Паміж Беларусяй і Летувай няма дамовы аб экстрадыцыі. Але на падставе
двухбаковай міждзяржаўнай дамовы аб юрыдычнай дапамозе ў грамадзянскіх,
крымінальных і сямейных справах, а таксма ў адпаведнасьці з Эўрапейскай
канвэнцыяй 1959 году, летувіская пракуратура просіць сваіх калегаў з суседніх
краінаў даручыць пэўным асобам позвы на допыт у сьледчых ворганах Летувы.
Рэпартаж з Вільні.
У памянёным сьпісе былы камандзёр разьмешчанай тады ў Вільні мотастралковай
дывізіі Ўладзімер Усхопчык займае належнае яму месца: танкі гэтай дывізіі
ноччу 13 студзеня 1991 году давілі гусеніцамі бязбройных людзей ля тэлевізійнай
вежы ў Вільні, а з браневікоў, што езьдзілі па горадзе, разносіліся заклікі
да зьвяржэньня законнай улады і аб перамозе “камітэту нацыянальнага выратаваньня”.
Пасьля таго, як Усхопчык перабраўся ў Беларусь, Летува неаднойчы выказвала
заклапочанасьць тым, што там яму было даручана кіраваць спачатку мота-стралковай
дывізіяй, потым корпусам, нарэшце, сёлета ён прызначаны намесьнікамі міністра
абароны.
Адказваючы на ноту МЗС Летувы, зьнешнепалітычнае ведамства Беларусі,
па-перашае, заявіла, што гэта ўнутраная справа Беларусі, а па-другое, заспакоіла,
што Ўсхопчык будзе адказваць у міністэрстве за пытаньні тэхнічнага забесьпячэньня.
Дарэчы, гэта апошняе сьцьверджаньне абвяргаецца далейшай хадой падзеяў.
Усяго два тыдні таму ў Беларусі скончыліся штабныя вайсковыя манэўры з
удзелам 65-га армейскага корпусу і некалькіх брыгадаў хуткага рэагаваньня.
Галоўны накірунак дзеяньняў супраць меркаванага праціўніка – паўночны захад,
гэта значыць тэрыторыя Летувы – трактуецца ў Вільні, Варшаве, Вашынгтоне
як спроба перашкодзіць уступленьню краінаў Балтыі ў НАТО. Пікантнасьць
сытуацыі ў тым, што манэўрамі кіраваў Усхопчык, які небеспадстаўна лічыцца
спэцыялістам па Летуве.
Зварот Генэральнай пракуратуры Летувы, безумоўна, ёсьць дзеяньнем юрыдычным.
Гэта сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода падкрэсьліў прадстаўнік пракуратуры
па друку Відмантас Пуцяліс. 27 верасьня Генэральная пракуратура Летувы
атрымала адказ ад беларускіх калегаў – маўляў, Уладзімер Усхопчык адмовіўся
прыняць позву на допыт. Прэс-аташэ Летувіскай пракуратуры Відмантас Пуцяліс
адмовіўся камэнтаваць, ці спадзяюцца ворагны пракуратуры Летувы на яўку
абвінавачаных. Звычайна грамадзяне, паводле згаданае дамовы аб прававой
дапамозе, іншай дзяржаве не выдаюцца. Справа пакуль знаходзіцца ў стадыі
сьледзтва. Таму, маўляў, гутарка пра канкрэтныя даты судовага працэсу над
Усхопчыкам і іншымі ня йдзе.
Увесь час падкрэсьлена апэруючы юрыдычнымі катэгорыямі, спадар Пуцяліс
згадаў, што як грамадзянін ён лічыць, што законнасьць у рэшце рэш павінна
перамагчы.
Ёнас Лаўрынавічус, Вільня
Самае папулярнае
1