Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАРТЫЯЎ ПАТРАБУЮЦЬ АДНАВІЦЬ ПЕРАМОВЫ ДОМАШ–ГАНЧАРЫК


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня раніцай зварот пад назвай "Моладзь за Беларусь", які падпісалі кіраўнікі Маладога Фронту, Маладой Грамады, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і некалькіх дзясяткаў рэгіянальных моладзевых арганізацыяў, перадалі Ўладзімеру Ганчарыку. У сваім звароце моладзь заяўляе пра падтрымку адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі й гатоўнасьць працаваць дзеля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Аднак за падтрымку моладзевых арганізацыяў спадар Ганчарык мусіць выканаць шэраг патрабаваньняў: гарантаваць рэальную незалежнасьць Беларусі, надаць статус дзяржаўнай нацыянальнай сымболіцы, беларускай мове, пераразьмеркаваць паўнамоцтвы паміж галінамі ўлады, неадкладна правесьці парлямэнцкія выбары, вырашыць шэраг моладзевых праблемаў, а таксама гарантаваць Сямёну Домашу пасаду прэм'ера ў новым урадзе.

Гаворыць адзін з ініцыятараў звароту, лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Мы прапануем яму падпісаць 5 пунктаў, якія прынцыповыя для гэтага пакаленьня, для моладзі. 5 пунктаў, якія ён як прэзыдэнт можа ажыцьцявіць літаральна адразу пасьля сваёй перамогі. Пазыцыя большасьці арганізацыяў, якія ініцыявалі гэты зварот — варта гэта было б падпісаць у бліжэйшыя дні, бо моладзь чакае".

Уладзімер Ганчарык пагадзіўся амаль з усімі пунктамі звароту, акрамя пытаньня будучага прэм'ерства Сямёна Домаша. Паводле Ганчарыка, яны з Домашам самі дамовяцца ў гэтай справе. Пры гэтым Уладзімер Ганчарык дадаў:

(Ганчарык: ) "Моладзь як заўсёды наперадзе. Цяпер ідуць перамовы ў справе падпісаньня пагадненьня з палітычнымі партыямі й грамадзкімі аб'яднаньнямі, якія таксама выступаюць у падтрымку адзінага кандыдата. Таму што час вызначэньня хто лепшы, хто горшы, хто мацнейшы, хто слабейшы мінуў. У нас няма часу — нам трэба дзейнічаць, і дзейнічаць актыўна. Небясьпека ў тым, каб нам не завязнуць на гэтым этапе, у дэклярацыях. Патрэбная канкрэтная справа".

Адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі таксама сказаў, што ягоныя пагадненьні з моладзевымі арганізацыямі, а таксама з палітычнымі партыямі будуць падпісаныя ў самы бліжэйшы час. Сярод іншых гэтыя пытаньні абмяркоўвалі й на сёньняшняй сустрэчы пяцёркі, да якой далучыліся Міхаіл Марыніч і Аляксандар Ярашук. Уладзімер Ганчарык таксама лічыць, што 18 жніўня замест Кангрэсу дэмакратычных сілаў лепш правесьці больш шырокі Форум беларускай грамадзкасьці.

Тым часам у штабе Сямёна Домаша сёньня адбылася сустрэча з кіраўнікамі палітычных партыяў, сябрамі Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў і з актывістамі з рэгіёнаў. Усе яны патрабавалі ад спадара Домаша неадкладна працягнуць перамовы з Уладзімерам Ганчарыкам у справе падпісаньня пагадненьня паводле формулы "прэзыдэнт–прэм'ер", хаця ўчора абодва прэтэндэнты вырашылі замарозіць перамовы на гэтую тэму. Гаворыць Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Кіраўнікі партыяў настойваюць на тым, каб было такое пагадненьне, таму што справа гэта вельмі сур'ёзная. Усё ж такі тыя структуры, якія працавалі на збор подпісаў, на кампанію, яны хочуць мець адказ — за што яны змагаліся. І ў першую чаргу гэта патрабаваньне рэгіянальных структураў, рэгіянальных штабоў. Яны хочуць мець гарантыі, што тая праца, якую яны рабілі, дасьць магчымасьць быць задаволенымі гэтай працай".

Паводле Сямёна Домаша, перамовы павінны хутка аднавіцца, каб падпісаць пагадненьне яшчэ да рэгістрацыі кандыдатаў Цэнтарвыбаркамам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG