, жылога дому, прычым яны ўжо выйшлі з машыны з свайго джыпа, хутчэй за ўсё былі адключаны мабільнікі

Дзьве машыны, якія іх захоплівалі, пад’ехалі з абодвух бакоў, укінулі іх у машыны. Гэта ўсё заняло літаральна 10-15 сэкундаў. Пасадзілі за руль свайго кіроўцу, і ўвесь гэты картэж зьехаў у накірунку Бягомля. Уявіце сабе, каб захапіць людзей такім чынам, трэба дакладна ведаць месца, амаль да мэтра, бо машыну можна паставіць упоперак ці яшчэ нейкім іншым чынам, каб немагчыма было пад’ехаць. Значыцца, павінна была быць дамова. Якое месца Паўлючэнка ведаў дакладна? Хатнюю адрэсу Сівакова, дзе ён сам бываў шматкроць. Гэта па-першае.

Па-другое, ёсьць яшчэ адзін цікавы момант, які ўсплыў на наступны дзень адразу. Калі ноччу не зьявіўся Красоўскі ў хаце, яго пачала шукаць жонка. Яна адразу патэлефанавала Зінаідзе Ганчар і спытала, дзе яе муж, бо Красоўскі, сыходзячы, сказаў сваёй жонцы, што ён едзе на сустрэчу з Ганчаром. А Зінаіда Ганчар адразу затэлефанвала спадару Сівакову. Такім чынам, вядома, што зь Сіваковым у іх мусіла быць сустрэча. Менавіта зь Сіваковым. І менавіта ён быў такім чалавекам, які мог вырашыць праблемы Красоўскага зь ягоным крэдытам”.

(Навумчык: ) “Пры чым тут крэдыт?”

(Жарнасек: ) “Спадар Красоўскі быў пасаджаны ў СІЗО, здаецца, на два тыдні, у жніўні, быццам бы за невяртаньне крэдыту. Потым яго выпусьцілі, бо частку крэдыта ён выплаціў, а наступную частку, паводле словаў пэўных людзей, яму не было чым плаціць. Красоўскі і Ганчар – сябры па партыі. Я не выключаю, што Красоўскі мог фінансаваць нейкую дзейнасьць Ганчара. Аб гэтым, дарэчы, добра ведалі ў АГП, добра ведаў спадар Лябедзька, добра ведаў спадар Данэйка”.

(Навумчык: ) “Вяртаючыся да Сівакова, дык якія доказы вы маеце, што менавіта ён выклікаў Ганчара з Красоўскім?”

(Угляніца: ) “Увесь гэты час ніхто не зьвяртаў увагу на такія акалічнасьці, як тое, што жонцы Ганчара Зінаідзе ўначы затэлефанавала Красоўская, і сказала, што зьнік Ганчар, а раніцай Зінаідзе Ганчар затэлефанавалі з Савецкага РАУС г. Мінску і сказалі, што ўначы ім тэлефанаваў Сівакоў і прасіў разабрацца, што здарылася ў спадарыні Ганчар, куды зьнік яе муж. Як мог Сівакоў ужо ноччу знаць, што ў Зінаіды Ганчар нешта здарылася і пасылаць раніцай да яе машыну? Гэта памятаюць міліцыянты Савецкага РАУСу, якія езьдзілі да яе і якіх ноччу падымаў спадар Сівакоў”.

(Навумчык: ) “Гэтая інфармацыя, здаецца, нідзе не друкавалася”.

(Угляніца: ) “Ведаеце, ёсьць маленькая згадка ў адным артыкуле, які здаецца быў надрукаваны ў БДГ, калі Зінаіда Ганчар на пытаньне аднаго з карэспандэнтаў адказала, што ня ведае, чаму ёй затэлефанавалі з Савецкага РАУСу й сказалі, што да іх зьвяртаўся Сівакоў, прасіў разабрацца, што ў мяне здарылася ноччу”.

(Навумчык: ) “Такім чынам, паводле маіх суразмоўцаў, менавіта спэцпараздзяленьне Паўлючэнкі паводле загаду найвышэйшага кіраўніцтва краіны зьбівала ў парлямэнцкай залі дэпутатаў апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савете 12-га скліканьня, удзельнікаў страйку мэтрапалітэну, а затым зьнішчыла некалькі дзясяткаў крымінальных аўтарытэтаў. Угляніца і Жарнасек, што менавіта гэтая група забіла генэрала Захаранку”.

Працяг будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG