Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакопкі


Апошнія барозны. Поўныя мяхі. Пот і стома. Павуціньне і залатое лісьце. Дакопкі.

Дакопкі, як адлёт журавоў, азначае істотную зьмену краявіду – па дакопках з палёў, разараных прыдарожных палосак, лапікаў-сотак зьнікаюць сагнутыя постаці. Узьнёслым стылем такая праца называецца – пакланіцца зямлі, а простая цётка скажа: цэлае лета над гэтай бульбай рачкавала. Мала дзе ў сьвеце на зломе тысячагодзьдзяў выжываньне чалавека застаецца нагэтулькі залежным ад яго ўласных аграрных высілкаў.

Выкапаная бульба – пражыты год. Поўны склеп – сытая зіма. Ураджай мераецца ня толькі мяхамі, але якасьцю: буйная ці дробная, каросьлівая ці чыстая… Яшчэ больш парамэтраў выяўляюцца на стале: сопкая ці мыльная, жоўтая ці белая, свойская ці “кабанская”. Так апрабоўваюцца дзясяткі новых гатункаў, якія прыйшлі на беларускія палі: “тэмп”, “сантэ”, “ласунак”, “адрэта”, “аганёк”, “велікан”, “верас”, “траскуха”…

Дакопкі, як і дажынкі, знаёмыя і калгаснаму полю. Толькі дажынкам было суджана стаць дзяржаўным сьвятам, а дакопкі застаюцца нечым прыватным, сямейным.

Дакопкі – ня фэст, а факт: на гэты год – з бульбай. І так – з году ў год, стагодзьдзе за стагодзьдзем.

Алена Ціхановіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG