У выніковым дакумэнце Варшаўскага форуму за дэмакратыю, які толькі што
завяршыўся, утрымліваецца заклік – да 2025 году на плянэце не павінна застацца
дыктатарскіх рэжымаў. Беларускія ўдзельнікі гэтага форуму зазначаюць, што
дамагчыся дэмакратыі ў сваёй краіне трэба значна раней, літаральна – у
бліжэйшыя гады.
Беларускія ўдзельнікі Варшаўскага форуму за дэмакратыю – Зьміцер Бандарэнка,
Вінцук Вячорка, Людміла Гразнова, Анатоль Лябедзька й Ніна Стужынская –
пасьля вяртаньня ў Менск выказалі задавальненьне й захапленьне гэтай надзвычай
прадстаўнічай міжнароднай канфэрэнцыяй.
Гаворыць старшыня Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька:
“Для нас, натуральна, гэта крок наперад. Таму што само запрашэньне на
такі форум – гэта пэўная ацэнка і тых людзей, якія прыяжджаюць, па другое
– гэта мажлівасьць усталяваць двухбаковыя кантакты ня толькі ў межах Эўропы,
але й значна шырэй. І, па трэцяе, мы выкарысталі гэтую міжнародную трыбуну,
каб данесьці інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі”.
Гэта быў Анатоль Лябедзька.
У рамках Варшаўскага форуму беларускія апазыцыянэры сустракаліся зь
дзяржсакратаром ЗША Мэдлін Олбрайт і вядомым фінансыстам Джорджам Сорасам.
Анатоль Лябедзька і ягоныя калегі лічаць, што гэта была палітычная падзея
– дзяржсакратар ЗША ня будзе сустракацца з прадстаўнікамі слабой і разьяднанай
апазыцыі.
Зьміцер Бандарэнка падкрэсьліў, што такія форумы дазваляюць паглядзець
на Беларусь звонку, і зразумець, што нашая краіна няшмат адрозьніваеца
ад лацінаамэрыканскіх дыктатураў, азіяцкіх ды афрыканскіх рэжымаў. Джорж
Сорас назваў падобныя краіны “пераапранутымі дыктатурамі”, якія нібыта
маюць суды й парлямэнты, але дзе дэмакратыяй “і ня пахне”.
Гаворыць удзельніца канфэрэнцыі, намесьнік старшыні Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае
партыі “Народная Грамада” Ніна Стужынская:
“Усе прыехалі са сваімі праблемамі, з прапановамі… І Беларусь – таксама
праблемная краіна, і такой яна лічыцца ў міжнародным асяродку. І мы вельмі
радыя былі прачуць гэтае паразуменьне нашых праблемаў. Я хачу сказаць,
што людзі шчыра дзяліліся праблемамі й шукалі выйсьця. І мы можам пасьля
гэтае сустрэчы – дэмакратычная, аб’яднаная апазыцыя – разьлічваць на дапамогу
ўдзельнікаў форуму”.
Гэта была адная зь лідэрак “Народнае Грамады” Ніна Стужынская, якая
лічыць, што нашая апазыцыя выкарыстае рэзалюцыі, станоўчы замежны досьвед
змаганьня за дэмакратыю і тыя кантакты, які былі здабытыя ў Варшаве.
Наўпростых згадак пра Беларусь у выніковым дакумэнце Варшаўскага форуму
няма, аднак многія выступоўцы менавіта наш досьвед мелі на ўвазе, калі
адстойвалі тыя ці іншыя палажэньні. Гаворыць Анатоль Лябедзька:
“Там былі вельмі вялікія дэбаты, таму што кожная краіна бачыла свае
“балячкі”, прапанавала, каб была запісаная менавіта іхная. Чачэнцы хацелі,
каб была Чачня, Пэруанцы – Пэру, прадстаўнікі Цэнтральна-Афрыканскае Рэспублікі
– назву сваёй краіны. Але ўсё ж такі агульны такі падыход – ён быў больш
слушны. Бо калі адыйсьці ад назваў краінаў, дык ва ўсіх тых, што я зараз
назваў, маецца тое, што паўтараецца і мае агульны падмурак. А што да міністраў
замежных справаў… – Там былі некаторыя прынцыповыя палажэньні, якія былі
ўнесеныя наконт свабоды правядзеньня мітынгаў, шэсьцяў і сродкаў масавай
інфармацыі. І гэтую прапанову зрабіў сэнатар Чэхіі, які прыяжджаў да нас,
і, менавіта спасылаючыся на прыклад Беларусі, казаў наколькі гэта важна,
наколькі гэта актуальна, каб было ўнесена ў агульны дакумэнт”.
Гэта быў Анатоль Лябедзька, які лічыць, што форум у Варшаве пазытыўна
паўплывае і на правядзеньне чацьвертага Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі
2 ліпеня – ён паспрыяе далейшай кансалідацыі беларускіх дэмакратаў.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1