Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 траўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Заканчваюцца чацьвертыя суткі, як зьнік былы міністар унутраных справаў, вядомы ў Беларусі апазыцыянер Юры Захаранка. Міністэрства Ўнутраных Справаў сьцьвярджае, што пошукі Захаранкі вядуцца ў адпаведнасьці зь інструкцыямі. Між тым грамадзкасьць Беларусі незадаволеная гэтымі дзеяньнямі і прадпрымае свае захады, каб адшукаць Юрыя Захаранку.

Нічога новага не паведамляюць афіцыйныя крыніцы на тэму зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі. Пра гэтую надзвычайную падзею нават не паведаміла грамадзянам краіны Беларускае тэлебачаньне. Галоўныя дзяржаўныя газэты таксама адмоўчваюцца. Між тым, Захаранка зьнік у мінулую пятніцу, сёньня ўжо аўторак — часу прайшло дастаткова, каб хаця б агалосіць дзяжурную інфармацыю пра чалавека, які яшчэ чатыры гады таму ўваходзіў у штат вышэйшага кіраўніцтва краіны.

"Нічога не зьмянілася, ніхто з афіцыйных асобаў мне нават не тэлефанаваў, каб неяк падтрымаць, супакоіць, ніхто не сказаў, што яго хаця б шукаюць", — кажа жонка Захаранкі Вольга Барысаўна. Па яе словах, зь Міністэрства Ўнутраных Справаў у дом Захаранкі таксама не было ніводнага званка. Некалькі разоў толькі тэлефанавалі былыя калегі Юрыя Мікалаевіча па сьледчым камітэце. Вольга Барысаўна аднак ня скардзіцца на міліцыянтаў: "Што яны могуць, ад іх нічога не залежыць, усёй справай кіруюць тры-чатыры чалавекі на самым версе, а міліцыя выконвае звычайную ролю прыкрыцьця гэтых гульняў", — упэўненая жонка былога міністра ўнутраных справаў.

Тое, як вядуцца пошукі мужа, яе цалкам не задавальняе, але іншага яна й не чакала. "З другога боку, мяне нават суцяшае, што ў гэтыя быццам бы пошукі пакуль ня кінуліся вышэйшыя афіцыйныя асобы", — кажа Вольга Захаранка. На яе думку, калі б такое адбылося, гэта азначала б, што былога міністра ўжо няма ў жывых. "У мяне яшчэ ёсьць надзея — толькі б вярнуўся жывы", — моліць бога жонка Захаранкі, але не выключае, што ў выніку спэцслужбы сфальсыфікуюць нейкае альбо бытавое, альбо крымінальне здарэньне.

Тым часам сябры грамадзкай камісіі, якую ўтварыла Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў, спрабуюць самастойна знайсьці сьляды Юрыя Захаранкі. У камісію па пошуках былога міністра ўвайшлі былы сьледчы, дэпутат Менскага гарсавета Алег Волчак, палкоўнік запасу Ўладзімер Барадач, які ўдзельнічаў разам з Захаранкам у стварэньні Саюзу Афіцэраў Беларусі, прадстаўнік Гельсынскага Камітэту, былы супрацоўнік КГБ Валеры Костка, ды іншыя спэцыялісты. Сёньня яны выяжджалі ў той раён Менску, дзе прыблізна зьнік Захаранка. Праводзілася, кажучы мовай сьледчых, дасьледаваньне месца магчымага здарэньня.

Таксама, па зьвестках, сябры камісіі плянуюць у бліжэйшы час абсьледаваць усе навакольныя падвалы, каналізацыйныя калодзежы ды іншыя сховішчы. Ужо вядзецца пошук магчымых сьведкаў. Каб яго аблегчыць, надрукаваныя ўлёткі з партрэтам Юрыя Захаранкі, якія будуць вывешаныя ў раёне вуліц Прыгожай, Жукоўскага, Магілеўскай ды іншых. "Будзе зроблена ўсё магчымае, каб выйсьці на сьлед гэтага здарэньня зь Юрыем Захаранкам", — кажа ягоны сябар Уладзімер Барадач. Асабіста ён мяркуе, што ўлады ня пойдуць на крайнія захады ў дачыненьні да Захаранкі і, хутчэй за ўсё, яго ўтрымліваюць недзе на спэцаб'екце за межамі Менску. "Але гэта не азначае, што мы будзем спакойна чакаць, пакуль яго выпусьцяць, мы можам яму дапамагчы толькі актыўнымі пошукамі", — кажа Барадач.

Што ж тычыцца міліцыянтаў, якія за пошукі іншых людзей атрымоўваюць дзяржаўныя грошы, то зь імі паразмаўляць не ўдалося. Днём раней начальнік службы пошуку гарадзкой міліцыі Валерый Федарэнка папрасіў адкласьці размову, спаслаўшыся на занятасьць. Сёньня ягоны тэлефон увогуле маўчаў увесь дзень. Відаць, міліцыя яшчэ таксама шукае свайго былога міністра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG