Кіраўніцтва беларускага бюро Інтэрполу адмовілася
патлумачыць, чаму Павал Барадзін ня быў арыштаваны, калі прыяжджаў у Менск.
Між тым, у бюро не абвяргаюць, што адпаведныя дакумэнты на арышт Барадзіна
яны атрымалі.
У беларускім бюро Інтэрполу не вітаюць сёньняшняга арышту П.Барадзіна
ў Нью-Ёрку, але й не аспрэчваюць законнасьці дзеяньняў амэрыканскай паліцыі
ды калегаў з Інтэрполу.
Намесьнік дырэктара Нацыянальнага бюро Інтэрполу Валяр'ян Шаблоўскі
гэтак адрэагаваў на затрыманьне Барадзіна:
(Шаблоўскі: ) "Калі затрымалі, то добра. Значыць, яны маюць пытаньні
да Паўла Барадзіна й былі адпаведныя дакумэнты на ягонае затрыманьне".
Нагадаю, гэтая міжнародная арганізацыя створаная дзеля затрыманьня злачынцаў
ды падазраваных у злачынствах, якія хаваюцца ад органаў правапарадку.
Беларусь, якая падпісала адпаведную дамову з краінамі-ўдзельніцамі Інтэрполу,
спраўна выконвала свае абавязацельствы, калі ня браць выпадку з П.Барадзіным.
Пакуль Барадзіна шукалі ва ўсёй Эўропе, Барадзін ня раз бываў у Беларусі,
але тут яго не затрымлівалі. "Чаму?" — спытаўся я ў намесьніка дырэктара
беларускага Інтэрполу.
Валяр'ян Шаблоўскі на гэтае пытаньне адказваць адмовіўся.
(Шаблоўскі: ) "Я ж сказаў, што гэткая спэцыфіка нашай працы. Усё адно,
каб чалавека затрымаць, на яго павінны быць дакумэнты, якія даказваюць,
што яго варта арыштаваць", — патлумачыў сп.Шаблоўскі.
На пытаньне, ці атрымлівала бюро адпаведныя дакумэнты ці зьвесткі пра
вышук Паўла Барадзіна, спадар Шаблоўскі адказваць не пажадаў.
(Шаблоўскі: ) "Не, у гэтыя пытаньні мы ня будзем пакуль паглыбляцца",
— сказаў нашаму радыё намесьнік дырэктара Беларускага бюро Інтэрполу.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1