Слова амністыя паходзіць са старагрэцкай мовы, дзе яно азначала
"дараваньне".
У юрыдычным сэнсе амністыя прымяняецца да нейкіх групаў асуджаных і
абвяшчаецца, як правіла, найвышэйшаю ўладаю - манархам, прэзыдэнтам, парлямэнтам.
Звычайна амністыя прымеркаваная да нейкай падзеі ці да юбілею - у краінах
з манархічным ладам гэта можа быць нараджэньне нашчадка трону альбо ягонае
вясельле. У Злучаных Штатах, да прыкладу - юбілей прыняцьця Канстытуцыі.
У Савецкім Саюзе амністыя гэтаксама абвяшчалася з нагоды юбілеяў - 50-, 60- або
70-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Напярэдадні гэтых сьвятаў родныя
асуджаных уважліва праглядалі газэты - інфармацыя пра амністыю
зьмяшчалася ў самым непрыкметным мейсцы.
Самая масавая амністыя савецкіх часоў зьвязаная зь імем Бэрыі - пасьля
сьмерці Сталіна ён выпусьціў на волю дзясяткі тысячаў крымінальных злачынцаў,
большасьць зь якіх адразу ж вярнулася на свае "маліны". Пры гэтым мільёны
палітычных зьняволеных засталіся паміраць у ГУЛАГу.
У сучасную беларускую гісторыю слова "амністыя" ўвойдзе ў сувязі са
зьняволеньнем Аляксея Шыдлоўскага - пасьля знаходжаньня за кратамі
яго амніставалі за два дні да сканчэньня паўтарагадовага тэрміну. Тым самым
улада пакінула за сабой права на працягу 10 гадоў зноў кінуць яго
за краты.
У Беларусі канца ХХ стагодзьдзя рэпрэсіўны зьмест укладаецца нават у словы, якія атаясамліваюцца з гуманнасьцю.
Сяргей Навумчык
Самае папулярнае
1