Намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах новых незалежных дзяржаваў Джон Пэрнэл і дырэктар управы Ўкраіны, Малдовы й Беларусі амэрыканскага Дзярждэпартамэнту Грэг Пэрэт сустракаюцца ў Менску як з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, гэтак і з апазыцыяй, няўрадавымі арганізацыямі ды сваякамі зьніклых і палітычных зьняволеных.
Першы намесьнік кіраўніка Лукашэнкавае адміністрацыі Ўладзімер Замяталін, прымаючы двух амэрыканскіх дыпляматаў, заявіў ім, што ўлады Беларусі вельмі зацікаўленыя ў сустрэчах з прадстаўнікамі ЗША.
Паводле спадара Замяталіна, такія сустрэчы даюць мажлівасьць распавесьці пра "рэальную палітыку Беларусі, якая ня мае нейкага асаблівага характару, што дазваляла б ЗША ставіцца да Беларусі зь нейкімі пытальнікамі".
Адначасова галоўны ідэоляг адміністрацыі зазначыў, што ёсьць шмат прычынаў, якія не дазваляюць ладзіць падобныя сустрэчы часьцей, але яму б хацелася, каб такіх прычынаў не было ўвогуле.
А міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту ЗША расцаніў сам факт сустрэчы як выключна пазытыўны момант і падкрэсьліў, што такіх сустрэчаў не было даўно.
Сёньняшняя размова, паводле словаў спадара Хвастова, сталася чарговым крокам на шляху нармалізацыі двухбаковых стасункаў у палітычнай ды эканамічнай галінах. "Мы прыйшлі да высновы на сёньняшніх перамовах у МЗС Беларусі, што нам неабходна аднавіць клімат даверу, — заявіў беларускі міністар і дадаў: — Аднавіўшы гэты клімат даверу, мы істотным чынам зможам прасунуць нашыя двухбаковыя стасункі".
Гэтую ж тэму абмяркоўвалі з амэрыканскімі дыпляматамі й прадстаўнікі беларускае апазыцыі, сярод якіх былі й чатыры патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта ад апазыцыі. Адзін зь іх, былы міністар абароны Павал Казлоўскі, распавёў:
(Казлоўскі: ) "Мы таксама гаварылі пра клімат даверу, пра тое, што выбары павінны быць дэмакратычнымі ў нашай краіне. Мы гаварылі аб тым, што дэкрэт №8 — гэта дэкрэт на фальсыфікацыю выбараў, што паводле гэтага дэкрэту ўся незалежная прэса будзе зьнішчаная".
(Карэспандэнт: ) "Як яны паставіліся да гэтага дэкрэту?"
(Казлоўскі: ) "Тут поўнае непаразуменьне. Мы тлумачылі, што гэты дэкрэт якраз яскрава сьведчыць пра тое, што Лукашэнка не разьлічвае на перамогу ў празрыстых, дэмакратычных выбарах, таму ён ідзе на тое, каб гэтыя выбары былі сфальсыфікаваныя.
Ён ідзе на гэта, гэта галоўная ягоная праблема — ён разумее, што калі выбары будуць дэмакратычныя, ён ніколі ня выйграе. Аб гэтым гавораць і тыя сацыялягічныя дасьледаваньні, якія мы ведаем, аб якіх чытаем.
Таму для гэтага й прыняты гэты дэкрэт. Вось гэта мы й тлумачылі", — паведаміў Павал Казлоўскі, колішні міністар абароны Беларусі, які разам з трыма іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі на прэзыдэнта ад аб'яднанае апазыцыі браў сёньня ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту ЗША.
Заўтра раніцай амэрыканскія дыпляматы сустрэнуцца са сваякамі зьніклых ды палітзьняволеных.