Сярэдзіна ХХ стагодзьдзя была адзначана на Беларусі неверагоднымі тэмпамі
ўрбанізацыі ды русіфікацыі. І ў гэтых працэсах не апошняю была роля гітары.
Па гарадзкіх дварох загучалі блатныя куплеты пад славутыя тры акорды.
Шляхетны інтрумэнт усё часьцей называюць "лапатаю", "балалайкаю", а
ў п'яной бойцы яна, разламаная на нейчай галаве, можа стаць "гішпанскім
гальштукам".
Рэнэсанс гітары пачынаецца ў 60-х, калі ў Расеі нараджаецца жанр
"аўтарскае песьні". На інтэлігэнцкіх кухнях, у атмасфэры закрытасьці ды
абранасьці, загучалі песьні Акуджавы, Высоцкага ды Галіча.
На Беларусі расьце колькасьць клюбаў самадзейнае песьні. Беларускія
(па пашпарце) барды намагаюцца імітаваць маскоўскіх клясыкаў. Беларусь
у іхных песьнях прысутнічае адно як турысцкі аб'ект.
Узгадваюцца радкі: "всё леса, леса, леса Белоруссіі, да погода по девчоночьі
капрізная".
Уласна беларускім інтрумэнтам, гітараю, прычым у клясычным шасьціструнным
варыянце, наканавана было стаць зусім нядаўна. Ці не з таго самага часу,
калі спачатку загучалі "Песьняры", а праз колькі гадоў у краіну праніклі
запісы Данчыка.
Напрыканцы 80-х пачалося нараджэньне нацыянальнае бардаўскае песьні
й беларускага рок-н-ролу. За які дзясятак гадоў у гэтых жанрах зьяўляюцца
тысячы прыхільнікаў і сотні выканаўцаў. Свае клясыкі й пасярэднасьці, свае
фэсты й тусоўкі.
Гітара разам са сьцягам нібы зброя становіцца абавязковым атрыбутам
дэмакратычных мітынгаў і нацыяналістычных вячорак.
І хаця рана яшчэ казаць, што гітара стала выразьнікам беларускае
душы, наступнае стагодзьдзе будзе безумоўна належыць ёй.
Зьміцер Бартосік
Самае папулярнае
1