Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 ліпеня 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Выйшаў чарговы нумар газэты "Рабочы".

Чарговы нумар газэты "Рабочы", які выйшаў з друку 6 ліпеня, фіксуе ўвагу чытачоў на палітычным крызысе ў Беларусі. 4-ты Кангрэс дэмакратычных сілаў краіны, які прайшоў 2 ліпеня ў Менску, сьцьвердзіў: "…у сёньняшняй сытуацыі любыя выбары параўтвараюцца ў фарс, удзел у якім для дэмакратычных сілаў немагчымы". "Адзіная пазыцыя беларускай апазыцыі" – менавіта такую назву мае першая публікацыя нумару. Побач – паведамленьне пра адмену гандлёвых ільготаў для Беларусі з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі з прычыны парушэньня правоў працоўных у нашай краіне.

Палітычную сытуацыю, зразумела, ніяк нельга аддзяліць ад сучасных эканамічных цяжкасьцяў. Такая выснова складаецца пасьля своеасаблівай справаздачы журналіста Ірыны Дубовік аб прэс-канфэрэнцыі кіраўніцтва Беларускай навукова-прамысловай асацыацыі (БНПА). Удзельнікі канфэрэнцыі, сярод якіх, у асноўным, прадстаўнікі адміністрацыі найбольш вядомых і ўплывовых вытворчых прадпрыемстваў краіны, вызначылі чатыры асноўныя задачы, якія неабходна вырашыць на дзяржаўным узроўні, каб пераадолець эканамічныя складанасьці. Некаторыя высновы на гэты конт чытач "Рабочага" можа зрабіць самастойна, абапіраючыся на ўключаныя ў публікацыю артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ілюстрацыяй да тэмы стала графічная схема, што дэманструе колькасьць стратных прадпрыемстваў па асобных накірунках прамысловасьці нашай краіны.

Старонка "Маё права" – пра тое, што мінская арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі распачала кампанію супраць самавольства гарадзкіх уладаў, што неправамочна прымаюць рашэнні аб вызначэньні месца правядзеньня апазыцыйных пікетаў, расказвае Наталля Валакіда. А наш магілёўскі карэспандэнт Алесь Чарнец вяртаецца да тэмы нясправядлівага судовага прысуду Дзмітрыю Абадоўскаму, сыну вядомага ў Магілеўскай вобласьці праваабаронцы Сяргея Абадоўскага. Вычарпаўшы ўсе магчымасьці абараніць свой гонар і гонар сваёй сям'і, юнак аб'явіў бестэрміновую галадоўку з 29 чэрвеня 2000 года.

Адна са старонак нумару мае выгляд сапраўднай улёткі, якая зьмяшчае падборку рэклямных матэрыялаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Далей – працяг публікацыяў, прысьвечаны ўваходжаньню прыбалтыйскіх рэспублікаў у склад СССР. Аўтар – журналіст Сяргей Манастырскі. Яго кансультаваў гісторык Ігар Кузьняцоў. Акрамя таго, у гэтым нумары: тэматычная старонка "Кашалёк", вершы рабочага паэта Яўгена Ціхановіча, беларускі каляндар, які распавядае пра вядомага ва ўсім сьвеце віцебскага мастака Марка Шагала, а таксама – апошні тур гульні-конкурсу "Пазнаю цябе, Беларусь". Пераможца гульні, які вызначыцца ў канцы ліпеня, стане ўдзельнікам турыстычнай экскурсіі па Беларусі.

Увага! Кожны, хто жадае атрымлiваць газэту штотыднёва праз сваю паштовую скрынку, павiнен аформiць падпiску ў дзяржаўным аддзяленьнi сувязi цi ў першаснай арганiзацыi Свабодных прафсаюзаў. Менчукi могуць атрымлiваць газэту яшчэ i праз кiёскi Белсаюздруку. Для гэтага трэба зьвярнуцца да работнiка кiёска, дзе вiсiць аб'ява-паведамленне пра тое, што менавiта тут афармляюць падпiску на газету "Рабочы". Такiх кiёскаў па Менску пяцьдзесят. Пры гэтым будзьце ўважлiвыя: абавязкова пазначце нумар кiёска, праз якi вы хочаце атрымлiваць газэту. Нагадаем падпiсны iндэкс газеты "Рабочы" — 63437.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG