Цяперашні дзяржсакратар гэтак званага саюзу Беларусі і Расеі Павал Барадзін
вось ужо як два гады фігуруе ў адным з самых гучыных скандалаў, зьвязаных
з карупцыяй у вышэйшых эшэлёнах расейскай улады. Гэты скандал набывае ўсё
большы міжнародны рэзананс…
54-х гадовы Павал Барадзін скончыў ульянаўскі сельскагаспадарчы інстытут
і Вышэйшую партыйную школу, працаваў у Якуцкім абкаме КПСС, а пазьней –
мэрам Якуцка.
У 1993 годзе зьмяніў на пасадзе Кіраўніка справамі прэзыдэнта Расеі
Юрыя Загайнава, які праславіўся тым, што за часам свайго візыту ў Казахстан
менавіта на ягонай галаве Барыс Ельцын сыграў лыжкамі адну з папулярных
расейскіх мэлёдыяў.
У функцыі Барадзіна ўваходзіла гаспадарчае забесьпячэньне як працы,
гэтак і адпачынку прэзыдэнта і вышэйшай крамлёўскай эліты. Пры Барадзіне
гэтая сыстэма пашырылася да 120 тысячаў работнікаў, яе гадавы абарот складаў
3 мільярды даляраў, саступаючы ў Расеі толькі “Газпраму”.
Значаная счастка гэтых грошай была патрачаная на рэканструкцыю і рамонт
ўрадавых рэзыдэнцыяў, чыя раскоша пераўзыйшла, як кажуць, замежныя аналягі.
Так, у сваім інтэрвію часопісу “КомерсантЪ-Власть” Барадзін распавядае,
цытую: “Я асабіста вадзіў Клінтана па будынку Сэнату (у Крамлі – С.Н.)
Ён увесь час пытаўся: “Гэта сапраўднае дрэва? Гэта ня плястык? Гэта сапраўднае
золата? Памятаю, мы стаялі ў Екацярыненскай залі. Клінтан і Коль зыстылі,
разяўшы раты. Коль тады сказаў Клінтану: “І гэтыя людзі просяць у нас крэдыты?”
– канец цытаты.
А вось яшчэ адна цытата, гэтым разам з заявы былога пракурора Швайцарыі,
а цяпер старшыні Гаагскага трыбуналу Карлы дэль Понтэ на форуме ў Давосе:
“Калі я пазнаёмілася зь фінансавымі дакумэнтамі, у мяне ўзьнікла ўражаньне,
што Крэмль пабудаваны не з каменьня, а з чыстага золата. Я прыехала ў Маскву,
паглядзела – не, ня з золата…”.
Нагадаем, што зь лета 1996 да вясны 1997 году намесьнікам Барадзіна
быў падпалкоўнік КГБ Уладзімір Пуцін, прычым Пуцін курыраваў менавіта замежнаэканамічныя
сувязі і прававую сфэру.
Менавіта Барадзін вырашаў, якой фірме даручыць надзвычай выгодную замову
– рэстаўрацыю Крамля. Замову атрымала фірма Mabetex. Пазьней швайцарскія
праваахоўчыя ворганы атрымалі доказы таго, што фірма ўздзельнічала ў адмываньні
грошай, якія фактычна былі хабарам крамлёўскім чыноўнікам.
Пракурор Жэнэвы Бэрнар Бартос называе лічбу “адмытых” грошай – 65 мільёнаў
даляраў. Пры гэтым нібыта сам Барадзін і ягоныя блізкія атрымалі 25 мільёнаў
даляраў. Пасьля таго, як Барадзін адмовіўся даць паказаньні швайцарскім
сьледчым, быў выпісаны міжнародны ордэр на яго арышт.
Пасьля скандалу з фірмай Mabetex Ельцын вызваліў Барадзіна з пасады
кіраўніка справамі прэзыдэнта, аднак ён быў неўзабаве прызначаны дзяржсакратаром
гэтак званага саюзу Беларусі і Расеі.
Заўважым, што справу паводле падазрэньня ў адмываньні грошай ўзбудзіла
і Генэральная пракуратура Расеі, аднак месяц таму, ў сярэдзіне сьнежня
2000 году, Генпракуратура гэтую справу зачыніла “з прычыны адсутнасьці
складу злачынства”.
Некаторыя расейскія газэты у тыя дні нагадалі, што менавіта на распараджэньне
Барадзіна цяперашні Генпракурор Усьцінаў атрымаў на Цьвярской вуліцы ў
Маскве кватэру агульнай плошчай у 500 квадратных мэтраў.
Аднак рашэньне расейскай пракуратуры ніякім чынам не паўплывала на швайцарскае
правасудзьдзе. Генэральны пракурор Жэнэвы Бэрнар Бартос адразу ж заявіў,
што швайцарскія праваахоўчыя ворганы працягваюць справу адмываньня грошай
крамлёўскімі чыноўнікамі празь фірму Mabetex.
Барадзін быў затрыманы ў адпаведнасьці з судовым даручэньнем пракуратуры
Швайцарыі; аформлена яно было Фэдэральным упраўленьнем юстыцыі. Цяпер на
працягу 40 дзён швайцарскія праваахоўчыя ворганы павінны накіраваць запыт
на экстрадыцыю Барадзіна ў Швайцарыю. Сьледзтва ў справе Барадзіна вядзе
жэнэўскі сьледчы Даніэль Дэво. Падкрэсьлім, што афіцыйнае абвінавачваньне
швайцарскімі праваахоўчымі ворганамі Барадзіну пакуль не прад’яўленае.
У крамлёўскім асяродку Барадзін лічыўся лепшым знаўцам анэкдотаў і аўтарам
крылатых фразаў, кшталту “Які ж расеяц ня любіць хуткай язды і добрага
мацюканьня”. У адным са сваіх інтэрвію Барадзін сказаў, што можна і выпіваць,
“хадзіць па дзеўках”, але “не публічна”. “Значыць, галоўнае – не папасьціся?”
– перапытаў журналіст. “Менавіта так,” – адказаў Барадзін, -- гэта самае
галоўнае ў жыцьці любога чалавека”.
Не атрымалася.
Сяргей Навумчык, Прага
Самае папулярнае
1