Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 15 красавіка)
Дэпутат Андрэй Клімаў дагэтуль знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, дзе рыхтуе касацыйную скаргу на вынесены яму прысуд. Уладзімер Савічаў, кіраўнік дэпутацкае камісіі ў пошуках Віктара Ганчара й Юрыя Захаранкі абвяргае заявы пра тое, што камісія аніяк не кантактуе з афіцыйным сьледзтвам у справе зьнікненьня. Васіль Старавойтаў задаволены лячэньнем, атрыманым на грошы АБСЭ ў Вільні й Менску.

Андрэй Клімаў яшчэ не падрыхтаваў канчатковую скаргу на прысуд, паводле якога яму давядзецца яшчэ чатыры гады правесьці за кратамі. "Андрэй ўпарта працуе над скаргаю, але даводзіцца ня толькі праглядаць шмат матэрыялаў, але й праз адвакатаў узгадняць зьмест скаргі зь іншымі асуджанымі ў гэтай справе. Гэта патрабуе дадатковага часу", – распавяла жонка вязьня Тацяна Леановіч. Яна пакуль ня можа назваць хаця б прыблізна, калі муж справіцца са скаргаю і перадасьць яе ў гарадзкі суд. А пакуль касацыйны разгляд не адбудзецца, Клімаў застанецца ў вязьніцы менскага сьледчага ізалятара.

Менш чым празь месяц споўніцца год, як зьнік былы міністар нутраных справаў Юрый Захаранка, а намаганьні знайсьці яго ці нейкія сьляды таго, што зь ім здарылася, выніку, на жаль, не далі. Тое ж самае і адносна намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара. Яго шукаюць ужо больш за палову года, але пра вынікі сказаць няма чаго. Жонка Ганчара Зінаіда кажа:

(Зінаіда Ганчар: ) "Пакуль ніякіх навінаў у мяне няма. ТРэба ў камісію званіць, яны ж камісію стварылі".

Удакладню, што Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня была створаная адмысловая камісія дзеля пошукаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі й прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, які зьнік разам з Ганчаром, але й дэпутацкае расьледваньне хутка зайшло ў тупік. Старшыня гэтае камісіі генэрал міліцыі Ўладзімер Савічаў сьцьвярджае, што пошукі вяліся ва ўсіх магчымых кірунках і абвяргае інфармацыю, згодна зь якою дэпутаты не кантактавалі з афіцыйным расьледваньнем, але… Прывожу фрагмэнт тэлефоннае гутаркі з Уладзімерам Савічавым.

(Савічаў: ) "Захады ўжываюцца, але што гэта дае? Каоі нічога няма, значыць вынікаў няма. Я кантактую са сьледзтвам, але пакуль вынікаў, на жаль, няма".

Гэта быў кіраўнік дэпутацкае камісіі ў пошуках зьніклых беларускіх палітыкаў Уладзімер Савічаў, які, на жаль, ня можа пахваліцца пэўнымі вынікамі расьледваньня.

Прайшоўшы тыдзень ня ўнёс важных зьменаў у лёсы іншых вязьняў – дэпутата Ўладзімера Кудзінава й экс-міністра Васіля Лявонава. Яны па-ранейшаму ў месцах зьняволеньня, адзін у менскай калёніі, другі – у Воршы. Вядома, што Ўладзімер Кудзінаў праходзіў абсьледваньне турэмных дактароў, але зьвесткі пра лячэньне для яго пакуль не атрыманыя. Васіль Лявонаў, паводле словаў сваякоў, прызвычаіўся да турэмных умоваў і асабліва на хваробы не скардзіцца. Да лепшага пайшлі справы са здароўем у былога старшыні "Расьвету" Васіля Старавойтава, які поўгады таму выйшаў на волю пасьля двухгадовага знаходжаньня за кратамі. Нагадаю, у мінулую зіму Старавойтаў пры фінансаваньні Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ прайшоў мэдычнае абсьледваньне ў Вільні, а потым лячыўся ў Менску. Вось як Старавойтаў адзываецца аб гэтым лячэньні:

(Старавойтаў: ) "Цалкам задаволены. Дзякуй ім. Тут бы я нічога ня мог зрабіць, бо ў мяне ні грошай, нічога няма, а там усё ж мне дапамаглі".

Гэта быў двойчы герой сацыялістычнае працы Васіль Старавойтаў, які пад час прэзыдэнцтва Лукашэнкі быў абвінавачваны ў крадзежы каўбас ды гародніны й на два гады кінуты за краты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG