Старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына зазначыла сёньня,
што скаргі й заявы Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі,
якую ўзначальвае Мечыслаў Грыб, і якая дакумэнтальна аспрэчыла вынікі яўкі
выбаршчыкаў у 24 акругах, “ня маюць ніякае юрыдычнае сілы”.
Паўторнае галасаваньне, якое адбудзецца ў гэту нядзелю, ахопіць 56 выбарчых
акругаў. На сёньня ў пяці зь іх засталося толькі па аднаму кандыдату. На
знак пратэсту супраць фальсыфікацый сваю кандыдатуру у 102-й менскай акрузе
зьняў экс-прэм’ер Міхал Чыгір. Паводле ініцыятывы Анатоля Нятылькіна 103-я
акруговая выбарчая камісія зьняла ягонага канкурэнта Гулякевіча, які не
задэкляраваў кватэру. Яшчэ тры акругі ў Бабруйску, Магілеве й Жлобіне таксама
засталіся безальтэрнатыўнымі.
Магілеўскі бізнэсмэн Барыс Шухман і бабруйчанін кіраўнік АТ “Бабруйск
трыкатаж” Эдуард Нарышкін фактычна зьнялі свае кандыдатуры на карысьць
прадстаўнікоў улады — старшыні Магілеўскага гарадзкога савету Зінаіды Пяньковай
і дэпутата “Палаты прадстаўнікоў” Аляксандра Шпілеўскага. Аднак Лідзія
Ярмошына нічога пра ціск на Шухмана й Нарышкіна ня ведае.
Адносна кандыдата ад ЛДПБ — вядомага бізнэсоўца Аляксея Ваганава, якога
партыя паспрабавала зьняць з дыстанцыі — Ярмошына паведаміла, што яго мог
бы зьняць толькі зьезд і толькі за тры дні да дня галасаваньня. Таму ён
працягвае барацьбу як незалежны кандыдат.
Увогуле, Ярмошына бяз цяжкасьці знаходзіла адказы на ўсе складаныя пытаньні.
Сяргей Касьцян дамогся для калгаса імя Дзяржынскага ў сваёй акрузе аўтапагрузчык
— паводле Ярмошынай, парушэньня, подкупу выбаршчыкаў тут няма; у дзень
галасаваньня са сьпісаў выкрэсьлілі толькі ў Менску каля 70 тысячаў выбаршчакаў
— усё законна. Сябры выбарчых камісіяў у дзень галасаваньня агітавалі за
ўдзел у выбарах і хадзілі па кватэрах са скрынкамі — парушэньня зноў жа
няма. Бо яны ж не гвалтам прымушалі людзей галасаваць… Нават скаргі Каардынацыйнае
рады ў справе назіраньня за выбарамі, якая апратэставала вынікі яўкі выбаршчыкаў
па 24 акругах, таксама нічога ня вартыя для спадарыні Ярмошынай:
(Ярмошына: ) “Што датычыцца статусу Каардынацыйнай Рады, то такога воргану
ў рэспубліцы няма. Не, гэта не грамадзкі, гэта ворган, нікім не зарэгістраваны,
і ўсе ягоныя заявы і заключэньні зьяўляюцца юрыдычна нікчэмнымі. Гэта значыць
ня больш, чым маёй суседкі па лесьвічнай пляцоўцы”.
Адзначыла Лідзія Ярмошына.
Яна зазначыла, што ўвогуле ў Менску амаль не было ніякіх актаў пра парушэньні
й скаргі. Тое ж, што працягваецца заганная практыка прыцягненьня ў палітычную
кампанію дзяцей, калі ў асобных менскіх школах у вучняў дапытваюць, чаму
бацькі не хадзілі на выбары, або калі настаўнікі пішуць у дзёньнікі запіс
бацькам, каб прыйшлі на паўторнае галасаваньне, — зноў жа, паводле Лідзіі
Ярмошынай, не зьяўляецца парушэньнем. Вось што яна сказала на гэты конт:
(Ярмошына: ) “З пункту гледжаньня выбарчага заканадаўства – не, з пункту
гледжаньня этыкі і арганізацыі навучальнага працэсу – так”,
адзначыла старшныня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Яна таксама паведаміла, што на другім туры галасаваньня міжнародных
назіральнікаў будзе зусім няшмат.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1