Гістарычна, рэгулярнае ўзброенае фармаваньне ў Беларусі мае назоў
"войска". Такое слова сустракаем і ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага,
прынятым ў 16-м стагоддзі.
Што ж да слова "армія", дык яно ў 17-м стагоддзі выкарыстоўвалася ў
польскай мове, адтуль перайшло ў расейскую, і толькі потым
прыжылося ў нас. Этымалагічны слоўнік пацьвярджае, што расейскі ўплыў
ў 19-м стагоддзі спрыяў замацаваньню гэтага слова ў беларускай мове. Але
ці ня больш спрыялі гэтаму палітычныя рэаліі 20-га стагоддзя.
Чырвоная армія разам з атрадамі ЧК жорстка здушыла антыбальшавіцкае
паўстаньне пачатку 20-гадоў, якое прысягнула на вернасьць Радзе БНР
і увайшло ў гісторыю як Слуцкі Збройны чын. З таго часу ў Беларусі
пачаўся штогадовы набор -- ці, як яго называлі, прызыў -- у Чырвоную, а
потым Савецкую армію.
Савецкая Армія стварыла аўтаномны асяродак з уласным побытам, звычкамі,
ды нават фальклёрам. Армія лічылася школай жыцьця, прычым ейныя урокі былі
далёкія ад ідэалаў гуманізму. Квітнела "дзедаўшчына" -- зьнявага маладых
салдатаў тымі, хто ўжо адслужыў адзін год.
Аднак сярод навукі, якую падавалі "салагам" "дзяды", была прымаўка,
якая ў адаптаваным для эфіру выглядзе можа гучаць гэтак: "Служы, сынок,
як дзед служыў, а дзед на службу палажыў". Адлыніць ад фіззарадкі,
баявой падрыхтоўкі ці працы ў сталоўцы лічылася ў Савецкай
Арміі верхам адвагі. Але яшчэ большую зайздрасьць выклікалі тыя, каму ўдалося
"закасіць" ад арміі -- гэта значыць, з дапамогаю мэдычнай даведкі
пазьбегнуць прызыву.
Цікава, што ў сучаснай Беларусі слова "армія" ужо згубіла сваё значаньне
як назоў буйнога вайсковага фармаваньня-- замест арміяў ды дывізіяў уведзеныя
карпусы і брыгады. Відаць, спрацавала калгасна-брыгадзірская мэнтальнасьць
Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
Сяргей Навумчык
Самае папулярнае
1