Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Сёньня ўначы ў Менску невядомыя асобы ўчынілі спробу падпалу галоўнай сынагогі Беларусі. Надзвычайным здарэньнем назваў гэты факт часовы павераны ў справах Ізраілю ў Беларусі Мартын Пэлед-Флакс. Вандалы таксама зрабілі на будынку сынагогі надпіс антысэміцкага зьместу.

Полымя й дым ля будынка галоўнай сынагогі Беларусі а палове дванаццатай уночы заўважыў вартаўнік. Ён тэрмінова выклікаў пажарных, якія спынілі ўзгараньне. Празь дзьве гадзіны на месца здарэньня прыбылі міліцыянты Цэнтральнага райаддзелу міліцыі. Яны склалі пратакол і заявілі, што па факце падпалу будзе заведзеная крымінальная справа. Нарад міліцыі таксама дапамог замазаць фарбай надпіс, зроблены па-расейску на адваротнай сьцяне сынагогі жоўтым колерам — «Бей жидов, спасай Россию».

Хутчэй за ўсё полымя пачалося ад падпаленага балёнчыка з фарбай, які быў знойдзены побач зь дзьвярмі будынка і далучаны да матэрыялаў справы. Дзякуючы хуткаму прыбыцьцю пажарных пацярпелі толькі дзьверы, якія счарнелі з абодвух бакоў. Унутры будынак не пашкоджаны.

На месца здарэньня сёньня прыбыў часовы павераны ў справах дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Мартын Пэлед-Флакс. Ягоная рэакцыя на здарэньне была гэткая:

(Пэлед-Флакс:) «Здарэньне сёньняшняй ночы я адношу да шэрагу надзвычайных. Яно мяне ўсхвалявала. Яно адбылося напярэдадні Дня памяці ахвяраў Галакосту, які адзначаецца заўтра. Мы бачым, што ёсьць шмат людзей, якія гэта ведаюць і якія хочуць нам гэта нагадаць».

Сп. Пэлед-Флакс таксама выказаў упэўненасьць, што беларускія ўлады зробяць усё магчымае, каб падобнае не паўтарылася, і заўважыў:

(Пэлед-Флакс:) «Антысэмітызм заўсёды падобны да бумэрангу, бо захоплівае ня толькі гэбрайскае насельніцтва. Ён можа пакараць і іншыя народы».

Надпіс, зроблены падпальшчыкамі, недвухсэнсоўна сьведчыць пра антысэміцкія настроі ягоных аўтараў. «Ці ёсьць меркаваньні, каму ён можа належаць?» — запытаўся я ў прэзыдэнта юдэйскага рэлігійнага аб'яднаньня ў Беларусі Юрыя Дорна.

(Дорн:) «Мне вельмі хочацца спадзявацца, што людзі, якія гэта зрабілі сёньня — не нашчадкі тых, хто рабаваў і забіваў гэбраяў у Расеі. Зь іншага боку адзначу, што гэбрайскія пагромы ў Нямеччыне ў 1938 годзе пачаліся менавіта з падпалаў сынагогаў. Гэта таксама варта памятаць».

Шкода, нанесеная пажарам, ацэньваецца ў 1000-1200 даляраў. Яе гаспадары сынагогі мяркуюць спагнаць зь вінаватых у падпале асобаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG