Апошнім часам уладальнікі мабільных тэлефонаў GSM часта скардзяцца на тое, што ім немагчыма датэлефанавацца, асабліва з-за мяжы.
Колькасьць кліентаў апэратара сотавай сувязі кампаніі "Velсom" набліжаецца да 40 000, але разьлічаная яна толькі на 20 000 абанэнтаў. На беларускім рынку дзейнічаюць пакуль толькі два апэратары сотавай сувязі — кампанія "Velcom" і "Белсэл". Апошняя кампанія мае 17 000 кліентаў.
На захадзе звычайна прадаюць двухдыяпазонавыя апараты, якія працуюць ў малых гарадах і на вёсцы ў стандарце GSM-900, а ў буйных гарадах яны аўтаматычна пераходзяць на стандарт GSM-1800. А ў шматлюдных месцах усталёўваюць некалькі станцыяў, чаго ў Менску пакуль няма.
У кампаніі "Velcom" карэспандэнту Радыё Свабода канкрэтна не патлумачылі, чаму некаторым іхным кліентам вельмі складана датэлефанавацца з-за мяжы. Кажуць толькі, што, магчыма, ёсьць пэўныя праблемы ў "Белтэлекома". Спасылаюцца таксама на замежныя тэлефонныя сеткі.
Як сьцьвярджаюць у кампаніі "Velkom", тэлефонныя размовы ў стандарце GSM амаль немагчыма праслухаць. Але, як нам стала вядома з крыніцаў, блізкіх да кіраўніцтва "Velkom", кампанія не заўжды ахоўвае канфідэнцыйнасьць сваіх кліентаў. Напрыклад, нядаўна на загад зьверху зрабілі раздрукоўкі тэлефанаваньняў аднаго высокага чыноўніка, на якога шукалі кампрамату.