Лідэр БНФ "Адраджэньне" Вінцук Вячорка мяркуе, што гэта перадапошні напярэдадні зьезду сойм, які павінен акрэсьліць этапы палітычнай актыўнасьці фронту як на кароткую, так і на доўгатэрміновую пэрспэктыву.
(Вячорка:) "Закончыўся вельмі важны этап — прэзыдэнцкая кампанія, але разгойдваццца надта доўга нельга, трэба рыхтавацца да наступнай палітычнай кампаніі. Ужо праведзеныя адпаведныя экспэртныя абмеркаваньні і мазгавыя штурмы. Цяпер адбываюцца рэгіянальныя сходы фронтаўскіх арганізацыяў для вылучэньня дэлегатаў на зьезд і адначасова дзеля сустрэчы з кіраўніцтвам арганізацыі. Гэта дазваляе абмеркаваць усе вострыя пытаньні прамінулай кампаніі, а таксама нашага каротка- і сярэднетэрміновага плянаваньня непасрэдна з людзьмі — тымі актывістамі, зь якімі нам працаваць надалей".
(Карэспандэнт:) "Колькі сябраў фронту будзе браць удзел у зьезьдзе?"
(Вячорка: ) "Каля 450 чалавек."
(Карэспандэнт:) "Пытаньне адносна кіраўніка руху пасьля зьезду. Якія будуць асабіста вашы захады?"
(Вячорка:) "Я ўжо кансультаваўся з сябрамі, аднадумцамі і маю намер балятавацца на пасаду старшыні фронту. А таксама настойваць на захаваньні той каманды, якая ажыцьцяўляла кіраўніцтва фронтам цягам апошніх двух гадоў. У нас ёсьць выразная, ясная праграма пераўтварэньня фронту ў сучасную дынамічную партыю, якая, маючы цьвёрдыя ідэйныя падставы, разам з тым валодае сучаснымі мэтодыкамі працы з людзьмі."
Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка таксама надае сёньняшняму сойму вялікае значэньне. Ён кажа, што ад выпрацаваных зараз рашэньняў залежыць месца фронту ў палітычным жыцьці краіны.
(Хадыка:) "Зразумела, да зьезду мы мусім падыйсьці падрыхтаваныя, агульная назва сёньняшнята сойму — "Палітычная сытуацыя ў краіне". Асноўныя пытаньні — гэта абмеркаваньне нашых тактычных плянаў, у прыватнасьці, стаўленьне да мясцовых выбараў 2003 году альбо магчымых так званых саюзных. Будуць разглядацца варыянты супрацоўніцтва зь іншымі дэмакрытычнымі структурамі".
(Карэспандэнт:) "Ці будзе больш акрэсьленая сытуацыя па Курапатах?"
(Хадыка:) "Натуральна, пытаньне будзе абявязкова разглядацца. Адназначна, сытуацыя ў Курапатах зараз не зусім нармальная. На маю думку, павінен быць зьменены фармат абароны Курапатаў. Дарога пракладаецца, павярнуць назад яе немагчыма, але магчыма ў выніку перамоваў зь дзяржаўнымі структурамі дабіцца абяцаньняў заняцца добраўпарадкаваньнем ўрочышча. І калі ўдасца падпісаць такое пагадненьне, я мяркую, трэба спыніць начаваньне маладых людзей у халодных умовах, якое рызыкуе ўскладненьнем здароўя ды іншымі небясьпечнымі наступствамі."
Зрэшты, пытаньне адносна Курапатаў можа застацца адным з самых вострых і надалей для БНФ. Нават у кіраўніцтве Фронту па-рознаму ставяцца да пэрспэктывы існаваньня лягеру абаронцаў урочышча і мэтазгоднасьці перамоваў з уладамі. Закрыцьцё ж гарадзенскай газэты "Пагоня" сябры Сойму адназначна разглядаюць як палітычную замову кіраўніцтва краіны.