У сьвядомасьці апошніх пакаленьняў беларусаў слова гэтае -- апазыцыя
-- трывала замацавалася побач з такімі выказваньнямі, як "бухарынска-зіноў'еўскі
блёк", "суровы, але справядлівы прысуд працоўнага народа", "як бешаных
сабакаў", "растраляць".
Крамлёўская крывавая бойка паміж колішнімі натхняльнікамі і арганізатарамі
кастрычніцкага перавароту 1917-га году адгукнулася ў Беларусі зьнішчэньнем
ці ня ўсёй эліты, у тым ліку і эліты палітычнай. З адкрытам вальнадумствам
было надоўга скончана. Палітычная лексіка фармавалася Масквой, і вось што
цікава: да тых, хто выступаў супроць "генеральнай лініі" партыі,
ужываліся якія заўгодна тэрміныі -- "антыпартыйная групоўка", "палітычныя
памылкі", "валюнтарызм", нават "шпіянаж" -- але толькі не апазыцыя. Бо
савецкі чалавек не павінен быў нават на хвіліну ўявіць магчымасьць арганізавана
выступіць супроць існуючага парадку. Палітычная эліта трансфармавалася
ў намэнклатуру і ўяўляла адзіны арганізм, які сілкаваўся страхам. Сапраўды,
было неверагодна, каб нехта з партыйных сакратароў выступіў з крытыкай
Машэрава - хоць бы самай дробязнай.
Тым ня менш, грамадзтва не магло жыць па законах казармы бясконца. Створаная
Зянонам Пазьняком у 1990 годзе Апазыцыя БНФ складала толькі дзясятую
частку дэпутацкага корпусу, але дамаглася незалежнасьці Беларусі і аднаўленьня
яе дзяржаўных існстытуцыяў, -- выключны выпадак у практыцы парлямэнтарызму.
Праўда, гісторыя зрабіла яшчэ адно выключэньне: насуперак клясічным канонам,
паводле якіх апазыцыя ўрэшце бярэ ўладу, -- Народны Фронт да ўлады не прыйшоў.
Стаўленьне ж лукашэнкаўскай улады да апазыцыі выявілася, калі
дзевятнаццаць апазыцыйных дэпутатаў былі жорстка зьбітыя ў парлямэнцкай
зале за імкненьне адстаяць беларускую мову, бел-чырвона-беды сьцяг і "Пагоню".
Затое існуе заканамернасьць, дзе Беларусь выключэньнем не з'яўляецца:
чым больш жорсткі рэжым у краіне -- тым меней магчымасьцяў да апазыцыі.
Існуюць краіны, дзе гэтыя магчымасьці абмежаваныя сьценамі вязьніцы, ёсьць
рэжымы, якія загналі апазыцыянераў у магілы, а іншыя дыктатары апускаюць
сваіх апанэнтаў у басэйны з салягнай кіслатой. Ёсьці і зваротныя прыклады:
у Канадзе "ценявы кабінэт" фінансуецца з бюджэту, а ў Вялікабрытаніі
лідар апазыцыі суправаджае каралеву на ўрачыстых цэрымоніях.
Вольнае грамадзтва зацікаўленае ў існаваньні апазыцыі - бо без
яе можна згубіць волю.
Сяргей Навумчык.
Самае папулярнае
1