Усё новае - добра забытае старое.
Слова асфальт нашыя продкі ведалі яшчэ ў 12 стагодзьдзі. Яно прыйшло
з грэцкай мовы і ў тагачасным перакладзе з Флавія азначала літаральна:
перакуліцца, упасьці, а ў паняцьевым сэнсе: рэчыва, якое зьвязвае
і захоўвае сьцены ад падзеньня.
Тады слова асфальт у нашай мове не прыжылося. На ягоным месцы цьвёрда
трымалася знаёмая і зразумелая будаўнічая рошчына.
Асфальт вярнуўся да нас у 20 стагодзьдзі як тып дарожнага пакрыцьця.
Экалягічна шкодны, ён так прыйшоўся даспадобы савецкім кіраўнікам, што
тыя пачалі зьнішчаць калярытныя букаваныя вуліцы практычна па ўсёй
Беларусі. Там, дзе езьдзілі ўрадавыя машыны - мусіў ляжаць асфальт.
Кажуць, што кіраўнік беларускіх камуністых Пётр Машэраў вырашыў аднойчы
наведаць месцы свайго партызанскага мінулага - Расоншчыну. У выніку,
адмыслова для шаноўнага гасьця туды заасфальтавалі дарогу, а народ, ад
гэткага падарунка, яшчэ больш пачаў шанаваць свайго правадыра.
Доўгі час асфальт быў прывілеем вялікіх местаў. Зборнік вершаў Міхася
Стральцова "Сена на асфальце", які выйшаў у 66-ым годзе, паказваў
ужываньне вёскі (вяскоўца) у новую для яго стыхію. Вясковец перабіраўся
ў места, а места цягнула свае асфальтавыя рукі да вёскі.
Асфальтавыя аналітыкі кажуць пра тых, хто разважае пра вёску, але
зусім яе няведае. Пысай аб асфальт - пра тых, да каго несправядліва была
ўжытая ўладная сіла. У Беларусі гэты выраз ужываецца як у простым, так
і ва ўскосным значэньнях. Асфальтавая хвароба - слэнгавая назва сінякоў
і зьбітасьцяў, атрыманых пры падзеньні ў нецьвярозым стане.
Некалі змежныя госьці былі ў захапленьні ад беларускіх асфальтавых
трасаў. Цяпер стан асфальтавых дарог у Беларусі няспынна пагаршаецца.
Калі працэс не спыніць, то ў 21 стагодзьдзе мы можам уехаць на гужавым
транспарце. Зрэшты, гэта ня тычыцца тых месцаў, якія наведвае высокае
начальства.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1