Яшчэ й сёньня, не прыняўшы пакуль больш распаўсюджанага ў сьвеце слова
“зарэзэрваваць”, нашы людзі просяць “забраніраваць” стол у рэстарацыі,
нумар у гатэлі або квіткі ў партэр.
Браніраваньне – значыць “замацаваньне каго-, чаго-небудзь, за кім-,
чым-небудзь, а таксама дакумэнт на такое замацаваньне”. Тлумачэньне слоўніка
нагадвае пра важныя рэаліі савецкага часу, дзе бронь або броня
стаяла ў адным шэрагу са словамі “льгота” і “блат”.
Напрыклад, броняй называлі спэцыяльнае пасьведчаньне на браніраваньне
жыльлёвай плошчы. Браніраваным жыльлём, акрамя “загранкамандзіраваных”
і “палярнікаў”, маглі пахваліцца толькі супрацоўнікі Ўсесаюзнага аб’яднаньня
дзяржаўных цыркаў, якія падоўгу знаходзіліся на гастролях.
Разам з нападам Гітлера на “маладую краіну Саветаў” вызначылася, што
браніраваць можна ня толькі караблі і танкі, але і людзей. Бронь
ад фронту выдаваў Наркамат абароны, і страх пазбавіцца тае броні
прымушаў рабочых стаяць ля станкоў столькі, колькі патрабавала начальства.
Але гэта ў Расеі. У акупаванай Беларусі савецкія людзі замест верагоднай
броні атрымоўвалі накіраваньне на працы ў Нямеччыну або станавіліся
жыхарамі гета.
У Маскве пра гэта ведалі. Там жаданьне жыць зрабіла бронь часоў
вайны прадметам гандлю і спэкуляцыяў. У газэтах 1944-45 гадоў зьяўляліся
абвесткі інстытутаў пра прыём студэнтаў з наданьнем броні. Гэты
прывілей замацаваўся за пэўнымі навучальнымі ўстановамі і пасьля вайны.
І толькі празь дзесяцігодзьдзі, калі СССР уступіў у вайну ў Аўганістане,
бронь са студэнтаў ВНУ пачалі здымаць. Бацькі разьвітваліся з сынамі,
плачучы: “Барані цябе Божа!”
“Барані Бог!” кажуць у нашым народзе дзеля засьцярогі. Гэткім простым
зваротам беларускія людзі і сёньня просяць сабе той “броні” ў Пана Бога.
Андрэй Лапцёнак
Самае папулярнае
1